Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКАЯ КАНДЫ́ТАРСКАЯ ФА́БРЫКА «ЧЫРВО́НЫ ХАРЧАВІ́К».
Засн. ў 1870 у г. Бабруйск як дражджавы з-д. З 1931 спецыялізуецца на вырабе пасцілы, павідла, мармеладу. У Вял. Айч. вайну разбурана, адноўлена ў 1944. У 1951 пабудаваны літаграфскі ўчастак, у 1959 — халвічны, у 1973 — мармеладны. У 1987 рэканструявана, пушчаны гал. вытв. і падрыхтоўчы цэхі. З 1994 адкрытае акц. т-ва «Чырвоны харчавік». Асн. прадукцыя (1995): мармелад, зефір, ірыс, дражэ, халва.
т. 2, с. 188
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДЫ́ТАРСКІЯ ВЫ́РАБЫ,
харчовыя прадукты звычайна са значнай колькасцю цукру, прыемным смакам і пахам. Вызначаюцца высокай каларыйнасцю і засваяльнасцю. Падзяляюцца на цукрыстыя (цукеркі, шакалад, зефір, какава-парашок, пасціла-мармеладныя вырабы, халва і інш.) і мучныя (пячэнне, пернікі, тарты, пірожныя, кексы, вафлі, крэкеры, галеты і інш.).
Сыравінай для К.в. з’яўляюцца цукар, патака, мёд, мука, тлушч, малако, масла, арэхі, яйкі, харч. канцэнтраты, садавіна, ягады, жэліруючыя і араматызуючыя рэчывы, прыправы і інш. Сыравіна праходзіць тэрмічную (уварванне, абсмажванне, выпяканне) і мех. (здрабненне, перамешванне, замешванне, качанне, збіванне і інш.) апрацоўку. Выкарыстоўваюцца ўварвальныя вакуум-апараты, памада-збівальныя, мясільныя, катальныя, цукеркаадлівачныя, фармовачныя, загортачныя машыны і аўтаматы, ахаладжальныя і сушыльныя шафы і інш. Многія К.в. вітамінізуюцца; выпускаюцца дыетычныя і лячэбныя гатункі. Напр., у К.в. для хворых на цукр. дыябет цукар замяняюць сарбітам або ксілітам, для хворых анеміяй дадаюць гематаген, у вырабах для дзяцей не выкарыстоўваюць каву, зводзяць да мінімуму какаву. Гл. таксама Кандытарская прамысловасць.
т. 7, с. 581
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)