Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІКТЫ́ЎНЫ КАПІТА́Л (ад фікцыя),
капітал, увасоблены ў каштоўных паперах (акцыі, аблігацыі і інш.), якія прыносяць даход іх уладальнікам у выглядзе працэнтаў, дывідэндаў, самастойна абарачаюцца (прадаюцца і купляюцца) на рынку каштоўных папер. Ф.к. не стварае сам па сабе даход, прыбытак, а толькі садзейнічае пераразмеркаванню даходаў. У адрозненне ад рэальнага капіталу не ўяўляе матэрыяльна-рэчавых або духоўных каштоўнасцей, у адрозненне ад пазыковага капіталу не з’яўляецца грашовым. Фарсіраваны рост Ф.к. (дзярж. пазык, дзярж. даўгоў) садзейнічае ўзмацненню інфляцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ КРАЁВАЯ НАРО́ДНАЯ РА́ДА,
фіктыўны прадстаўнічы орган, выбраны на т.зв.Беларускім краёвым з’ездзе (студз. 1919). Інспіравана ўрадам Польшчы, які прэтэндаваў на бел. землі і не хацеў, каб дэлегацыя БНР удзельнічала ў Парыжскай мірнай канферэнцыі. «Прэзідэнт» рады К.Цвірка-Гадыцкі, «член» — А.Янсан. 23.3.1919 яны накіравалі міністру-прэзідэнту Польшчы ліст, у якім прасілі зрабіць адпаведныя крокі «ў кірунку ўстанаўлення супольнага палітычнага жыцця беларускага народа з Польшчай».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ПЕР (ад франц. repére метка, знак, зыходны пункт),
1)у геадэзіі — знак, які замацоўвае пункт зямной паверхні з вядомай абсалютнай вышынёй, вызначанай нівеліраваннем адносна зыходнай узроўневай паверхні. Адрозніваюць фундаментальныя Р. (жалезабетонныя пілоны), якія закладваюць у грунт праз 50—80 км на нівелірных лініях 1-га класа, на найб. адказных лініях 2-га класа і каля найважнейшых марскіх вадамерных установак), і радавыя Р. (грунтавыя — устанаўліваюцца ў зямлі і сценавыя — замацоўваюцца ў сценах або цокалях доўгатэрміновых збудаванняў), што закладваюць праз 5—7 км на нівелірных лініях усіх класаў. На Р. замацоўваецца метал. дыск — марка (дыям. да 5 см) з нумарам і абрэвіятурай ведамства. Гл. таксама Геадэзічныя знакі.
2) Р. у артылерыі — дапаможны пункт прыстрэлкі артыл. гармат з мэтай перанясення агню для паражэння цэлі. Адрозніваюць Р. сапраўдны (прыстрэленая цэль або мясц. прадмет з дакладна выверанымі каардынатамі) і фіктыўны (цэнтр з 4—6 разрываў снарадаў, каардынаты якога вымераны дакладна).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ОП-АРТ (англ. op art скарочанае ад optikal art аптычнае мастацтва),
кірунак абстрактнага мастацтва. Узнік у канцы 1940-х г. у Парыжы ў творчасці групы мастакоў на чале з В.Вазарэлі (сапр. Ванархей) на аснове геам. абстракцыянізму. Блізкі да кінетычнага мастацтва, у адрозненне ад якога стылістычна не выходзіць за межы жывапіснага твора. З 1960-х г. пашырыўся ў зах.-еўрап. і амер. жывапісе, дызайне і рэкламе. У творах О.-а. выкарыстоўваюць аптычныя ілюзіі, заснаваныя на асаблівасцях зрокавага ўспрыняцця, што стварае фіктыўны вобраз, які існуе толькі ў свядомасці гледача (эфекты прасторавага перамяшчэння, зліцця ці бязважкасці форм, ілюзіі руху, паслядоўнай змены вобразаў і няўстойлівай формы і інш.). Гэта дасягаецца ўвядзеннем рэзкіх колеравых і танальных кантрастаў, рытмічных чаргаванняў, перасячэннем спіралепадобных і кратавых канфігурацый, закручаных ліній і інш. Часта выкарыстоўваюцца матэрыялы, якія не ўласцівы жывапісу (метал, шкло, пластык і інш.), але маюць паверхню, што адбівае святло, а таксама ўстаноўкі зменлівага асвятлення, дынамічныя канструкцыі і інш. Сярод прадстаўнікоў: Р.Анушкевіч, К.Крус-Дыес, Л.Пунс, Б.Райлі, Р.Сота і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́НКАЎСКІ КАПІТА́Л,
сканцэнтраваныя ў банкаўскай сістэме рэсурсы, прызначаныя для выканання крэдытна-разліковых і інш. аперацый і атрымання прыбытку. Складаецца з уласнага капіталу банка (статутны, падпісны, аплачаны і рэзервовы) і чужога (найперш з укладаў). Паводле рэчавага складу ён падзяляецца на наяўныя грошы, каштоўныя паперы ў выглядзе гандл. вэксаляў і публічныя каштоўныя паперы (дзярж. аблігацыі, казначэйскія вэксалі, акцыі, іпатэкі). Наяўныя грашовыя сродкі банкі ўкладваюць у банкаўскія будынкі і іх абсталяванне, у зямельныя ўчасткі і г.д., выкарыстоўваюць на выдачу доўгатэрміновых крэдытаў, куплю каштоўных папераў, нерухомасці. Але большая частка банкаўскага капіталу — фіктыўны капітал у форме публічных каштоўных папераў, якія не маюць вартасці і толькі сведчаць аб праве іх уладальніка на атрыманне часткі нац. даходу. Іх можна прадаць на фін. рынку па больш высокай цане (курсе) і атрымаць наяўных грошай больш, чым кошт гэтых папераў. Таму маса банкаўскага капіталу павялічваецца найперш па законах фін. рынку (а не таварнага), што вядзе да адрыву руху банкаўскага капіталу ад руху прамысл. капіталу і да банкруцтва слабых банкаў.
Велічыня банкаўскага капіталу ў сучасны перыяд вымяраецца з дапамогай грашовых агрэгатаў — спецыфічных груповак ліквідных актываў. У мінулым стабільнасць банкаў вызначалася сумай наяўных грошай і чэкавых укладаў, а з пач. 1980-х г. — яшчэ і сумай укладаў на бясчэкавых рахунках і дробных тэрміновых укладаў. Вышэйшая форма канцэнтрацыі і цэнтралізацыі банкаўскага капіталу — транснац. банкаўскі капітал.