МІШЧАНЧУ́К (Мікалай Іванавіч) (н. 26.10.1939, прыіск Майск Мазанаўскага р-на Амурскай вобл., Расія),

бел. паэт і літ.-знавец. Чл.-кар. Бел. акадэміі адукацыі (1998). Д-р філал. н. (1995). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1962). Настаўнічаў. З 1967 працаваў у Мінскім пед. ун-це, з 1996 у Брэсцкім ун-це. Друкуецца з 1962. Аўтар зб-каў паэзіі «Вернасць» (1979), «Трывожуся за белы свет» (1984), манаграфіі «Ёсць у паэта свой аблог цалінны» (1992), літ.-знаўчых і метадычных даследаванняў «Беларуская літаратура на сучасным этапе» (1978, 2-е выд. 1983), «Літаратура, народжаная Кастрычнікам» (1983), «Беларуская савецкая паэзія 20-х гг.» (1988), «Настаўніку — пра настаўнікаў» (1989), «Як жыць — дык жыць для Беларусі» (1995), «Літаратура беларускага замежжа» (1996), сааўтар кніг «Уводзіны ў літаратуразнаўства» (1978, 2-е выд. 1991), «Гісторыя беларускай літаратуры XX ст.» (т. 2, 1999) і інш.

І.​У.​Саламевіч.

т. 10, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯЦЭНО́З (ад бія... + цэноз),

прыродная або штучна ўтвораная сукупнасць жывёл, раслін, грыбоў і мікраарганізмаў, якія сумесна насяляюць участак сушы або вадаёма, удзельнічаюць у кругавароце рэчываў і аб’яднаныя пэўнымі адносінамі паміж сабой і з абіятычным асяроддзем; састаўная ч. біягеацэнозу. Напр., сукупнасць усіх жывых арганізмаў участка лесу, возера, поля.

Тэрмін «біяцэноз» прапанаваў ням. заолаг і гідрабіёлаг К.​Мёбіус (1877). Ён падкрэсліваў узаемасувязь усіх кампанентаў біяцэнозу, іх залежнасць ад адных і тых жа абіятычных фактараў, уласцівых дадзенаму месцажыхарству, і ролю натуральнага адбору ў фарміраванні складу біяцэнозу. Адрозніваюць першасныя біяцэнозы, якія склаліся без удзелу чалавека (цалінны стэп, некрануты лес), і другасныя, што зменены дзейнасцю чалавека (лясы, якія выраслі на месцы знішчаных). Асаблівую катэгорыю складаюць згуртаванні, якія ствараюцца і рэгулююцца чалавекам (гл. Аграбіяцэноз). Паводле сістэматычных адзнак вылучаюць фітацэноз (сукупнасць раслін), зоацэноз (сукупнасць жывёл) і мікробацэноз (сукупнасць мікраарганізмаў); функцыянальна паводле ступеняў экалагічнай піраміды падзяляюць на групы арганізмаў: прадуцэнты, кансументы і рэдуцэнты, аб’яднаныя трафічнымі сувязямі; структурна адрозніваюць гарызонты, слаі, ярусы, полагі, мератопы. Па сезонах года разглядаюць аспекты біяцэнозаў, утвораных больш дробнымі групоўкамі — кансорцыямі, сінузіямі і марфал. часткамі — парцэламі, можа складацца з нешматлікіх (алігацэноз) і шматлікіх (поліцэноз) відаў. Біяцэноз характарызуецца пэўнай біямасай і біялагічнай прадукцыйнасцю. Найб. складаныя біяцэнозы трапічных лясоў. Біяцэнозы ўмеранага пояса, асабліва лясныя, таксама багатыя паводле складу відаў, напр. біяцэнозы дубровы складзены больш як са 100 відаў раслін, некалькіх тысяч відаў жывёл і сотняў грыбоў і мікраарганізмаў, якія даюць у сукупнасці шчыльнасць насельніцтва ў дзесяткі і сотні тысяч асобін на 1 м². Біяцэнозы вывучае біяцэналогія.

І.​К.​Лапацін.

т. 3, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)