ВУ́СЫ,
1) у чалавека (мужчын) валасы над верхняй губой (другасная палавая прыкмета).
2) У многіх наземных млекакормячых (напр., катоў) — вібрысы на верхняй губе. У бяззубых кітоў (кітовы вус) — рагавыя пласцінкі ў верхняй сківіцы, якія ўтвараюць цадзільны апарат, на рыле — адзіночныя валаскі для дотыку. У некаторых птушак (напр., у вусатых сініц) — шчацінкападобнае пер’е ў вуглах рота, якое выконвае функцыю дотыку.
т. 4, с. 296
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІТО́ВЫ ВУС,
рагавыя пласціны ў верхняй сківіцы бяззубых (вусатых) кітоў. У паласацікаў да 800, у шэрых кітоў да 130 пласцін трохвугольнай формы. Меншы бок пласціны замацаваны ў сківіцы, а большы, расшчэплены на доўгія і тонкія рагавыя трубачкі, накіраваны ў ротавую поласць. Трубачкі пераплятаюцца паміж сабой і ўтвараюць цадзільны апарат («шчотку»), праз які кіт прапускае ваду і адцэджвае жывёл (планктон), што трапілі ў яго пашчу. Выкарыстоўваецца для дробных вырабаў.
А.С.Леанцюк.
т. 8, с. 312
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЧЫ́НЫЯ (Anatidae),
сям. вадаплаўных птушак атр. гусепадобных. 3 падсям., 47 родаў, 146 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Большасць пералётныя птушкі, ёсць нелятаючыя віды. На Беларусі 2 падсям., 34 віды. У Чырв. кнізе МСАП — 12 відаў і 3 падвіды, Беларусі — 8 відаў: гогаль, свіязь, шылахвостка, казарка чырвонаваллёвая (гл. Казаркі), крахалі вялікі і даўгадзюбы, лебедзь-шыпун (гл. Лебедзі), чэрнець белавокая (гл. Чэрнеці).
Даўж. 29—150 см, маса 0,2—13 кг. Дзюба шырокая, краі наддзюб’я і паддзюб’я ўтвараюць цадзільны апарат. Шыя доўгая, цела пранікападобнае, апярэнне шчыльнае, густое, з пухам. Ліняюць 2 разы на год. Крылы доўгія, завостраныя, хвост кароткі. Маюць 4 пальцы, 3 пярэднія злучаны плавальнай перапонкай. Многія К. добра ныраюць, здабываюць раслінны і жывёльны корм у вадзе ці на дне вадаёмаў. Характэрны палавы дымарфізм. Манагамы. Гнёзды робяць на зямлі, у расколінах скал, дуплах або норах. Нясуць 2—16 яец. Птушаняты вывадковыя. Аб’екты спарт. і прамысл. палявання.
т. 8, с. 197
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)