ФУНДАМЕНТАЛІ́ЗМ,

1) кансерватыўны кірунак у пратэстантызме, прадстаўнікі якога патрабуюць прыняцця ў якасці асновы («фундамента») веравучэння ўсяго зместу Свяшчэннага пісання і адмаўляюць любыя спробы яго алегарычнага і рацыяналістычнага вытлумачэння. Узнік у 1910-я г. ў ЗША як рэакцыя на пашырэнне матэрыялізму, неадарвінізму і крытычных адносін людзей да Бібліі; было апублікавана выданне «The fundamentals» («Асновы»; вып. 1—12, 1910—12), якое і дало назву ўсяму руху. Найб. росквіту дасягнуў у 1920-я г., калі па ініцыятыве фундаменталістаў у многіх паўд. штатах ЗША былі прыняты т.зв. «антыэвалюцыйныя законы», якія забаранялі выкладанне вучэння Ч.​Дарвіна. У 1919 на Сусв. біблейскай канферэнцыі ў Філадэльфіі заснавана Сусв. хрысц. фундаменталісцкая асацыяцыя. На Ніягарскіх біблейскіх канферэнцыях, якія рэгулярна праводзяцца ў ЗША, былі выпрацаваны 5 асн. прынцыпаў у якасці базы Ф.: боганатхнёнасць і непагрэшнасць Бібліі; божая прырода Ісуса Хрыста; бязгрэшнае зачацце; збавіцельная ахвяра сына Божага; яго фіз. ўваскрэсенне і будучае другое прышэсце.

2) Ідэалагічная прыхільнасць зыходным ідэям, прынцыпам, каштоўнасцям пэўных вучэнняў, дактрын [напр., ісламскі Ф., язычніцкі Ф., этнічны Ф., экалагічны («зялёны») Ф. і да т.п.]. Узнікае ва ўмовах крызісу якога-н. руху і праяўляецца ў супраціўленні, у т. л. гвалтоўнымі сродкамі, працэсу змен і абнаўлення розных сфер грамадскага жыцця. Напр., прыхільнікі ісламскага Ф. выступаюць за няўхільнае выкананне прадпісанняў Карана і шарыяту і ўвядзенне іх у якасці абавязковых норм сучаснага грамадска-паліт. жыцця (ісламізацыя), выкарыстоўваюць метады тэрору і насілля ў «свяшчэннай вайне» (газават, джыхад) з іншаверцамі за ўмацаванне і пашырэнне мусульманскага ўплыву ў свеце.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 16, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУСВЕ́ТНЫЯ ФЕСТЫВА́ЛІ МО́ЛАДЗІ І СТУДЭ́НТАЎ,

традыцыйныя масавыя міжнар. святы прадстаўнікоў дэмакр. моладзі і студэнтаў, накіраваныя на развіццё дружбы і ўзаемаразумення паміж моладдзю і народамі розных краін, на ўмацаванне міру. Асн. арганізатар — Сусветная федэрацыя дэмакратычнай моладзі. Праграмы фестываляў разнастайныя: сустрэчы дэлегацый, семінары, дыспуты, маніфестацыі, спарт. спаборніцтвы, маст. конкурсы, выстаўкі і інш. У 1947—2001 адбылося 15 фестываляў: у Празе (1947), Будапешце (1949), Берліне (1951), Бухарэсце (1953), Варшаве (1955), Маскве (1957), Вене (1959), Хельсінкі (1962), Сафіі (1968), Берліне (1973), Гаване (1978), Маскве (1985), Пхеньяне (1989), Гаване (1997), Алжыры (2001). Алжырскі фестываль 2001 праходзіў пад лозунгам «За ўсеагульную салідарнасць, мір і дружбу»; абмяркоўваліся найважн. сусв. праблемы (наступ неалібералізму і глабалізму, расавая дыскрымінацыя, рэліг. фундаменталізм, маладзёжнае беспрацоўе і адукацыя і інш.), ставіліся пытанні аб узмацненні антыімперыяліст. барацьбы і міжнар. салідарнасці моладзі. Моладзь Беларусі ўдзельнічала ва ўсіх С.ф.м. і с., акрамя Алжырскага.

М.​Г.​Нікіцін.

т. 15, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)