Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБСАЛЮ́ТНА ЦВЁРДАЕ ЦЕ́ЛА,
ідэалізаваны аб’ект (цела), адлегласць паміж любымі двума пунктамі якога ўвесь час застаецца пастаяннай; адно з асн. паняццяў механікі. Абсалютна цвёрдым целам можна лічыць сістэму матэрыяльных пунктаў, жорстка звязаных паміж сабой, або кожнае рэальнае цела, памеры і форма якога ў працэсе руху і ўзаемадзеяння з інш. целамі не мяняюцца, г. зн., што дэфармацыя адсутнічае або настолькі малая, што яе можна не ўлічваць. Мадэль абсалютна цвёрдага цела выкарыстоўваецца для тлумачэння ўласцівасцяў эўклідавай прасторы, вызначэння сістэмы адліку і апісання мех. руху рэальных аб’ектаў без уліку дэфармацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАКЕ́ТНАЕ ПА́ЛІВА,
паліва для ракетных рухавікоў рэчыва ці сукупнасць рэчываў, якія выкарыстоўваюцца ў ракетных рухавіках у якасці крыніцы энергіі і рабочага цела для стварэння рухальнай сілы.
Паводле прызначэння і тыпу рухавікоў адрозніваюць вадкае, гелепадобнае, цвёрдае, гібрыднае (двухкампанентнае Р.п., у якім адзін кампанент цвёрды, другі — вадкі). Найб. пашырана Р.п. вадкае і цвёрдае. ВадкаеР.п. бывае адна-. двух- і шматкампанентнае. Двухкампанентнае мае гаручае (вадкі вадарод, газу, дыметылгідразін і інш.) і акісляльнік (вадкія кісларод, фтор, хлор, тэтрааксід дыазоту і інш.). ЦвёрдаеР.п. падзяляюць на балістычнае (гл.Балістыты) і сумесевыя цвёрдыя Р.п. (гл.Порах). ЦвёрдаеР.п., у адрозненне ад вадкага, можа захоўвацца доўгі час (не патрабуецца папярэдняя запраўка рухавіка перад стартам). Выкарыстоўваюць Р.п. ў касм., авіяц., ваен. і інш. галінах тэхнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫШТАЛІ́ЧНЫ СТАН,
устойлівы цвёрды агрэгатны стан рэчыва, структура якога вызначаецца далёкім парадкам размяшчэння атамаў (гл.Далёкі і блізкі парадак). Пераход у менш упарадкаваныя станы (вадкі і газападобны) адбываецца скачком з паглынаннем цеплаты пры пэўных значэннях т-ры і ціску (гл.Плаўленне). Гл. таксама Крышталь, Полімарфізм, Цвёрдае цела.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЧНЫ́ ЧАРВЯ́К,
лічынка жука хрушчака мучнога. Пашыраны ўсюды. Шкоднік прадуктаў размолу зерня (мука, крупы і інш.), вотруб’я, макароны, сухароў, хлеба і інш.
Даўж. да 30 мм. Цела цыліндрычнае, цвёрдае, саламяна-жоўтае. Фаза лічынкі працягваецца 280—600 сут. Разводзяць у якасці корму для пеўчых птушак (салаўі і інш).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ЛЬЦЫЮ КАРБІ́Д,
злучэнне кальцыю з вугляродам, CaC2. Цвёрдае рэчыва, хімічна чысты — бясколерны, tпл2160 °C, шчыльн. 2200 кг/м³. Тэхнічны К.к. мае колер ад светла-бурага да чорнага. Бурна ўзаемадзейнічае з вадой з вылучэннем ацэтылену. Атрымліваюць аднаўленнем нягашанай вапны вугляродам у дугавых пячах. Выкарыстоўваюць для атрымання ацэтылену, цыянаміду кальцыю, аднаўлення шчолачных металаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКТЭРЫЯЎЛО́ЎНІКІ,
прылады для адбору пробаў паветра з мэтаю вызначэння ступені і характару бактэрыял. забруджвання. Адрозніваюць бактэрыяўлоўнікі, прынцып дзеяння якіх заснаваны на прапусканні паветра праз вадкія (вада, пажыўны булён) ці сухія (вата) паглынальнікі, накіраванні струменя паветра на цвёрдае пажыўнае асяроддзе, паглынанні бактэрый дробнымі кроплямі распыленай вадкасці. Забруджванне вызначаюць праз высяванне ўлоўленых бактэрый на пажыўнае асяроддзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАТЦЭЛЮЛО́ЗА,
структурная мадыфікацыя цэлюлозы. Цвёрдае рэчыва белага колеру. У адрозненне ад прыроднай цэлюлозы (з якой яе атрымліваюць) лепш раствараецца ў шчолачах, афарбоўваецца, больш гіграскапічная і рэакцыйназдольная ў водных растворах. З гідратцэлюлозы складаюцца віскознае валакно, медна-аміячныя валокны, вытв-сць якіх уключае стадыю пераводу цэлюлозы ў гідратцэлюлозу (напр., асаджэннем з раствору, мех. разломам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАКО́САВЫ АЛЕ́Й,
раслінны тлусты алей з падсушанай мякаці какосавых арэхаў (копры). Атрымліваюць прасаваннем ці экстрагаваннем арган. растваральнікамі. Цвёрдае рэчыва з жаўтаватым адценнем, шчыльн. 925 кг/м³ (15 °C), т-ра застывання 19—26 °C. Устойлівы да акіслення, невысыхальны алей. Выкарыстоўваюць пераважна ў мылаварэнні, для вырабу касметычных сродкаў і ў вытв-сці маргарыну.