Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́ТШМІТ ((Gutschmidt) Карл) (н. 12.9.1937, г. Фербелін, Германія),
нямецкі мовазнавец і перакладчык. Д-р філалогіі (1976), праф. (1982). З 1967 выкладае бел. філалогію ў Берлінскім ун-це; заг. аддзялення слав. моў. З 1996 праф. Ін-та славістыкі Дрэздэнскага тэхн. ун-та. Даследуе праблемы бел. фразеалогіі («Стан і праблемы даследавання фразеалогіі ў Беларускай ССР», 1976), запазычанняў («Балтыйскія запазычанні ў беларускай літаратурнай мове», 1974), стылістыкі («Аб развіцці стыляў беларускай прозы», 1983), лексікаграфіі («Дзве новыя працы па беларускай лексікаграфіі», 1969), параўнальнага вывучэння моў («Беларуска-ўкраінскія ізалексы», 1971, «Даследаванні балтыстыкі ў Беларускай ССР», 1978). Аўтар прац па дыяхронным і сінхронным вывучэнні бел. мовы («Стан і значэнне дыяхроннага даследавання ў Беларускай ССР», 1976; «Даследаванне ўсходнеславянскіх моў у дыяхронным і сінхронным аспекце», 1972), гісторыі развіцця і станаўлення бел. мовы («А.Брукнер і беларуская філалогія», 1980; «Мацей Мурко і беларуская філалогія», 1988). Выдаў зб. «Моўная палітыка і літаратурныя мовы ва Усходняй Еўропе ў другой палове 19 — пач. 20 ст.» (1989). Пераклаў на ням. мову творы Ядвігіна Ш., З.Бядулі і інш.
навукова-тэарэтычны часопіс. Выдаецца з 1969 у Мінску ў 4 серыях: 1-я — фізіка, матэматыка, інфарматыка; 2-я — хімія, біялогія, геаграфія; 3-я — гісторыя, філасофія, паліталогія, сацыялогія, эканоміка, права; 4-я — філалогія, журналістыка, педагогіка, псіхалогія. Перыядычнасць серый 3 разы на год. Асвятляе дасягненні бел. вучоных у розных галінах Навук. вынікі іх сумесных даследаванняў з вучонымі інш. краін. Публікуе крытыка-бібліягр. агляды і рэцэнзіі, інфармацыю пра навук. жыццё ф-таў БДУ, навук. канферэнцыі і дыскусіі, абарону канд. і доктарскіх дысертацый і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ЛАХАЎ (Міхаіл Гапеевіч) (н. 22.7.1919, в. Маслакі Горацкага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. мовазнавец. Засл. дз. нав. Беларусі (1971). Д-рфілал.н. (1966), праф. (1967). Скончыў Магілёўскі пед.ін-т (1940). У 1965—90 у БДУ, Мінскім пед. ін-це, адказны рэдактар час. «Веснік БДУ. Сер. 4. Філалогія. Журналістыка. Педагогіка. Псіхалогія». Даследуе праблемы сучаснай бел. мовы, гісторыю бел. мовы і яе ўзаемадзеянне з інш.слав. мовамі. Аўтар манаграфіі «Развіццё беларускай літаратурнай мовы ў XIX—XX стст. ва ўзаемаадносінах з іншымі славянскімі мовамі» (1958), «Прыметнік у беларускай мове» (трохтомнага даследавання 1964), «Гісторыя прыметнікаў беларускай мовы XIV—XVII стагоддзяў. Ч. 2. Сінтаксічны нарыс» (1971), «Гісторыя прыметнікаў беларускай мовы. Ч. 3. Лексікалагічны нарыс» (1973); кн. «Я.Ф.Карскі» (1981), біябібліягр. слоўніка «Усходнеславянскія мовазнаўцы» (т. 1—3, 1976—78) і энцыклапедычнага слоўніка «Слова аб палку Ігаравым» у літаратуры, мастацтве, навуцы» (1989).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РО́ДНАЕ СЛО́ВА»,
навукова-метадычны ілюстраваны часопіс. Выдаецца з 1988 у Мінску на бел. мове штомесячна. Да 1992 наз. «Беларуская мова і літаратура ў школе». Асвятляе пытанні літ., мовазнаўчай і культуралагічнай адукацыі ў сярэдняй школе і ВНУ. Змяшчае матэрыялы па гісторыі нац. культуры, пра сучасны літ. працэс, лінгвіст. праблемы, міжмоўныя сувязі, адметнасць бел. мовы. У раздзелах «Філалогія», «Методыка і вопыт», «На ростанях», «Калі закончыўся ўрок», «Культура Беларусі» і інш. адлюстроўвае шляхі развіцця нац. школы, пед. майстэрства бел. славеснікаў, дасягненні філал. навукі, узаемасувязь л-ры, мовы, выяўл. мастацтва, музыкі, т-ра і кіно, дзейнасць літ. музеяў і інш. Друкуе творчыя партрэты бел. мовазнаўцаў, літаратараў і дзеячаў культуры, архіўныя дакументы, звязаныя з іх дзейнасцю. Адзначае юбілеі дзеячаў культуры, публікуе паэт. і вакальныя творы, рэцэнзіі на філал., культуралагічныя і пед.-метадычныя выданні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́МСКІ (Агафангел Яфімавіч) (15.1.1871, г. Уладзімір-Валынскі, Украіна — 25.1.1942),
украінскі ўсходазнавец, славіст, пісьменнік. Па паходжанні беларус. Акад.АН Украіны (1919). Засл. дз. нав. Украіны (1940). Скончыў Лазараўскі ін-т усходніх моў у Маскве (1892) і Маск. ун-т (1896). У 1898—1918 выкладчык (з 1900 праф.) Лазараўскага ін-та ўсходніх моў, з 1918 праф. Кіеўскага ун-та. Адзін з арганізатараў АН Украіны, з 1918 у ёй працаваў (да 1928 сакратар). У 1921—29 дырэктар Ін-та ўкр.навук. мовы. Навук. працы па гісторыі, л-ры, мовах арабаў, персаў, туркаў і інш. народаў Б. і Сярэдняга Усходу, па гісторыі мусульманства. Даследаваў усх.-слав. мовы, фальклор: «Украінская граматыка» (ч. 1—2, 1907—08), «Пра «быліны». Рускія быліны старога і новага запісаў», «Да этнаграфіі т.зв. Новарасіі» (абедзве 1928). У працах «Філалогія і палодзінская гіпотэза» (1904), «Старажытнакіеўскі говар» (1906), «Пра антрапалагічны склад усходніх славян» (1928) закранаў пытанні паходжання бел. этнасу, яго мовы. Беларусазнаўчы матэрыял — у яго даследаванні «Да этнаграфіі Палесся» (1928). Аўтар зб-каў вершаў «Пальмавыя галіны» (кн. 1—3, 1901—22), прозы «Аповесці і эскізы з украінскага жыцця» (1895), «Бейруцкія апавяданні» (1906) і інш. твораў. Перакладаў з араб., тур., перс., англ., франц., ням. і інш. моў. На бел. мову асобныя творы К. пераклаў М.Багдановіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРАНІ́СТЫКА,
комплекс дысцыплін, звязаных з вывучэннем гісторыі, мовы, філас. і культ. спадчыны народаў Ірана і іранамоўных народаў, а ў найноўшы час — таксама — эканам., сац. і паліт. праблем Ірана і іранамоўных краін. Узнікненне І. ў Зах. Еўропе стымулявалася развіццём гандл. і дыпламат. зносін з Іранам. У 13—14 ст. з’явіліся першыя апісанні падарожжаў у іранамоўныя краіны Дж. дэ Плана Карпіні, Марка Пола і інш., пазней — італьян. падарожніка П. дэла Вале, франц. Ж.Тавернье, ням. А.Алеарыя і інш. У 17 — пач. 18 ст. паявіліся першыя пераклады твораў іранскіх класікаў і гіст. крыніц, слоўнікі, гіст. даследаванні. Як навука І. склалася ў сярэдзіне 19 ст. У Расіі першыя звесткі пра Іран — з часу падарожжа Афанасія Нікіціна (15 ст.), навук. працы па І. — з канца 18 ст. Колькасць іх павялічылася ў 19 ст. ў сувязі з актывізацыяй палітыкі Расіі ў Іране. Найб. значныя працы па І. стварыў В.У.Бартальд, які распрацоўваў сац.-эканам. пытанні. У б.СССР І. інтэнсіўна развівалася ў 1950—80-я г. Даследаваліся праблемы нац. гісторыі і культуры іранамоўных народаў, іх нац.-вызв. барацьба, паліт. і сац. пытанні (З.А.Арабаджан, Б.Г.Гафураў, А.І.Калеснікаў, В.С.Кузняцоў, Н.В.Пігулеўская, В.В.Струвэ і інш.); выдадзены шэраг манаграфій, калект. прац і зборнікаў. У самаст. галіны вылучыліся іранская філалогія (М.С.Андрэеў, І.І.Зарубін, Б.У.Мілер, І.М.Аранскі, А.А.Фрэйман і інш.), літаратуразнаўства і тэксталогія (С.Айні, Я.Э.Бертэльс, А.М.Болдыраў і інш.). Пытанні І. ў сучаснай Расіі распрацоўваюцца ў ін-тах этнаграфіі, філасофіі, сусв. эканомікі і міжнар. зносін, сусв. л-ры і мовазнаўства АН Расіі, Ін-це ўсходазнаўства ў Маскве, у Ін-це краін Азіі і Афрыкі пры Маскоўскім ун-це. Праблемы І. даследуюцца ў навук. установах краін Сярэдняй Азіі і Закаўказзя, вядучых краін Еўропы, Азіі і Амерыкі.