Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛЯ́СЫ, балясіны,
невысокія фігурныя слупкі, якія падтрымліваюць поручні агароджы балкона, усходаў, парапета і інш., элемент балюстрады. Вырабляюць з дрэва, бетону, металу. Бываюць плоскія, круглыя ці гранёныя ў сячэнні. Складаюцца з базы, ствала грушападобнай, прызматычнай, вазона- або келіхападобнай формы, нярэдка завяршаюцца плінтам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ КАМБІНА́Т БУДАЎНІ́ЧЫХ МАТЭРЫЯ́ЛАЎ Пабудаваны ў 1933 у Магілёве як цагельны з-д № 8. У 1946 падзелены на цагельныя з-ды № 7 і № 8. З 1950 камбінат буд. матэрыялаў, з 1972 ВА «Магілёўбудматэрыялы», з 1991 сучасная назва. Асн. прадукцыя (1999): цэгла керамічная (для печаў, унутр. перагародак), пліты бетонныя тратуарныя, пліты фігурныя (для зборных пакрыццяў тратуараў і садова-паркавых дарожак), плітка керамічная глазураваная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКАРО́ННЫЯ ВЫ́РАБЫ,
харчовыя вырабы з прэснага, замешанага на вадзе і высушанага да вільготнасці 12,5—13% пшанічнага цеста. Да іх адносяцца макарона, вермішэль, локшына, фігурныя вырабы (ракавінкі, зорачкі) і інш. Вырабляюць з мукі вышэйшых гатункаў, якая багата пратэінамі. Вызначаюцца добрым смакам, высокай пажыўнасцю і каларыйнасцю (1,5 кДж на 100 г М.в.), лёгкасцю прыгатавання; доўга захоўваюцца без страты пажыўных і смакавых якасцей. Гл. таксама Макаронная прамысловасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ПКАў мастацтве,
1) стварэнне скульптуры з мяккіх пластычных матэрыялаў (гліна, воск, пластылін). Існуе як самастойная тэхніка ў дэкар. і арнаментальнай скульптуры, дэкар -прыкладным мастацтве, і як пачатковая стадыя ў працэсе работы скульптара (выкананне эскізаў і мадэлей). Вырабы ствараюцца шляхам ручной фармоўкі з камяка гліны ці інш. матэрыялу або нанясеннем матэрыялу на метал. каркас спец. інструментамі — стэкамі.
2) Рэльефныя выявы (фігурныя, арнаментальныя) на фасадах і ў інтэр’ерах будынкаў, пераважна адлітыя або адпрасаваныя з гіпсу, бетону і інш. матэрыялаў. Пад Л. разумеюць таксама выяўленне аб’ёму, пластычнай формы ў жывапісе і графіцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГО́СТ-ЗАГАРО́ДСКАЯ КЕРА́МІКА,
традыцыйныя ганчарныя вырабы з в. Пагост-Загародскі Пінскага р-на Брэсцкай вобл. Промысел вядомы са старажытнасці, існаваў да канца 1930-х г.Найб. росквіту дасягнуў у канцы 19 — пач. 20 ст. Выраблялі чорнаглянцаваны посуд гасп. прызначэння: глякі (бунькі), збанкі, міскі, гладышы, макатры, гаршкі з вушкамі, формы, кубкі, фігурныя кветнікі. Вырабы вызначаюцца буйнымі лаканічнымі формамі, суцэльна глянцаванай паверхняй, коса зрэзанымі венчыкамі місак і макатроў.
Літ.:
Сахута Я.М. Беларуская народная кераміка. Мн., 1987.
Я.М.Сахута.
Чорнаглянцаваная пагост-загародская кераміка. Брэсцкая вобл.Пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРМА́НАВІЦКІ БЛАГАВЕ́ШЧАНСКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры «віленскага барока». Пабудаваны ў 1787 з цэглы ў в. Германавічы (Шаркаўшчынскі р-н Віцебскай вобл.). Храм падоўжнай сіметрычна-восевай кампазіцыі, якую фарміруюць прамавугольны ў плане неф і паўкруглая апсіда з нізкімі бакавымі сакрысціямі. Гал. фасад фланкіраваны дзвюма 5-яруснымі чацверыковымі вежамі са скразнымі лучковымі і арачнымі праёмамі, круглымі люкарнамі, вуглавымі лапаткамі, увагнутымі гранямі верхніх ярусаў. Асн. плоскасць гал. фасада паміж вежамі завершана шчытом, дэкарыравана пілястрамі. У арх. дэкоры гал. фасада выкарыстаны сандрыкі, рустыка, фігурныя філёнгі, тонкапрафіляваныя карнізы. Прафіляваны антаблемент інтэр’ера дэкарыраваны лепкай, хоры — ляпнымі выявамі муз. інструментаў.
А.М.Кулагін.
Германавіцкі Благавешчанскі касцёл. Галоўны фасад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІ́СЕНСКАЯ КЕРА́МІКА,
ганчарныя вырабы майстроў з г. Дзісна Міёрскага р-на Віцебскай вобл. Промысел вядомы са старажытнасці, у 18 ст. дзейнічаў гаршэчна-мулярскі цэх, куды ўваходзілі і ганчары. Тут выраблялі кухонны, сталовы і тарны посуд, які ў залежнасці ад ёмістасці меў розныя назвы: пецяронка (0,5—0,8 л), чацвяронка (1—1,5 л), траёнка (2—3 л), палавінніца (4—5 л), штука (8—10 л). У канцы 19—1-й пал. 20 ст. посуд выраблялі тачэннем на ганчарным крузе, глазуравалі празрыстай бясколернай, часам зялёнай ці карычневай палівай, аздаблялі выціснутымі прамымі і хвалістымі паяскамі, падпаліўной ангобнай размалёўкай расл. характару. Формы посуду ёмістыя, простых выразных абрысаў. Пашырана была таксама утылітарна-дэкар. кераміка (фігурныя пасудзіны, попельніцы, букетнікі, чарніліцы), дробная пластыка, цацкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСВІ́РСКІ ТРО́ІЦКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР КАРМЕЛІ́ТАЎ,
помнік архітэктуры пач. 18 ст. Пабудаваны ў 1713—14 у в. Засвір (Мядзельскі р-н Мінскай вобл.) у стылі барока. Касцёл — мураваны 1-нефавы храм з 2-вежавым гал. фасадам і паўкруглай алтарнай апсідай, накрыты высокім 2-схільным дахам. Дэкар. аздоба сканцэнтравана на гал. фасадзе: плоскія прамавугольныя і паўцыркульныя нішы, трохвугольны атыкавы франтон і фігурныя завяршэнні вежаў. З Пн да касцёла прылягае мураваны П-падобны ў плане 1-павярховы будынак кляштара, які ўтварае замкнёны ўнутраны двор. У баку ад касцёла стаіць невял. мураваная брама і вежа-званіца. У 1865—1920 касцёл быў перабудаваны пад царкву. У 1994 касцёл і частка кляштара адноўлены.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУЧА́ЙСКІ КАСЦЁЛ ЕЗУІ́ТАЎ,
помнік архітэктуры позняга барока і класіцызму ў в. Лучай Пастаўскага р-на Віцебскай вобл. Пабудаваны ў 1766—76 па фундацыі Т.Агінскага. Часткова перабудаваны ў 1-й пал. 19 ст. (зменена ордэрная пластыка і размаляваны інтэр’ер) Мураваная 2-нефавая 2-вежавая купальная базіліка з паўцыркульнай апсідай і трансептам. Гал. фасад фланкіруюць 3-ярусныя вежы, раскрапаваныя вуглавымі пілястрамі і нішамі, прарэзаныя прамавугольнымі аконнымі праёмамі (часткова замураваны). Пры перабудове вежы былі завершаны цыліндрычнымі аб’ёмамі з купаламі. Гал. фасад, апсіду і трансепт увенчваюць трохвугольныя, лучковыя і фігурныя шчыты. Сцены касцёла раскрапаваны пілястрамі. Па перыметры будынка праходзіць карнізны пояс дарычнага ордэра. Інтэр’ер насычаны арх. пластыкай і размалёўкай у тэхніцы грызайль. Арнаментальным дэкорам запоўнены ўсе плоскасці сцен і перакрыццяў.
С.Г.Багласаў, Г.М.Ярмаленка.
Лучайскі касцёл езуітаў.Інтэр’ер Лучайскага касцёла езуітаў. Фрагмент.