Франш-Кантэ

т. 16, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКСІМІЛЯ́Н I (Maximilian; 22.3.1459, г. Вінер-Нойштат, Аўстрыя — 12.1.1519),

германскі кароль (з 1486), імператар «Свяшчэннай Рымскай імперыі» [1493—1519], эрцгерцаг Аўстрыі. З дынастыі Габсбургаў. Сын і пераемнік імператара Фрыдрыха III, бацька Філіпа I Прыгожага, дзед Карла V і Фердынанда I. У выніку дынастычнага шлюбу 1477 з Марыяй Бургундскай (дачка Карла Смелага, п. ў 1482) атрымаў ва ўладанне Нідэрланды і Франш-Кантэ. Сапернічаў з франц. каралём Людовікам XI. Заснаваў войска ландскнехтаў. Пацярпеў паражэнне ў т.зв. Швабскай вайне 1499 з швейцарцамі. Дынастычнымі шлюбамі забяспечыў сваім наследнікам ісп., венгерскі і чэш. прастолы. Пачаў фактычнае аб’яднанне аўстр. уладанняў Габсбургаў і цэнтралізацыю іх кіравання, намагаўся зрабіць Германію цэнтрам універсальнай дзяржавы Габсбургаў. Быў прыхільнікам гуманізму, спрыяў мастакам, у т. л. А.Дзюрэру, і вучоным (найперш ням. гуманістам); сучаснікі называлі яго «апошнім рыцарам». Аўтар некалькіх літ.-аўтабіягр. твораў.

Максімілян I. Партрэт работы А.​Дзюрэра. 1519.

т. 9, с. 546

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮДО́ВІК XIV (Louis; 5.9.1638, Сен-Жэрмен-ан-Ле, каля Парыжа — 1.9.1715),

кароль Францыі [1643—1715]. 3 дынастыі Бурбонаў. Сын Людовіка XIII [1610—43] і Ганны Аўстрыйскай (рэгентка ў 1643—51). Да 1661 дзяржавай фактычна правіў кардынал Дж.Мазарыні. У гэты час атрымана перамога над Фрондай, пазбаўлена паліт. значэння арыстакратыя, прыцягнуты да супрацоўніцтва здольныя прадстаўнікі мяшчанства і дробнага дваранства, што прывяло да апагею франц. абсалютызму ў перыяд самаст. праўлення Л. XIV, якому прыпісвалі вядомы выраз «Дзяржава — гэта я». Яго эканам. палітыка (падтрымка гандлю і рамёстваў, засн. мануфактур, упарадкаванне фінансаў) спрыяла і росквіту навукі, культуры, мастацтва (засн. акадэміі надпісаў, навук, музыкі і архітэктуры). Стварэнне моцнай арміі і флоту дазволіла весці шматлікія войны і павялічыць тэр. Францыі (у 1681 далучаны г. Страсбург, у 1678 — прав. Франш-Кантэ). Аднак экспансіянісцкая знешняя палітыка Л. XIV, рэліг. нецярпімасць (жорсткія праследаванні кальвіністаў, адмена ў 1685 Нанцкага эдыкта 1598), канфлікты з папствам прывялі да стварэння ў 1686 антыфранц. каал шыі, т.зв. Аўгсбургскай лігі. Войны з Лігай 1689—97 і няўдалая для Францыі вайна за Іспанскую спадчыну 1701—14 падарвалі эканоміку краіны. У канцы праўлення Л. XIV дзярж. доўг у 16 разоў перавышаў гадавы даход дзяржавы.

Літ.:

Малеттке К. Людовик XIV, 1643—1715 // Французские короли и императоры: Пер. с нем. Ростов н/Д, 1997.

т. 9, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНДЭ́ (Conde),

арыстакратычны род у Францыі ў 16—19 ст.; малодшая галіна дынастыі Бурбонаў. Найб. вядомыя прадстаўнікі:

Луі I (7.5.1530—13.3.1569), першы прынц К. Сын Карла, герцага Вандомскага. Кіраўнік франц. гугенотаў у час першых рэлігійных войнаў. Паранены ў бітве пры Жарнаку (1569), паланёны і забіты паводле загаду прынца Генрыха Анжуйскага.

Генрых I (1552, Фертэ-су-Жуар, каля г. Мо, Францыя — 1588). Сын Луі I. Удзельнік рэліг. войнаў. У час Варфаламееўскай ночы вымушаны перайсці ў каталіцтва, у 1574 вярнуўся ў кальвінізм. Найб. уплывовы (пасля Генрыха Наварскага) лідэр гугенотаў. Атручаны.

Генрых II (1588, Сен-Жанд’Анжэлі, каля г. Сент, Францыя — 1646). Сын Генрыха I. У час рэгенцтва Марыі Медычы змагаўся за ўладу, але пацярпеў паражэнне, 3 гады быў зняволены ў Венсенскім замку. Католік, ваяваў у Паўд. Францыі супраць гугенотаў.

Луі II (8.9.1621, Парыж — 11.12.1686), палкаводзец. У Трыццацігадовую вайну 1618—48 атрымаў перамогі пры Ракруа (1643), Фрэйбургу, Нёрдлінгене (1644—45, разам з А.Цюрэнам), Дзюнкерку (1646) і Лансе (1448), якія паскорылі заключэнне выгаднага для Францыі Вестфальскага міру 1648. У перыяд Фронды камандаваў урадавымі войскамі, якія аблажылі Парыж, потым узначаліў апазіцыю і імкнуўся захапіць уладу. У 1650 зняволены. Пасля вызвалення (1651) узначаліў «Фронду прынцаў». У 1653 уцёк у Нідэрланды, прызначаны галоўнакамандуючым ісп. арміі, на чале якой да 1658 ваяваў у Паўн. Францыі. Разам з сынам А.​Ж.​Д’Ангіенам неаднаразова прэтэндаваў на трон Польшчы і ВКЛ. З 1660 зноў у Францыі. У 1668 заваяваў Франш-Кантэ. У 1672—75 паспяхова кіраваў ваен. аперацыямі ў вайне Францыі з Галандыяй. Празваны сучаснікамі «Вялікім К.».

Луі-Жазеф (9.8.1736, Шантыльі, Францыя — 13.5.1818), адзін з лідэраў франц. эміграцыі. Генерал. Удзельнік Сямігадовай вайны 1756—63, губернатар Бургундыі. Пасля ўзяцця Бастыліі (14.7.1789) пакінуў Францыю, узначаліў контррэв. т. зв. «армію К.» (1792). У 1797—99 на службе ў Расіі. З 1801 у Англіі, у 1814 вярнуўся ў Францыю.

Луі-Анры-Жазеф (1756—1830), сын Луі-Жазефа, апошні прадстаўнік роду. У пач. Французскай рэвалюцыі 1789—99 эмігрыраваў, служыў у «арміі К.», жыў у Англіі. З 1814 у Францыі.

Дз.​М.​Чаркасаў.

т. 7, с. 582

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРГУ́НДЫЯ (Bourgogne),

гістарычная вобласць у Францыі, у бас. р. Сона. Уключае дэпартаменты Кот-д’Ор, Сона і Луара, Эн, часткова Іона. Пл. каля 30 тыс. км². Нас. 1,7 млн. чал. (1990). Гал. горад — Дыжон. Займае паўд.-ўсх. ўскраіну Парыжскага басейна, паўн.-ўсх. адгор’і Цэнтр. масіву (лясістае плато Марван выш. да 902 м), раўніну па р. Сона, зах. схілы гор Юра. Клімат умераны. Рэкі бас. Соны, Луары звязаны каналамі. Славутая вінаробчая вобласць. Асн. індустр. вузел — раён Ле-Крэзо, дзе развіты здабыча каменнага вугалю, чорная металургія, металаапрацоўка, машынабудаванне. Вырошчванне пшаніцы, цукр. буракоў, алейных і кармавых культур. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, птушку. Асн. трансп. вузел — г. Дыжон. Пячоры Арсі-сюр-Кур; рэгіянальны прыродны парк Марван; некалькі курортаў.

У 5 ст. на тэр. рассялення ням. племя бургундаў узнікла каралеўства Бургундыя з цэнтрам у Ліёне. У 534 далучана да Франкскай дзяржавы. У 843 падзелена на 2 каралеўствы: Верхняя (Транс’юранская) і Ніжняя (Цыс’юранская) Бургундыя, якія ў 933 аб’яднаны Рудольфам II у адзінае каралеўства Бургундыя, або Арэлят (цэнтр у Арлі). З 1032 у складзе Свяшчэннай Рым. імперыі. У 14 ст. б.ч. Бургундыі ўвайшла ў склад Франц. каралеўства, паўд.-ўсх. ч. — у склад Швейцарскага саюза. На частцы тэр. каралеўства бургундаў, якая ў 843 адышла да Зах.-франкскага каралеўства, утварылася герцагства Бургундыя са сталіцай у Дыжоне. У 1031—1361 пад уладай пабочнай лініі франц. дынастыі Капетынгаў. У 14—15 ст. бургундскія герцагі пераўтварылі герцагства Бургундыя ў самастойную дзяржаву. Герцаг Філіп Смелы [1364—1404], які заснаваў новую дынастыю бургундскіх герцагаў — Валуа, далучыў да Бургундыі Фландрыю, Артуа і Франш-Кантэ. Яго ўнук Філіп Добры [1419—67] далучыў графствы Булонь, Нідэрланды і Люксембруг. Бургундыя стала моцнай дзяржавай, цэнтрам рыцарскай культуры Зах. Еўропы. Герцаг Карл Смелы [1467—77] імкнуўся далучыць да Бургундыі Латарынгію і Эльзас, але пацярпеў паражэнне ў т.зв. бургундскіх войнах, якія вёў з франц. каралём Людовікам XI. У выніку Бургундская дзяржава распалася. Тэр. Бургундскага герцагства (разам з Пікардыяй) увайшла ў склад Франц. каралеўства і стала правінцыяй Бургундыя з самакіраваннем; у 1790 падзелена на дэпартаменты Сона і Луара, Эн, Кот-д’Ор, Іона. Нідэрл. ўладанні перайшлі да Габсбургаў (канчаткова ў 1482 пасля смерці дачкі Карла Смелага Марыі Бургундскай і спынення бургундскай дынастыі).

Да арт. Бургундыя. Музей прыгожых мастацтваў (былы палац герцагаў Бургундскіх) у Дыжоне. 1682. Арх. Ж. Ардуэн-Мансар.

т. 3, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)