вобласць у цэнтры трапічнага цыклону папярочнікам 20—30 км (часам да 60 км), з ясным небам і слабымі вятрамі (нярэдка поўны штыль). Акружана магутнай воблачнасцю, з якой звязаны ліўневыя ападкі, навальніцы, штармавыя вятры і моцнае хваляванне на моры. Утвараецца пры апусканні паветра, што суправаджаецца яго ўшчыльненнем, награваннем і высушваннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕПРЫТО́МНАСЦЬ,
раптоўная. кароткачасовая страта прытомнасці з парушэннем (аслабленнем) сардэчнай дзейнасці і дыхання ў выніку недастатковага кровазабеспячэння галаўнога мозга. Бывае пры болевым шоку, псіхічных уздзеяннях (напр., хваляванне, страх), цеплавым або сонечным ударах, хваробах галаўнога мозга, сардэчна-сасудзістай сістэмы, органаў брушной поласці. чэрапна-мазгавых траўмах і інш. Прыкметы: страта прытомнасці, бледная скура, халодны пот. паверхневае дыханне. Першая дапамога: хворага кладуць з нізка апушчанай галавой, вызваляюць ад цеснага адзення, забяспечваюць чыстым паветрам, даюць нюхаць нашатырны спірт, тэрмінова выклікаюць хуткую дапамогу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЮ́ЦЫІ (лац. polluo, pollutio пэцканне, забрудненне),
міжвольнае семявывяржэнне, не звязанае з палавым актам. Бывае ў начны і дзённы час. Начныя П. — нармальная фізіял. з’ява, у падлеткаў сведчаць пра дасягненне імі пэўнага этапу палавога выспявання. У дарослых мужчын бываюць пры палавым устрыманні. Дзённыя П. падзяляюцца на адэкватныя і неадэкватныя. Адэкватныя бываюць пад уздзеяннем сексуальна-эратычнага ўзбуджэння (напр., ласкі, пацалункі), неадэкватныя ўзнікаюць пад уплывам несексуальных раздражняльнікаў станоўчага і адмоўнага характару (весялосць, хваляванне, страх і інш.). Дзённыя неадэкватныя П. патрабуюць спец. лячэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАЙФУ́Н (англ. typhoon ад кіт. тай фын — вялікі вецер),
назва трапічных цыклонаў штармавой і ўраганнай сілы (скорасць ветру 30—50 км/гадз, асобныя парывы да 100 км/гадз) у зоне распаўсюджання мусонаў Усх. Азіі. Узнікаюць пераважна летам і восенню над Ціхім ак., на У ад Філіпінскіх а-воў, дасягаюць берагоў Кітая, Японіі, Карэі, уплываюць на надвор’е Д. Усходу Расіі. Дыяметр Т. некалькі соцень кіламетраў. Выклікае моцнае хваляванне мора, часта суправаджаецца ліўнямі, навадненнямі, прыводзіць да разбурэнняў і прычыняе вял. матэрыяльныя страты. За год бывае 20—30 Т., працягласць асобных ад некалькіх дзён да некалькіх тыдняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАПІ́ЧНЫ ЦЫКЛО́Н, трапічны ўраган,
магутны атмасферны віхор у трапічных шыротах. Узнікае паміж 5—20°паўн. і паўд. шырот і рухаецца ў пасатным патоку на З (ПнЗ у Паўн. і ПдЗ у Паўд. паўшар’ях). У параўнанні з цыклонамі ўмераных шырот адрозніваецца меншымі памерамі (да 300—400 км) і значна большымі барычнымі градыентамі, выключна моцнымі вятрамі (да 70 м/с, у парывах больш за 100 м/с). Суправаджаецца катастрафічнымі ліўневымі ападкамі і навальніцамі, выклікае моцнае хваляванне на моры і разбурэнні ў прыбярэжных раёнах. Унутр.ч. Т.ц. называюць вокам буры. Штогод на Зямлі адзначаюць 70—80 Т.ц. Каля берагоў Усх. Азіі наз.тайфунамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФЕ́КТ (ад лац. affectus душэўнае хваляванне, страсць),
моцны кароткачасовы эмацыянальны стан, звязаны з раптоўнай зменай важных для суб’екта жыццёвых абставін. Адрозніваюць фізіял. афект і паталагічны, які ўзнікае ў адказ на цяжкую раптоўную псіхалагічную траўму і праяўляецца кароткачасовым псіхічным расстройствам. Афект суправаджаецца рэзкімі рухамі і зменамі ў функцыях унутр. органаў і праяўляецца моцнымі эмоцыямі — адмоўнымі (гнеў, абурэнне, злосць, жах) або станоўчымі (радасць, захапленне). У аснове афекту — стан унутр. канфлікту чалавека ад супярэчнасці паміж яго ўласнымі схільнасцямі, імкненнямі, жаданнямі і немагчымасцю іх выканання. Крымін. адказнасць за злачынства, учыненае ў стане фізіял. афекту, не выключаецца, але пры пэўных абставінах можа быць змякчана. За злачынства, учыненае ў стане паталаг. афекту, асоба крымін. адказнасці не падлягае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУБАНТАРКТЫ́ЧНЫ ПО́ЯС, субантарктыка,
прыродны геагр. пояс у Паўд. паўшар’і паміж умераным поясам і антарктычным поясам. Ахоплівае акваторыю акіяна і астравы на Пн ад Антарктыды (паміж 58—60° і 65—67°паўд. ш.). Межы вызначаюцца сезоннымі перамяшчэннямі атм. фронту, які раздзяляе паветра антарктычнае і ўмераных шырот. Клімат акіянічны, вільготны, ападкаў каля 500 мм за год (пераважна ў выглядзе снегу), частыя мяцеліцы, штармавыя вятры, туманы. Зімой т-ры паветра ад -5 °C да -15 °C, вады ад -1,5 °C да -2 °C, акіян укрыты плаваючымі ільдамі, айсбергамі. Летам т-ра паветра і вады каля 0 °C. Салёнасць вод 33—34‰. Значнае ветравое хваляванне і зыб (выш. хваляў да 10 м). Воды багатыя гіланктонам, рыбай, трапляюцца кітападобныя. На астравах — лішайнікі, травы, кусты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЛІ́ПАЎ Іван (сапр.Нялепка Язэп Піліпавіч; каля 1879, в. Касцянёўцы ці чыг. ст. Парэчча Гродзенскага р-на — пасля 1920),
бел. пісьменнік, публіцыст. Працаваў тэлеграфістам на чыг. ст. Парэчча, з 1910 у Вільні. З 1909 друкаваўся ў газ. «Наша ніва», пасля ў «Вольнай Беларусі», «Белорусском эхе», бел. календарах і інш. Вершы П. адметныя лірызмам, уменнем перадаць настрой, фарбы роднай прыроды. У апавяданнях «Голас з магілы» (1909), «Казкі і сны» (1914) смутак, туга, унутранае хваляванне. У публіцыст. артыкулах пісаў пра стан родных мясцін, ахопленых вайной. У нарысе «На парозе будучыні» (1915) думкі пра гіст. перспектыву развіцця Беларусі.
Тв.:
У кн. — Беларуская дакастрычніцкая проза. Мн., 1965;
Беларуская дакастрычніцкая паэзія. Мн., 1967.
Літ.:
Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры. Мн., 1992;
Каханоўскі Г.А.Адчыніся, таямніца часу. Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕРАНІ́М ПРА́ЖСКІ (Jeroným Pražsky; каля 1378—30.5.1416),
чэшскі рэліг. рэфарматар, вучоны, прамоўца; паплечнік Я.Гуса. Скончыў Пражскі ун-т (1398). У 1399 быў у Оксфардзе, дзе стаў прыхільнікам ідэй англ. рэфарматара Дж.Уікліфа. У 1405—06 выкладаў ва ун-тах Парыжа, Гайдэльберга, Кёльна.
У 1406 зблізіўся з Гусам. Шмат падарожнічаў, выступаў з пропаведзямі, у якіх выкрываў злоўжыванні каталіцкага духавенства, ням. засілле ў Чэхіі. У 1413 запрошаны ў Кракаў, пазней пры двары вял.кн.літ. Вітаўта ў Вільні, разам з ім наведаў Віцебск і Пскоў з мэтай арганізаваць барацьбу супраць рым. курыі. Паводле пісьма кракаўскага епіскапа Е.П. быў у ВКЛ нядоўга, але выклікаў такое хваляванне ў духавенстве і народзе, якога не ведалі ў гэтых краях. Спадзеючыся выратаваць Гуса, у крас. 1415 прыехаў у Канстанцу на царк. сабор. Асуджаны саборам як ерэтык і спалены.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
К’Е́РКЕГОР, Кіркегор (Kierkegaard) Сёрэн (5.5.1813, Капенгаген — 11.11.1855), дацкі тэолаг, філосаф, пісьменнік. Папярэднік экзістэнцыялізму. Вывучаў філасофію і тэалогію ў Капенгагенскім ун-це. Аўтар прац «Страх і хваляванне» (1843), «Філасофскія крохі» (1844), «Стадыі жыццёвага шляху» (1845), «Хвароба да смерці» (1849) і інш. Сваё бачанне быцця чалавека сфармуляваў як рэалізацыю чалавечай суб’ектыўнасці, у якой асаблівая роля належыць такім паняццям, як «асоба», «свабода», «выбар», «страх», «адчай», «рашучасць» і інш. Існаванне чалавека разглядаў у 3 тыпах экзістэнцыі: эстэт., этычнай і рэліг. З несувымернасці божага і чалавечага свету, веры і розуму выводзіў тэзіс пра бяссэнсавасць іх спалучэння, бо ўсякія спробы такога злучэння непазбежна вядуць да парадоксаў. Творы К. вылучаюцца яскравасцю. Філасофія яго стала папулярнай у 20 ст. З узнікненнем экзістэнцыялізму набыла характар класічнай філас. л-ры ў галіне ірацыяналістычных канцэпцый.