ДЭ́ВЫ, дайва, дзівы,

у іранскай міфалогіі злыя духі. Супрацьпастаўляліся добрым духам ахурам. Д. уяўлялі рагатымі, валасатымі, шматгаловымі веліканамі, якія жылі ў дзікіх, цяжкадаступных мясцінах, у нетрах зямлі, дзе ахоўвалі скарбы (каштоўныя металы і камяні). Многія легендарныя іранскія цары і волаты выступалі як дэваборцы.

т. 6, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРУ́СІ́Я (грэч. gerusia ад gerōn старац, старэйшына),

у Старажытнай Грэцыі савет старэйшын у гарадах-дзяржавах, дзе пераважала арыстакратычнае ўпарадкаванне. Разглядаў важныя дзярж. справы, якія потым абмяркоўваліся нар. сходам. Колькасць членаў герусіі (геронтаў), іх паліт. роля ў розных полісах былі неаднолькавыя. Напр., у Спарце герусія складалася з 30 чал. (28 геронтаў ва ўзросце за 60 гадоў, якія выбіраліся пажыццёва, і 2 цары), была вышэйшым урадавым органам.

т. 5, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІКУ́РГ (Lykurgos),

легендарны старажытнагрэчаскі заканадаўца ў Спарце (9—8 ст. да н.э.). Паводле Плутарха, Л. быў дзядзькам і выхавацелем малалетняга цара. Грэч. аўтары 5—4 ст. да н.э. прыпісваюць яму стварэнне ін-таў спартанскага грамадскага і дзярж. ладу, у т. л. савета старэйшын (герусіі), нар. сходу (апелы) і інш. На ўзор Л. свае рэформы ў 3 ст. да н.э. праводзілі цары Агіс IV і Клеамен III. У Спарце існаваў асобны культ Л.

т. 9, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСІ́МАЎСКАЕ ЦА́РСТВА,

удзельнае княства ў Расіі ў 15—17 ст. Створана каля 1450—56 вял. князем маскоўскім Васілём II Цёмным для тат. ханаў, што перайшлі ў маскоўскае падданства. Займала тэрыторыю ўздоўж р. Ака (цяпер паўн.-ўсх. ч. Разанскай вобл.), населеную мешчарой, мардвой і часткова татарамі. Цэнтр — г. Гарадзец-Мяшчэрскі, перайменаваны ў гонар першага ўладальніка — казанскага царэвіча Касім-Хана — у Касімаў (адсюль назва). «Цары» і «царэвічы» прызначаліся маскоўскім урадам. Страціла ваен.-паліт. значэнне пасля далучэння да Расіі Казанскага ханства (1552) і стала фактычна кіравацца маскоўскімі ваяводамі. Скасавана ў 1681.

т. 8, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗВІН, Вастан Дзвін,

рамесна-гандл. горад, цэнтр транзітнага гандлю Арменіі ў 4—13 ст. (за 35 км на Пд ад Ерэвана). У 330-я г. арм. цары Аршакіды пабудавалі тут крэпасць і перанеслі туды сваю рэзідэнцыю. Пасля падзення Арм. царства ў 428 Дз. стаў рэзідэнцыяй перс. правіцеляў Арменіі. З 640 — цэнтрам араб. эмірата — Армінія. У 1236 разбураны манголамі. Раскопкі Дз. праводзяцца з 1937. У крэпасці адкрыты руіны палацаў, жылыя дамы і ганчарныя майстэрні 10—13 ст. У цэнтры горада — рэшткі сабора (перабудаваны ў 7 ст.), палац каталікоса (5 ст.), будынак вял. караван-сарая і інш.

т. 6, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́НЦАЎ (Павел Дзмітрыевіч) (5.8.1845—?),

рускі гісторык. Стацкі саветнік. З 1873 выкладчык мужчынскай гімназіі ў Сімферопалі, у 1875—98 выкладаў гісторыю і геаграфію ў Віленскім рэальным вучылішчы, у 1898—1906 дырэктар нар. вучылішчаў у Курляндскай губ. У 1890-я г. супрацоўнічаў у «Виленском календаре» і «Виленском вестнике». Працы па гісторыі ВКЛ: «Гісторыя Літоўскай дзяржавы са старажытных часоў» (1889), «Нарыс старажытнай Літвы і Заходняй Расіі» (1891; 2-е выд. 1896). Гал. заслугай бел. князёў лічыў іх барацьбу за праваслаўе. На яго думку, рус. цары выратавалі беларусаў і літоўцаў ад польск. асіміляцыі. Ўхваляў Мураўёва за задушэнне паўстання 1863—64.

Тв.:

Польский мятеж 1863 г. Вильна, 1891 (на вокл. 1892);

Восстание поляков в 1830 и 1831 гг. Вильна, 1896.

Дз.​У.​Караў.

т. 3, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ДЫЯ (грэч. Lydia),

старажытная дзяржава на З М. Азіі ва ўрадлівай даліне р. Герм. Насялялі індаеўрап. плямёны лідыйцаў. Каля 7 ст. да н.э., багатая радовішчамі золата, Л. ўпершыню ў гісторыі пачала чаканку манет; развіваліся ювелірнае, ткацкае, гарбарнае рамёствы. У пач. 1-га тыс. да н.э. ў складзе Фрыгіі. У пач. 7 ст. да н.э. незалежная дзяржава са сталіцай у г. Сарды. Правячая яе дынастыя — Мермнады (цары Гугу, Аліят, Крэз) усталявала сваю ўладу амаль на ўсёй тэр. М. Азіі. У 546 да н.э. Л. заваявана перс. царом Кірам II; у 4 ст. да н.э. ў складзе дзяржавы Аляксандра Македонскага. У 3—2 ст. да н.э. падпарадкавана Селеўкідамі, пазней у складзе Пергамскай дзяржавы. У 133 да н.э. частка рым. правінцыі Азія.

т. 9, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУДРА́ЎЦАЎ (Анатоль Іванавіч) (н. 1.1.1947, в. Усць-Дзёміна Ельнінскага р-на Смаленскай вобл., Расія),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1971). Працаваў у прэсе (у 1972—77 адказны сакратар газ. «Вячэрні Мінск»), з 1977 гал. рэдактар творчага аб’яднання «Летапіс», у 1982—85 на кінастудыі «Беларусьфільм». Друкуецца з 1964. Піша на рус. і бел. мовах. Аўтар зб. публіцыстыкі «Мінск і мінчане» (1973), кніг апавяд. і аповесцей «Бяссонніца» (1990), дарожных нататак «Марскі дзённік сухапутнага чалавека» (1992), п’ес «Іван» (1982), «Іван і Мадонна» (паст. 1985), «Мар’я» (паст. 1986), «Як цары жылі» (паст. 1989), «Суд» (паст. 1990), «Донаці прамазала» (1990) і інш., у якіх тэма нар. памяці, моц нар. маралі, праблемы ўзаемаадносін людзей, добразычлівы гумар і іронія. Аўтар сцэнарыяў маст. і дакумент. фільмаў.

Тв.:

Иван и другие жители деревни Сос: Избранное. Мн., 1996.

т. 8, с. 558

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЯ́РСКАЯ ДУ́МА,

1) у Кіеўскай дзяржаве 10 — 1-й пал. 12 ст. нарада князя з дружынай (князевымі мужамі, думцамі) і інш. набліжанымі асобамі (напр., земскімі баярамі).

2) У перыяд феад. раздробленасці Русі савет знатных васалаў пры князю ў вял. і ўдзельных княствах.

3) У цэнтралізаванай Рускай дзяржаве канца 15 — пач. 18 ст. пастаянны саслоўна-прадстаўнічы орган арыстакратыі пры вял. князю (з 1547 цары). Мела дарадчы характар, абмяркоўвала пытанні ўнутр. і знешняй палітыкі. Складалася з думных чыноў (баяраў, акольнічых, думных дваранаў, думных дзякоў), колькасць якіх мянялася; супрацоўнічала з Разрадным і Пасольскім прыказамі. Скасавана Пятром I у 1711 у сувязі са стварэннем Сената.

Літ.:

Зимин А.А. Формирование боярской аристократии в России во второй половине XV — первой трети XVI в. М., 1988;

Ключевский В. Боярская Дума Древней Руси;

Добрые люди Древней Руси: Репр. изд. М., 1994.

т. 2, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВА́ЛЬЧЫК (Міхаіл Станіслававіч) (н. 12.8.1943, в. Падлясейкі Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. рэжысёр. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1971), стажыраваўся ў Вял. драм. т-ры ў Ленінградзе. Працаваў рэжысёрам у драм. т-рах: Брэсцкім абл. (1971—75), Дзярж. рускім Беларусі (1976—82), гал. рэжысёрам Магілёўскага абл. т-ра драмы і камедыі ў Бабруйску (1982—88). К. характэрна псіхал. распрацоўка сцэн. характараў, імкненне да яркай выразнай формы спектакля. Сярод пастановак: «На бойкім месцы» А.​Астроўскага, «Дама-невідзімка» П.​Кальдэрона (абедзве 1972), «Таблетку пад язык» А.​Макаёнка, «Званіце і прыязджайце» паводле А.​Алексіна (абедзве 1972), «Лазня» У.​Маякоўскага (1974), «Амаральная гісторыя» Э.​Брагінскага і Э.​Разанава (1979), «Апошні тэрмін» паводле В.​Распуціна (1980), «Вішнёвы сад» А.​Чэхава (1981), «Лесвіца ў неба» паводле М.​Слуцкіса (1982), «Злавеснае рэха» А.​Петрашкевіча (1984), «Чалавек і джэнтльмен» Э. дэ Філіпа (1987), «Як цары жылі» А.​Кудраўцава (1988) і інш.

Г.​Р.​Герштэйн.

т. 7, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)