Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ДНЫЯ СПЛА́ВЫ,
сплавы на аснове медзі. Маюць да 50 % легіруючых элементаў: цынк, волава, алюміній, нікель, жалеза, марганец, берылій, крэмній, хром і інш. Вызначаюцца высокімі антыфрыкцыйнымі і антыкаразійнымі ўласцівасцямі, маюць добрыя электра- і цеплаправоднасць, пластычныя і трывалыя. Паводле асн. легіруючых кампанентаў падзяляюць на латунь (медна-цынкавыя сплавы), медна-нікелевыя сплавы і бронзу (М.с., легіраваныя рознымі хім. элементамі, акрамя цынку і нікелю).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУГЛЯРО́ДЗІСТАЯ СТАЛЬ,
сталь, якая мае 0,04—2% вугляроду і інш. прымесныя элементы. Прысутнасць пастаянных прымесей (марганец, крэмній, сера, фосфар, кісларод, азот, вадарод) абумоўлена тэхнал. асаблівасцямі вытв-сці, выпадковых (хром, нікель, медзь і інш.) — наяўнасцю іх у рудзе. У залежнасці ад колькасці вугляроду вугляродзістую сталь падзяляюць на нізка- (0,05—0,25% С), сярэдне- (0,3—0,6% С) і высокавугляродзістую (0,7—1,3% С). Паводле якасці і галін выкарыстання адрозніваюць вугляродзістую сталь звычайнай якасці (агульнага прызначэння), высакаякасную канструкцыйную і інструментальную сталь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕРМЕ́ТЫ,
кераміка-металічныя матэрыялы, штучныя матэрыялы, якія атрымліваюць спяканнем або прасаваннем (спосабамі парашковай металургіі) керамічных і метал. парашкоў. Спалучаюць карысныя ўласцівасці керамікі і металаў.
У якасці керамічнай састаўляючай выкарыстоўваюць тугаплаўкія аксіды (алюмінію, крэмнію, хрому, цырконію), карбіды, барыды, сіліцыды і нітрыды; метал. састаўляючай — нікель, хром, жалеза, кобальт, вальфрам, малібдэн, ніобій, тантал і інш. К. ідуць на выраб дэталей турбін і авіяц. рухавікоў, металарэзнага інструменту, штампаў і інш. дэталей, што працуюць ў агрэсіўных асяроддзях і пры высокіх т-рах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫФЕРАМАГНЕ́ТЫК,
рэчыва, у якім усталяваўся антыферамагнітны парадак магнітных момантаў атамаў ці іонаў. Рэчыва становіцца антыферамагнетыкам ніжэй за пэўную т-ру (TN; гл.Нееля пункт) і застаецца ім звычайна да T=0 К. Да антыферамагнетыкаў адносяцца: цвёрды кісларод (α-мадыфікацыя пры TN<24 К), хром (TN=310 К), шэраг рэдказямельных металаў, многія злучэнні, у састаў якіх уваходзяць пераходныя металы (аксіды, фтарыды, сульфіды, галагеніды, карбанаты і інш.). Антыферамагнетыкі перспектыўныя для выкарыстання ў прыладах запісу і апрацоўкі інфармацыі, стварэння акустычных ліній затрымкі, як магн. элементы ў магнітааптычных запамінальных прыладах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАГЕНЕ́ЗІС МІНЕРА́ЛАЎ,
заканамернае сумеснае размяшчэнне ў зямной кары мінералаў, звязаных агульнымі ўмовамі ўтварэння (магматычны расплаў, гідратэрмальная сістэма, басейн седыментацыі і інш.). Вызначальнымі фактарамі П.м. з’яўляюцца хімізм асяроддзя, гісторыя яго геал. развіцця і тэрмадынамічныя ўмовы мінералаўтварэння. Вылучаюць тыповы П.м. (напр., сумеснае размяшчэнне мускавіту, турмаліну, берылу ў гранітных пегматытах) і нетыповы (алівін і кварц у вывергнутых пародах). З П.м. цесна звязаны парагенезіс элементаў (напр., хром Cr, нікель Ni, плаціна Pt звязаны з асноўнымі горнымі пародамі). Вывучэнне П.м. мае вял. значэнне пры пошуках і ацэнцы радовішчаў карысных выкапняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУТЫ́Л (ад лац. rutilus залаціста-чырвоны),
мінерал класа аксідаў, аксід тытану, TiO2; гал. кампанент тытанавых руд. Ізаморфныя прымесі: хром, ніобій, тантал, ванадый, волава. Крышталізуецца ў тэтраганальнай сінганіі. Утварае зярністыя суцэльныя масы, крышталі прызматычныя, слупкаватыя да ігольчастых, зросткі з магнетытам, гематытам, ільменітам, урастанні ігольчастыя і воласападобныя ў кварцы («стрэлы Амура», «валасы Венеры»), гранаце; па крышталаграфічных напрамках урастанні ў сапфіры, рубіне, шпінэлі і інш. абумоўліваюць астэрызм (эфект мігцення зоркі). Колер чырвона-буры, жаўтаваты, сіняваты, чорны, зялёны. Цв. 6,5. Шчыльн. 4,2 г/см³. Крохкі. Радовішчы вядомы ў кварцытах, гнейсах, метамарфічных сланцах. Намнажаецца ў россыпах. Выкарыстоўваецца ў электроднай і лакафарбавай прам-сці, сыравіна на ніобій і тантал. Найб. радовішчы ў Аўстраліі (90% сусветнай здабычы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБЛЕ́ННЕ,
1) адзін з асн. працэсаў пры вырабе скуры і футра. У гарбарнай прамысловасці — для надання паўфабрыкату скуры з дапамогай дубільных рэчываў пластычнасці, трываласці, устойлівасці да зносу і інш.; пры вырабе футра — для замацавання стану скур пасля пікелявання. Пры Д. ўтвараюцца хім. сувязі паміж бялком (калагенам) дэрмы або валасоў і малекуламі дубільнага рэчыва. У выніку адбываюцца неабарачальныя змены якасцей дэрмы або валасоў. Д. садзейнічае павышэнню тэмпературы зварвання паўфабрыкату, памяншэнню ўсадкі аб’ёму пры высушванні, набракання ў вадзе, павелічэнню порыстасці пасля сушкі, трываласці скуры на разрыў у набраклым стане і ўстойлівасці да ўздзеяння ферментаў і розных гідралізуючых агентаў. Д. паляпшае якасць валасоў (пругкасць, змочвальнасць і інш.).
2) У фатаграфіі — хім. апрацоўка святлоадчувальных жэлацінавых слаёў фотаматэрыялаў з мэтай павелічэння іх мех. трываласці, тэрмаўстойлівасці і памяншэння ступені іх набракання ў вадзе і водных растворах. Для гэтага ў эмульсію дадаюць неарганічныя (хрома- ці алюмакаліевыя галыны, воцатнакіслы хром) і арган. (фармалін, гліаксаль і інш.) рэчывы.