Функцыянал 1/385; 2/122, 609; 7/82; 10/650, 651

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ФУНКЦЫЯНА́Л у матэматыцы,

адлюстраванне адвольнага мноства на мноства сапраўдных ці камплексных лікаў; абагульненне паняцця функцыі. Калі зададзенае мноства мае структуру вектарнай прасторы, тапалагічнай вектарнай прасторы ці ўпарадкаванага мноства, то адпаведна ўзнікаюць класы лінейных, неперарыўных або манатонных Ф. Паняцце «Ф.» узнікла ў варыяцыйным злічэнні як велічыня, залежная ад адной ці некалькіх функцый, напр., плошча, абмежаваная замкнутай лініяй зададзенай даўжыні, работа сілавога поля ўздоўж зададзенай траекторыі руху. Гл. таксама Функцыянальны аналіз.

т. 16, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІНЕ́ЙНЫ ФУНКЦЫЯНА́Л,

абагульненне паняцця лінейнай формы на лінейныя прасторы Л.ф. f на лінейнай наміраванай прасторы E наз. лікавая функцыя f(x), якая вызначана для ўсіх x з E і мае ўласцівасці неперарыўнасці і лінейнасці. Сукупнасць усіх Л.ф. дадзенай прасторы пераўтвараецца ў лінейную нарміраваную прастору, калі вызначыць натуральным чынам складанне Л.ф. і іх множанне на лікі. Гл. таксама Функцыянальны аналіз.

т. 9, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПЕРА́ТАР (ад лац. operator які дзейнічае), 1) у матэматыцы — адпаведнасць паміж элементамі двух мностваў X і Y (кожнаму элементу x з X адпавядае пэўны элемент y з Y). Раўназначныя паняцці: адлюстраванне, пераўтварэнне, функцыя, функцыянал. Важны клас аператара — лінейныя аператары ў лінейнай алгебры і функцыянальным аналізе. Дыферэнцыяльнымі і інтэгральнымі аператарамі карыстаюцца ў матэм. фізіцы, тэорыі дыферэнцыяльных і інтэгральных ураўненняў і інш. Напр., аператар дыферэнцавання A  f(x) = d f(x) d x ; інтэгральны A  f(x) = ∫ a b K (x, x′) f(x′) d x′ ; зруху A  f(x) = f(x + a) . Да логікавых аператараў адносяцца кан’юнкцыя, дыз’юнкцыя, імплікацыя, адмаўленне, квантары агульнасці і існавання.

2) У вылічальнай тэхніцы — прадпісанне на мове праграмавання закончанага дзеяння ў праграме, напр. прысваенне лікавага значэння пераменнай велічыні, перадача кіравання, выклік падпраграмы, цыкл.

3) У тэхніцы — спецыяліст, які кіруе з пульта абсталяваннем, напр. ЭВМ, радыёлакацыйнай станцыяй.

М.​П.​Савік.

т. 1, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФУ́НКЦЫЯ ў матэматыцы,

адно з асн. паняццяў, якое выражае залежнасць адных пераменных велічынь ад другіх. Тэрмінам «Ф.» пераважна карыстаюцца ў дачыненні да абазначэння лікавых суадносін, у астатніх выпадках — спец. тэрмінамі (адлюстраванне, пераўтварэнне, аператар, функцыянал, вектар-функцыя і інш.).

У найпрасцейшым выпадку, калі велічыні — сапраўдныя лікі, Ф. вызначаецца як адпаведнасць ліку y зададзенаму ліку x, што абазначаецца y = f(x), дзе x — незалежная пераменная (аргумент), y — залежная пераменная (функцыя). Калі кожнаму значэнню аргумента x адпавядае толькі 1 значэнне y, то такая Ф. наз. адназначнай, калі некалькі — мнагазначнай. Аналагічна разглядаецца Ф. 2 ці больш пераменных. Ф. можа быць зададзена аналітычна (з дапамогай 1 ці больш формул), дзе ўстаноўлены выліч. аперацыі над x для атрымання значэння y. Вобласцю вызначэння Ф. лічыцца сукупнасць значэнняў x, для якіх дапушчальнае выкананне аперацый, прыведзеных у формулах. Часам Ф. задаецца на словах, напр., функцыя Дзірыхле роўная 1, калі x — рацыянальны лік, і роўная 0, калі x — ірацыянальны лік. Пашыраны таксама графічны (гл. Графік, Графічныя вылічэнні) і таблічны (гл. Табліцы матэматычныя) спосабы задання Ф. Гл. таксама Адваротная функцыя, Манатонная функцыя, Неперарыўная функцыя, Няяўная функцыя, Перыядычная функцыя, Разрыўныя функцыі, Спецыяльныя функцыі, Элементарныя функцыі.

А.​А.​Гусак.

т. 16, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКАНО́МІКА-МАТЭМАТЫ́ЧНЫЯ МАДЭ́ЛІ,

мадэлі эканам. аб’ектаў, працэсаў, пры апісанні якіх выкарыстоўваецца матэматычнае мадэліраванне.

Гістарычна першая такая мадэль — эканам. табліца Ф.Кенэ з абгрунтаваннем працэсаў стварэння, узнаўлення і пераразмеркавання грамадскага даходу (1758). Першую агульную мадэль эканомікі для знаходжання максімальна магчымага тэмпу эканам. росту і адпаведных гэтаму росту прапорцый і цэн сканструяваў Дж.Нейман (1937). У СССР вопыт Э.-м.м. выкарыстоўваўся для планавання і прагназіравання ўсіх звёнаў і ўзроўняў эканомікі.

Адрозніваюць дэскрыптыўныя і аптымізацыйныя Э.-м.м. Дэскрыптыўныя растлумачваюць пэўныя эканам. з’явы і працэсы, напр., мадэлі эканам. росту, канкурэнтнай эканам. раўнавагі. Да іх адносяць і прагнозныя мадэлі для розных частак эканомікі, якія грунтуюцца на матэм. статыстыцы, у прыватнасці карэляцыйны аналіз. Аптымізацыйныя, аптымальныя мадэлі — сістэмы ўраўненняў, роўнасцей і няроўнасцей, якія акрамя абмежаванняў (умоў) уключаюць і асобага роду ўраўненне (функцыянал, або крытэрый аптымальнасці). З дапамогай такога крытэрыя знаходзяць найлепшае рашэнне па якім-н. паказчыку, напр., мінімум затрат на матэрыялы пры зададзеным аб’ёме прадукцыі, або максімум прадукцыі (ці прыбытку) пры зададзеных абмежаваннях па рэсурсах і г.д. Аптымізацыйныя мадэлі звычайна адносяць да тыпу мадэлей лінейнага праграмавання. Э.-м.м., у якіх апісваецца момантавы стан аб’екта, наз. статыстычнымі, а тыя, што паказваюць развіццё аб’екта — дынамічнымі. Вылучаюць таксама аналітычныя мадэлі (у выглядзе формул функцыянальнай залежнасці розных паказчыкаў), лікавыя (у выглядзе лікавых прыкладаў), матрычныя (у форме табліц), сеткавыя (у форме сеткавых графікаў). Прынята падзяляць Э.-м.м. на 2 групы: мадэлі, якія адлюстроўваюць пераважна вытв. аспекты эканомікі і мадэлі, якія адлюстроўваюць сац. аспекты эканомікі.

Літ.:

Немчиков В.С. Экономико-математические методы и модели. 2 изд. М., 1963;

Канторович Л.В., Горстко А.Б. Оптимальные решения в экономике. М., 1972;

Иванилов Ю.П., Лотов А.В. Математические модели в экономике. М., 1979;

Вилкас Э.И., Майминас Е.З. Решения: теория, информация, моделирования. М., 1981.

М.​І.​Холад.

т. 18, кн. 1, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)