ФУТРО́ЎКА (ад ням. Futter падкладка),

ахоўная ўнутраная абліцоўка (з цэглы, пліт, блокаў, а таксама набіўная і інш.) цеплавых агрэгатаў, печаў, топак, труб, ёмістасцей і г.д. Бывае вогнетрывалая (шамотная, дынасавая, магнезітавая, даламітавая і інш.), хімічна ўстойлівая і цеплаізаляцыйная.

т. 16, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЫРАДУ́ТНЫ ПРАЦЭ́С,

атрыманне цестападобнага жалеза непасрэдна з руды ў сырадутных горнах або невял. пячах шахтавага тыпу. Спосаб узнік у 2-м тыс. да н.э., існаваў да пач. 20 ст.

Напачатку ажыццяўляўся ў ямах, унутр. абліцоўка (футроўка) якіх рабілася з вогнетрывалай гліны, або ў каменных ачагах з натуральнай цягай (ажыццяўлялася адкрытай фурмой знізу). Загружаная зверху жал. руда ператваралася ў крыцу — цвёрдую губчастую масу жалеза, якую для ўшчыльнення (зварвання) пракоўвалі. Пазней сырадутныя горны (гл. Горан) удасканалены выкарыстаннем для футроўкі цэглы ці вогнетрывалага камення і штучнага дуцця з дапамогай меха. У канцы 19 ст. ўдасканалены С.п. ў спец. пячах стаў бесперапынным. Разнавіднасць С.п. — крычнарудны працэс, якім бедныя цяжкаабагачальныя або комплексныя жал. руды перапрацоўваліся ў крыцу ў вярчальных трубчастых пячах.

т. 15, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)