рыба атрада аміяпадобных. Адзіны сучасны рэліктавы прадстаўнік атрада Amiiformes. Жыве ў неглыбокіх стаячых забалочаных вадаёмах Паўн. Амерыкі на Пд ад Вялікіх азёр.
Даўж. да 90 см. Цела акруглае, рыла кароткае. Восевы шкілет акасцянелы, на галаве скурныя косці (адзнака прымітыўных рыб). Луска цыклоідная; спінны плаўнік доўгі, хваставы — сіметрычны, круглаваты. Можа дыхаць атм. паветрам. Драпежнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́СЕВЫ ШКІЛЕ́Т,
аддзел унутр.шкілета пазваночных. Прадстаўлены хордай, пазванкамі і рэбрамі. У кругларотых (міногі, міксіны) і некат. рыб хорда захоўваецца пажыццёва, у большасці пазваночных яна ў працэсе антагенезу выціскаецца целамі пазванкоў. У рыб восевы шкілет прадстаўлены храстковым або касцявым пазваночнікам, што раздзелены на тулаўны і хваставы аддзелы; у наземных пазваночных ён мае шыйны, грудны, паяснічны, крыжавы, рухомы хвастцовы аддзелы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНЦЭ́ТНІКІ (Amphioxus),
род марскіх жывёл падтыпу бесчарапных тыпу хордавых. Апісаны П.С.Паласам (1774). 7 відаў. Пашыраны ўсюды ў цёплых і ўмераных водах. Жывуць на пясчаным грунце на глыб. да 30 м і больш.
Даўж. да 8 см. Цела паўпразрыстае, ружаватага колеру. Спінны плаўнік пераходзіць у хваставы, які мае форму ланцэта (адсюль назва). Шкілет прадстаўлены хордай. Сэрца адсутнічае. Дыханне шчэлепнае. Кормяцца планктонам. Раздзельнаполыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЎБЁЖНЫ СТАНО́К.
1) металарэзны станок стругальнага тыпу з верт. зваротна-паступальным рухам даўбёжнага разца (даўбяка). Прызначаны для апрацоўкі цяжкадаступных вонкавых і ўнутр. паверхняў, пазоў і канавак (у т.л. нескразных) любога профілю.
2) Дрэваапрацоўчы станок для выбірання прамавугольных і авальных пазоў і адтулін з дапамогай фрэзерных ланцужкоў, полых долатаў або плоскіх разцоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯТУ́ЧЫЯ РЫ́БЫ (Exocoetidae),
сямейства рыб атр. сарганападобных. 7 родаў, больш за 60 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных і субтрапічных водах Атлантычнага, Індыйскага і Ціхага акіянаў. Трымаюцца чародамі.
Даўж. да 50 см. Грудныя плаўнікі размешчаны высока, доўгія і шырокія, прыстасаваны да планіруючага палёту над вадой (сродак ратавання ад драпежнікаў). Пралятаюць у паветры да 400 м на выш. да 10 м. Орган РУХУ — хваставы плаўнік. Планктафагі. Аб’ект промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗВАНО́ЧНІК, пазваночны слуп,
асноўная частка восевага шкілета пазваночных жывёл і чалавека. Складаецца са злучаных паміж сабой пазванкоў, з’яўляецца органам апоры і руху тулава, шыі і галавы, ахоўвае размешчаны ў пазваночным канале спінны мозг.
Зыходная форма — хорда ў ніжэйшых пазваночных; у вышэйшых пазваночных захоўваецца ў целах пазванкоў (рыбы, земнаводныя) ці ў выглядзе студзяністага ядра міжпазванковых дыскаў. П. рыб падзяляецца на тулаўны і хваставы аддзелы, П. амфібій — на шыйны, грудны і крыжавы, млекакормячых — на шыйны (6—9, часцей 7 пазванкоў), грудны (9—24, часцей 13), паяснічны (2—9), крыжавы (1—10, часцей 2—4) і хваставы (3—46). П. чалавека мае 32—34 пазванкі, якія складаюцца з цела, дуг і адросткаў, злучаных паміж сабой храсткамі, суставамі і звязкамі; падзяляецца на 5 аддзелаў: шыйны (7 пазванкоў), грудны (12), паяснічны (5), крыжавы (5, зрастаюцца), хвастцовы (3—5, зрастаюцца). У нованароджанага дзіцяці П. амаль прамы, на 1-м годзе жыцця набывае шыйны і паяснічны лардозы (выгін наперад), грудны і крыжавы кіфозы (выгін назад), скаліёзы (бакавыя выгіны), якія змякчаюць штуршкі ад хады, бегу, скачкоў. Гл. таксама Скрыўленне пазваночніка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОЛАСАГАЛО́ВЫ (Trichocephalus),
род паразітычных гельмінтаў кл. круглых чарвей. 62 віды. Пашыраны ўсюды, у т. л. на Беларусі. Паразітуюць у тоўстым кішэчніку дзікіх і свойскіх жывёл, таксама чалавека. Найб. вядомыя воласагалоў чалавечы (Trichocephalus trichiuris), у дзікай і свойскай жывёлы Trichocephalus ovis, Trichocephalus globulosa, Trichocephalus suis, Trichocephalus vulpis, Trichocephalus nutria.
Даўж. самцоў 20—80 мм, самак 39—90 мм. Галаўны канец воласападобны, хваставы патоўшчаны. Жывёлы і чалавек заражаюцца пры заглынанні інвазійных яец з ежай і вадой. Паразіты глыбока пранікаюць у слізістую абалонку кішэчніка і выклікаюць хваробу — трыхацэфалёз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРСКІ́Я ІГО́ЛКІ,
іголкавыя (Syngnathidae), сямейства рыб атр. колюшкападобных (пучкашчэлепных). Каля 50 родаў, больш за 180 відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах, некат. віды — у прэсных вадаёмах. У Азоўскім, Балтыйскім, Каспійскім, Чорным і Японскім м. трапляюцца 3 роды: марскія канькі, іголкі-рыбы (Syngnathus) і марское шыла (Nerophis).
Даўж. да 60 см. Цела ўкрыта касцянымі кольцамі. Афарбоўка зменлівая. Ёсць спінны плаўнік, у некат. відаў — грудныя і хваставы. Шчэлепы ў выглядзе пучкоў. Кормяцца планктонам, ракападобнымі, маляўкамі рыб. Самка адкладвае ікру ў вывадковую камеру самца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫА́РХІ (Antiarchi),
падклас вымерлых панцырных рыб кл. пласцінаскурых. Вядомы з сярэдняга і позняга дэвону ўсіх мацерыкоў. 2 атрады. Жылі ў прэсных і саленаватых вадаёмах. Тыповыя прадстаўнікі антыархаў — батрыялепісы (Bothriolepis). На Беларусі рэшткі антыархаў выяўлены ў Аршанскай і Прыпяцкай упадзінах у пясчана-гліністых і глініста-карбанатных пародах сярэдняга дэвону.
Даўж. да 1 м. Адрозніваюцца ад прадстаўнікоў падкл. артрадыраў размяшчэннем пласцінак панцыра. Частка тулава, галавы і грудных плаўнікоў укрыта касцявым панцырам, хваставая — луской. Збліжаныя вочы размяшчаліся ў агульнай арбіце на спінным баку галаўнога панцыра. Сківіцы слабыя, у выглядзе 2 пар тонкіх пласцінак, 1—2 спінныя плаўнікі, хваставы — гетэрацэркальны. Прыродныя бентафагі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫРАЗУ́Б (Rutilus frisii),
рыба сям. карпавых падатр. карпападобных. Пашыраны ў бас. Чорнага і Азоўскага мораў, у Каспійскім м. (пераважна паўд.ч.) жыве падвід выразуба — кутум (Rutilus frisii kutum). Паўпрахадны від. На Беларусі трапляўся ў Дняпры і буйных яго прытоках да 1940-х г.
Даўж. цела да 75 см, маса да 8 кг. Будовай цела падобны на плотку, адрозніваецца большымі памерамі, хваставым плаўніком, дробнай луской. Спіна цёмная з зеленаватым адценнем, бакі светла-серабрыстыя, бруха белае. Спінны і хваставы плаўнікі цёмныя, астатнія шараватыя. Пасля нерасту ў рэках вяртаецца ў мора, маляўкі жывуць у рацэ да восені. Моладзь корміцца лічынкамі насякомых, ракападобнымі, дарослыя — пераважна малюскамі. Прамысл. від.