Фісташка 10/604
- » - сапраўдная 10/604 (іл.)
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСЦІ́КС,
смала масцікавага дрэва роду фісташка. Атрымліваецца падсочкай ствалоў. Мае смаляныя к-ты (каля 42%), інертныя вуглевадароды (каля 50%), эфірныя алеі (2—3%) і інш. Антысептык, аснова, што звязвае лекі ў пілюлях і пластырах. Раствор М. ў шкіпінары выкарыстоўваецца для аховы твораў жывапісу, развядзення маст. алейных фарбаў.
т. 10, с. 202
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЫ́ГА (франц. garique, garrigue, праванс. garriga),
зараснікі нізкарослых, пераважна вечназялёных дрэў і кустоў (кермесавы дуб, карлікавая пальма, дрок, размарын, фісташка і інш.). Пашырана ва ўмовах субтрапічнага міжземнаморскага клімату, асабліва ў раёнах Зах. Міжземнамор’я. Фарміруецца на сухіх камяністых схілах ніжняга пояса гор, звычайна на месцы зведзеных цвердалістых лясоў, дзе часам ператвараецца ў фрыгану. Ад маквісу адрозніваецца меншай вышынёй (2—3 м) і большай разрэджанасцю.
т. 5, с. 75
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКВІ́С, макія (ад франц. maquis гушчар, зараснікі),
згуртаванне ксерафітных вечназялёных цвердалістых ці калючых хмызнякоў і невысокіх дрэў (мірт, масліна, сунічнае дрэва, фісташка, ядловец, ладаннік і інш.) у краінах Міжземнамор’я. Трапляецца па схілах гор да выш. 700 м, месцамі стварае густыя цяжкапраходныя зараснікі. Шмат калючых ліян. Як фрыгана і шыбляк, фарміруецца звычайна на месцах высечаных лясоў. Аналагі М. ў Паўн. Амерыцы — чапараль, у Паўд. Амерыцы — эспіналь, у Аўстраліі — скрэб.
т. 9, с. 531
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭХАПЛО́ДНЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,
дрэвавыя расліны, якія даюць плады пад агульнай назвай арэхі — ядомыя і пажыўныя ядры ў сухой дравяністай абалонцы. Да іх належаць: арэхі (грэцкі, маньчжурскі, пекан і інш.), ляшчына, фундук, міндаль, каштан, бук, дуб, кедравая хвоя сібірская (кедр сібірскі), фісташка, макадамія (аўстралійскі арэх), берталецыя (бразільскі, ці амерыканскі, арэх) і інш. Арэхаплодныя культуры вырошчваюць для атрымання пладоў (ядры арэхаў маюць да 77% тлушчу, да 22% бялкоў) і драўніны (ідзе на сталярныя і такарныя вырабы), як дэкаратыўныя (для зялёнага будаўніцтва). Жалуды дубоў нарыхтоўваюць для вырабу сурагату кавы. Амаль усе арэхаплодныя культуры ў дзікарослым стане растуць на вялікіх плошчах. На Беларусі пашыраны ляшчына звычайная, дубы звычайны і скальны, некаторыя віды арэхаплодных культур інтрадукаваны.
Г.У.Вынаеў.
т. 2, с. 15
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАДО́ВЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,
расліны, якія вырошчваюць для атрымання ядомых пладоў; аб’ект пладаводства. Вядома больш за 200 відаў з 26 сямействаў. Пераважна дрэвы і кусты, таксама травяністыя расліны і ліяны. Падзяляюцца на семечкавыя (яблыня, груша, рабіна, глог, ірга, айва, мушмула), костачкавыя (вішня, чарэшня, сліва, алыча, абрыкос, персік), ягадныя (суніцы, маліны, парэчкі, агрэст), арэхаплодныя (ляшчына, грэцкі арэх, міндаль, фісташка), субтрапічныя пладовыя (лімон, мандарын, грэйпфрут, апельсін, інжыр, гранат, хурма, масліна), трапічныя пладовыя (банан, манга, ананас, папайя).
На Беларусі асн. П.к. — яблыня, сліва, груша, алыча, вішня, маліны і інш. Плады П.к. (садавіну) выкарыстоўваюць у харч, фармакалагічнай і парфумернай прам-сці. Селекцыйная работа па інтэнсіфікацыі пладаводства вядзецца ў БелНДІ пладаводства з 1925; выведзена больш за 150 сартоў, раянаваных на Беларусі і ў інш. краінах.
М.Р.Мялік.
т. 12, с. 400
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)