Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́БРА (ад лац. libra вага, адзінка вагі; рымскі фунт),
старажытнарымская вагавая адзінка, раўнялася 327,45 г, падзялялася на 12 унцый. Была пакладзена ў аснову ўсёй рымскай манетнай справы. Выкарыстоўвалася і ў манетнай справе раннесярэдневяковых дзяржаў Еўропы. Пад уплывам Л. ўзніклі еўрап. вагавыя адзінкі — фунт, марка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ТРА (грэч. litra),
1) стараж. сіцылійская адзінка масы (вагі) y 1 фунт (1/240, пазней 1/120 таланта) і манета (прыкладна з 400 да н.э.), якая спачатку білася з медзі, пазней з серабра і золата.
2) Візант.фунт — асн. вагавая адзінка Візант. імперыі, роўная рымскаму фунту — лібры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПТЭ́КАРСКАЯ ВАГА́,
сістэма мер (адзінак) масы для ўзважвання лекаў. Асн. адзінка — аптэкарскі фунт, які падзяляўся на 12 унцый, унцыя — на 8 драхмаў, драхма — на 3 скрупулы, скрупул на 20 гранаў. У 19 і пач. 20 ст. на Беларусі карысталіся аптэкарскай вагой: 1 рус. аптэкарскі фунт = 358,323 г, 1 унцыя = 29,860 г, 1драхма = 3,732 г, 1 скрупул = 1,244 г, 1гран = 62,209 г. У англ. сістэме мер гэтыя адзінкі маюць інш. значэнні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЎР (франц. livre ад лац. libra фунт),
грашова-лікавая адзінка Францыі ў 9—18 ст. Падзяляўся на 20 су, або 240 дэнье. Як рэальная манета выпускаўся ў 1665 пры Людовіку XIV пад назвай «сярэбраны лі» і ў 1720 пры Людовіку XV. Пры Людовіку XVI выпушчаны залатыя манеты ў 24 Л. і сярэбраныя ў 3 і 6 Л. У выніку псавання манет кошт Л. паніжаўся. У 1795 на змену Л. прыйшоў франк.