хвойнік

т. 17, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗЫ́РСКІ РАЁН На Пд Гомельскай вобл. Утвораны 17.7.1924. Пл. 1,6 тыс. км². Нас. 21,1 тыс. чал. (1998, без г. Мазыр). Сярэдняя шчыльн. 13 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Мазыр. Уключае 93 сельскія населеныя пункты, 10 сельсаветаў: Асавецкі, Барбароўскі, Каменкаўскі, Козенскі, Крынічны, Махнавіцкі, Міхалкаўскі, Прудкоўскі, Скрыгалаўскі, Слабадскі. Раён пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Тэрыторыя раёна размешчана пераважна ў межах Мазырскага Палесся, паўн. ўскраіна — Прыпяцкага Палесся. Паверхня ўзгорыста-раўнінная, 77% яе вышэй за 150 м, найвыш. пункт 221 м на Мазырскай градзе (паміж вёскамі Бабры і Бабраняты). Агульны нахіл з ПнЗ на ПдУ, да даліны р. Прыпяць. Карысныя выкапні: каменная соль, торф, пяскі, гліны і суглінкі, мінер. фарбы, буры вугаль, крыніца мінер. вады. Сярэдняя т-ра студз. -6,4 °C, ліп. 18,8 °C. Ападкаў 600 мм за год. Вегетац. перыяд 197 сут. Найб. рэкі Прыпяць з прытокамі Трэмля, Іпа, Ненач, Мытва; р. Чэрцень (прыток р. Славечна). Лешнеўскае вадасховішча. Пераважаюць глебы дзярнова-падзолістыя (48,2%), поймавыя (алювіяльныя, 22,4%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (18%), тарфяна-балотныя (7,2%). Пад лесам 53,3% тэрыторыі. Лясы пераважна хваёвыя, бярозавыя, дубовыя, чорнаальховыя. Найб. лясістасць на 3 раёна. Пл. балот 14,2 тыс. га, з іх асушана 11,2 тыс. га. Найб. балоты: Майсееўскае, Скалодзінскае, Махнавідкае, Чэрцень. Ландшафтны заказнік рэсп. значэння Мазырскія Яры. Помнікі прыроды мясц. значэння: валуны «Каменныя быкі» каля пас. Крынічны, дубровы ў Асавецкім, Слабадскім, дуброва і хвойнік у Мазырскім лясніцтвах; бат. мікразаказнікі Белая, Стрэльскі-2, Раманавічы, Качуры.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 43,6 тыс. га, з іх асушаных 11,2 тыс. га. На 1.1.1999 у раёне 13 калгасаў, 4 саўгасы, 14 фермерскіх гаспадарак, Мазырская агароднінная ф-ка (в. Каменка) і птушкафабрыка (в. Ляхаўцы), сортавыпрабавальная станцыя і эксперым. база «Крынічная», Палеская с.-г. доследная станцыя Акадэміі агр. навук. Асн. кірункі сельскай гаспадаркі: малочна-мясная жывёлагадоўля, свінагадоўля, птушкагадоўля, вырошчванне збожжа, бульбы, кармавых культур, рапсу, агародніны, насенняводства. Прадпрыемствы горназдабыўной, дрэваапр., буд. матэрыялаў, лёгкай і харч. прам-сці. Па тэр. раёна праходзіць чыг. Калінкавічы—Оўруч. Раённы цэнтр звязаны аўтадарогамі з Калінкавічамі, Оўручам, Нароўляй, Лельчыцамі, Петрыкавам, Ельскам, Хойнікамі. Суднаходства па р. Прыпяць. У раёне 11 сярэдніх, 9 базавых, 5 пач., 3 муз., дзіцячая спарт. школы, 21 дашкольная ўстанова, 34 дамы культуры і клубы, 33 б-кі, 4 бальніцы, паліклініка, амбулаторыя, 25 фельч.-ак. пунктаў. Філіял Бел. дзярж. маст. музея ў в. Гурыны. Арх. помнікі: сядзіба (19 ст.) у в. Барбароў; капліца (часткова разбурана) і абеліск (1897) у памяць аб мітрапаліце Макарыю ў в. Скрыгалаў. Выдаецца газ. «Жыццё Палесся».

Літ.:

Памяць: Гіст.-дак. хроніка Мазыра і Мазырскага р-на. Мн., 1997.

М.А.Капач, Г.С.Смалякоў.

т. 9, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛАДЗЕ́ЧАНСКІ РАЁН На ПнЗ Мінскай вобл. Утвораны 15.1.1940. Пл. 1,4 тыс. км². Нас. 49,2 тыс. чал. (1998, без г. Маладзечна), гарадскога 11,8%. Сярэдняя шчыльн. 35 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Маладзечна. Уключае: г.п. Радашковічы, 278 сельскіх населеных пунктаў, Радашковіцкі пасялковы Савет і 14 сельсаветаў: Аляхновіцкі, Гарадзілаўскі, Гарадоцкі, Граніцкі, Красненскі, Лебедзеўскі, Маркаўскі, Мясоцкі, Палачанскі, Радашковіцкі, Хажоўскі, Хоўхлаўскі, Цюрлёўскі, Чысцінскі.

Большую частку тэр. раёна займаюць Ашмянскае ўзвышша і Мінскае ўзвышша, паўн. ч. ў межах Нарачана-Вілейскай нізіны. Паверхня ўзгорыста-раўнінная, месцамі градавы рэльеф. Агульны нахіл на ПнЗ. Пераважныя выш. 150—300 м, найвыш. пункт 320 м (каля в. Дубрава Аляхновіцкага с/с). Карысныя выкапні: торф, пясчана-жвіровая сумесь, буд. пяскі, гліны, мінер. вада. Сярэдняя т-ра студз. -6,4 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 602 мм за год. Вегетац. перыяд 189 сут. Найб. рэкі: Бярэзіна (бас. р. Нёман), Уша з прытокамі Цна, Гадзея, Тур’я; Рыбчанка, Вілія. Васькаўскае вадасховішча. На У галоўны канал Вілейска-Мінскай воднай сістэмы. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя (57,6%), тарфяна-балотныя (18,1%) і дзярнова-падзолістыя забалочаныя (14,4%). Пад лесам 33% тэрыторыі Лясы хваёвыя, яловыя, бярозавыя, альховыя і інш., ​1/4 з іх — штучныя насаджэнні. Найб. лясістасць на Пн, дзе вылучаецца вял. лясны масіў Ярэўская пушча. Балоты займаюць 18,4 тыс. га. Найб. балотныя масівы Бярэзінскае балота і Масцішча. Заказнікі мясц. значэння: бат. Арніка горная, біял. Бортнік. Помнікі прыроды мясц. значэння: хвойнік з возерам у Красненскім лясніцтве каля в. Раёўка, хвоя веймутава і звычайная ў Маладзечанскім лясніцтве; паркі — Беразінскае, Маліноўшчына (з алеяй хвоі веймутавай), Якімоўшчына.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 75,6 тыс. га, з іх асушаных 16,7 тыс. га. На 1.1.1999 у раёне 18 калгасаў, 39 фермерскіх гаспадарак, зверагаспадарка, Маладзечанская птушкафабрыка, адкрытае акц. т-ва «Маладзечанская аграхімія», рыбгас «Ізабеліна». Асн. кірункі сельскай гаспадаркі: мяса-малочная жывёлагадоўля, развітая збожжавая гаспадарка, бульбаводства, ільнаводства. Вырошчваюць кармавыя культуры, агародніну. Прадпрыемствы лёгкай, харч., буд. матэрыялаў, паліўнай, першаснай апрацоўкі лёну і цэлюлозна-папяровай прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі Мінск—Вільнюс, Ліда—Полацк, аўтадарогі Мінск—Вільнюс, Маладзечна—Вілейка—Мядзел, Маладзечна—Валожын. У раёне 17 сярэдніх, 14 базавых, 6 пач., 6 муз., маст. школы, 2 ПТВ, дом дзіцячай творчасці, дзіцяча-юнацкі клуб фіз. падрыхтоўкі, 28 дашкольных устаноў, 31 дом культуры, 6 клубаў, 43 б-кі, 7 бальніц, 2 паліклінікі, 9 амбулаторый, 27 фельч.-ак. пунктаў, санаторый «Сасновы Бор». Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка» з філіялам літ. музея Я.Купалы ў в. Вязынка, філіял літ. музея М.Багдановіча ў в. Ракуцёўшчына, літ.-краязнаўчыя музеі ў в. Гарадок і в. Плябань. Арх. помнікі: Троіцкі касцёл і брама (1701—04) і царква (1886) у в. Беніца; Феадосьеўская царква (1866) у в. Гарадзілава; вадзяны млын (канец 19 — пач. 20 ст.) і царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Гарадок; Петрапаўлаўская царква (1871) у в. Груздава; касцёл (1912) і Пакроўская царква (1889) у в. Краснае; капліца (пач. 20 ст.) і Крыжаўзвіжанская царква (1869) у в. Лебедзева; сядзіба (2-я пал.19 ст.) у в. Маліноўшчына; царква (1860) у в. Маркава; сядзібны дом (пач. 20 ст.) у в. Мясата; касцёл Роха (канец 18 ст.) і царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Палачаны; касцёл (пач. 20 ст.) у в. Плябань; капліца (1935) у в. Раёўка; капліца і касцёл Дзевы Марыі (2-я пал. 18 ст.) у в. Хоўхлава; сядзіба (канец 19 ст.) у в. Яхімоўшчына. Выдаецца «Маладзечанская газета».

Г.С.Смалякоў.

т. 9, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)