Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУХАРЭ́НКА (Юрый Уладзіміравіч) (2.4.1919, в. Чапля Ляцічаўскага р-на Хмяльніцкай вобл., Украіна — 6.1.1980),
археолаг. Д-р гіст. н. (1966). Скончыў Хабараўскі пед. ін-т (1943). З 1951 у Ін-це археалогіі АН СССР. Даследаваў археал. помнікі Палесся, Верхняга і Сярэдняга Падняпроўя ад неаліту да сярэдневякоўя (на Беларусі Атвержычы, Вароніна, Велямічы, Дубай, Рамель, Рубель, Хотамель, Чаплін і інш.). Даў найб. поўную характарыстыку зарубінецкай культуры, паклаў пачатак сістэматызацыі паморскіх старажытнасцей у Беларусі, прасачыў пранікненне плямён вельбарскай культуры на тэр. Усх. Еўропы.
Тв.:
Памятники железного века на территории Полесья. М., 1961;
Средневековые памятники Полесья. М., 1961;
Зарубинецкая культура. М., 1964;
Могильник Брест—Тришин. М., 1980.
В.С.Вяргей.
т. 9, с. 63
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́НЦЫР (ням. Panzer ад стараж,франц. pancier ад лац. pantex жывот),
засцерагальны даспех стараж. і сярэдневяковага воіна для аховы тулава. Выраблялі пераважна з метал. кольцаў ці пласцін таўшч. 0,5—2 мм разнастайнай формы, якія нашывалі на скураны або тканы кафтан. П. называлі таксама кальчугі, выкананыя кальчужнай пляцёнкай, камбінацыяй кальчужнага палатна са стальнымі пласцінамі. П. вынайдзены ў бронзавым веку асірыйцамі, якія рабілі доўгае да шчыкалатак адзенне з кароткімі рукавамі і нашытымі па ўсёй паверхні бронзавымі лускамі. Такімі -П. карысталіся ў стараж. Егіпце, Грэцыі і сярэдневяковай Еўропе. На Беларусі лускаватыя П. вядомы з часоў Кіеўскай Русі і наз. «бронямі». У 11 ст. паявілася лускаватая «браня». У 14 ст. наз. даспехамі, а з 15 ст. — П. Фрагменты П. знойдзены пры раскопках гарадзішча Хотамель, у Гродзенскім замку, у Мінску, Навагрудку, Гомелі, каля Нясвіжа. З удасканаленнем агнястрэльнай зброі П. паступова страцілі сваё значэнне і ў 18 ст. зніклі зусім.
т. 12, с. 54
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́ЖСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура ранняга сярэднявечча (5—7 ст.) на тэр. Еўропы, абмежаванай з У Дняпром, з З Эльбай, з Пд Дунаем, з Пн Прыпяццю. У самаст. культуру вылучана ў 1940-я г. чэшскім археолагам І.Баркоўскім пад назвай «кераміка пражскага тыпу». Помнікі П.к. належалі раннім славянам. Вядома больш за 600 яе паселішчаў і могільнікаў. Прадстаўлена пераважна неўмацаванымі селішчамі, часам гарадзішчамі. У міжрэччы Дняпра і Віслы асн. тыпам жылля была квадратная ў плане паўзямлянка пл. 6—20 м² зрубнай ці слупавой канструкцыі з печчу-каменкай у адным з кутоў. На зах. Валыні паўзямлянкі мелі глінабітныя печы, у Беларускім Палессі — агмені, складзеныя з камянёў, металургічнага шлаку і кавалкаў балотнай руды (Петрыкаў, Кажан-Гарадок, Камень, Востраў), або печы, складзеныя з дробных камянёў і гліны (Струга 1-я, Ліпляны). Пахавальныя помнікі П.к. — грунтавыя могільнікі, часам курганы з абрадам трупаспалення па-за магіламі. Рэчавы матэрыял складаецца з керамікі, вырабаў з металу, шкла, косці і каменю. Адметная рыса культуры — высокія гаршкі з усечана-канічным тулавам, крыху звужаным горлам і кароткаю шыйкай. На тэр. Усх. Еўропы вылучаюць карчакскі варыянт П.к. Наконт генезісу П.к. адзінай думкі няма. Існуюць меркаванні аб значнай ролі ў яе фарміраванні кіеўскай культуры, пшэворскай культуры верхнеднястроўскага варыянта і чарняхоўскай культуры. У Бел. Палессі пахаванні паводле абраду трупаспалення ў грунтавых ямах даследаваліся каля в. Хорск, Снядзін і Хотамель.
В.С.Вяргей.
т. 12, с. 542
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)