ГУРЫ́ЙСКАЕ КНЯ́СТВА,

феадальная дзяржава на тэр. Зах. Грузіі (Гурыі) у 14 — пач. 19 ст. Уключала таксама тэр. Аджарыі з г. Батумі. Палітычна незалежная з 16 ст. Унутр. міжусобіцы і барацьба з Турцыяй прывялі Гурыйскае княства да заняпаду, а яго правіцелі сталі васаламі цароў Імерэты. У 18 ст. Аджарыя з Батумі, гарады Кабулеты і Хіна заваяваны туркамі. У 1811 Гурыйскае княства далучана да Рас. імперыі, у складзе яе захоўвала аўтаномію да 1828.

т. 5, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭКАРАТЫ́ЎНА-ПАКАЁВЫЯ САБА́КІ,

пакаёвыя сабакі, група выведзеных парод свойскіх сабак з арыгінальнымі вонкавымі формамі і канстытуцыяй, якіх гадуюць з эстэтычнымі і пазнавальнымі мэтамі. Як дэкар. трымаюць некат. службовых сабак і паляўнічых сабак, якія страцілі сваё першапачатковае прызначэнне. Асабліва папулярныя карлікавыя тэр’еры і пінчэры, балонкі, пудзелі, шпіцы, японскі хін і інш. На Беларусі з Д.-п. с. найб. гадуюць балонак, сенбернара, пекінскага сабаку, французскага бульдога, чау-чау, японскага хіна, некат. шпіцаў, пудзеляў, тэр’ераў, пінчэраў.

Шпіцы (вялікі, карлікавы, вольфшпіц) выш. ў карку 27—50 см; поўсць пушыстая, густая, белая, чорная, шэрая, рыжая. Тэр’еры (скотч- і скайтэр’ер) выш. ў карку 18—26 см; поўсць кароткая або доўгая чорная і карычневая з падпалінамі, шэрая, рыжая і інш.; хвост купіруецца. Пінчэры (сярэдні і карлікавы) выш. ў карку 25—48 см; поўсць кароткая чорная з падпалінамі; купіруюцца хвост і вушы.

Да арт. Дэкаратыўна-пакаёвыя сабакі: 1 — скотчтэр’ер; 2 — пекінес; 3 — карлікавы пінчэр; 4 — карлікавы шпіц.

т. 6, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАФАНТЭ́Н ((La Fontaine) Жан дэ) (8.7.1621, г. Шато-Цьеры, Францыя — 13.4.1695),

французскі пісьменнік; прадстаўнік класіцызму. Чл. Французскай акадэміі (з 1684). Дэбютаваў вольнай перапрацоўкай аднайм. камедыі Тэрэнцыя «Еўнух» (1654). Аўтар драматызаванай эклогі «Клімена» (1658), паэм «Адоніс» (1658), «Сон у Во» (1658—61), «Хіна» (1682), «Філемон і Баўкіда» (1685, паводле «Метамарфоз» Авідзія), рамана з вершаванымі ўстаўкамі «Каханне Псіхеі і Купідона» (1669, паводле навелы з рамана Апулея «Залаты асёл»), зб. «Казкі і вершаваныя апавяданні» (кн. 1—5, 1665—85), «Зборніка хрысціянскіх вершаў» (1671). Гал. твор — напісаныя рытмізаванай прозай «Байкі» (кн. 1—12, 1668—94), у якіх паўстае шырокая карціна франц. рэчаіснасці 17 ст. і адначасова універсальная энцыклапедыя заганаў свету. Яны вызначаюцца драматызмам і лірызмам, лаканічнасцю і выкарыстаннем інтанацый жывой гаворкі.

Тв.:

Рус. пер. — Любовь Психеи и Купидона. М.; Л., 1964;

У кн.: Классическая басня. М., 1981.

Літ.:

Виппер Ю.Б. Лафонтен // История всемирной литературы. М., 1987. Т. 4.

Г.​В.​Сініла.

А.М.Лафантэн.

т. 9, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)