АГРАХІМІЯ
Першыя доследы з угнаеннямі (вывучэнне эфектыўнасці гною, вапны, попелу) праводзіліся на доследным полі, арганізаваным пры Горы-Горацкай земляробчай школе (1840); па выкарыстанні лубіну на зялёнае ўгнаенне — на Беняконскай доследнай станцыі Гродзенскай губ. (В.М.Ластоўскі, 1910); па вывучэнні дзейнасці ўгнаенняў на тарфяных глебах — на Мінскай балотнай станцыі (А.Т.Кірсанаў, 1911).
Планамерныя аграхім. даследаванні пачаліся ў Горы-Горацкім земляробчым ін-це (1919), на Горацкай і Мінскай (з 1920), Турскай і Віцебскай (з 1921) с.-г. доследных станцыях. Тэарэтычныя даследаванні і падрыхтоўка кадраў вяліся на кафедры арганічнай і агранамічнай хіміі Бел. сельскагаспадарчай акадэміі (загадчык у 1921—31 А.К.Кедраў-Зіхман). У 1926 створаны Бел. НДІ сельскай і лясной гаспадаркі, у складзе якога арганізавана Цэнтр. аграхім. лабараторыя. У 1933 заснаваны Ін-т аграглебазнаўства і ўгнаенняў АН Беларусі (з 1937 Ін-т сацыяліст. сельскай гаспадаркі, з 1956 Бел. НДІ земляробства). У 1958 арганізаваны Ін-т глебазнаўства (з 1969 Бел. НДІ глебазнаўства і аграхіміі), які з’яўляецца метадычным цэнтрам па кіраўніцтве Дзярж. аграхім. службай у складзе 6 абласных праектна-пошукавых станцый хімізацыі.
У 1920—33 праводзіліся даследаванні ўплыву вапны на фізічныя і біялагічныя якасці глебы, адносін асобных раслін да глебавай кіслотнасці; ролі магнію ў вапнавых угнаеннях, па ацэнцы розных вапнавых матэрыялаў (М.П.Булгакаў, Р.Т.Вільдфлуш, З.П.Ганчарова, А.К.Кедраў-Зіхман, І.Х.Рызаў, В.І.Шэмпель і інш.). У пач. 1930-х г. Г.І.Пратасенем упершыню складзены карты кіслотнасці і вапнавання кіслых глеб краіны. У 1920—30-я г. праводзіліся масавыя доследы з мінеральнымі ўгнаеннямі ў межах праграмы па хімізацыі сельскай гаспадаркі СССР (У.М.Пілько, І.Р.Уласенка, В.І.Шэмпель і інш.).
У пасляваенны перыяд вывучаліся эфектыўнасць арганічных і мінеральных угнаенняў, сістэм угнаенняў у севазваротах на глебах Беларусі (Я.К.Аляксееў, А.М.Брагін, Т.І.Зянкевіч, В.І.Шэмпель і інш.); праводзіліся даследаванні па акультурванні лёгкіх пясчаных глеб з выкарыстаннем лубіну, торфу і мінеральных угнаенняў (І.П.Астравы, І.Г.Стралкоў, І.А.Юшкевіч); па вывучэнні ўплыву вапнавання і ўгнаенняў на біяхім. працэсы ў раслін, уплыў кальцыю і магнію на азотны абмен у раслін пры розных крыніцах азотнага жыўлення (Р.Т.Вільдфлуш). З дапамогай радыеактыўнага ізатопа фосфару вывучана адсарбцыйная прырода паглынання фасфат-іонаў глебамі (С.Н.Іваноў), баланс азоту ўгнаенняў (М.М.Бязлюдны). Распрацаваны метадычныя ўказанні па абгрунтаванні доз угнаенняў, вывучаны ўзаемасувязі паміж якасцямі глеб, ураджаем культур і эфектыўнасцю ўгнаенняў (І.М.Багдзевіч, Л.П.Дзяткоўская, Т.Н.Кулакоўская, І.С.Лупіновіч). Даследаваны лакальны метад унясення мінеральных угнаенняў (І.Р.Вільдфлуш, Р.Т.Вільдфлуш, Г.І.Гарбылёва, А.А.Калікінскі, Т.П.Персікава і інш.).
У 1980—2000-я г. вывучаўся баланс пажыўных рэчываў у сістэме севазваротаў у земляробстве краіны (Л.П.Дзяткоўская, Т.Н.Кулакоўская, В.В.Лапа, М.І.Туранкоў і інш.), утрыманне і формы азоту, фосфару, калію ў глебах краіны і іх змяненні пад уплывам угнаенняў (І.Р.Вільдфлуш, І.М.Багдзевіч, Т.Н.Кулакоўская, В.В.Лапа, М.М.Семяненка); распрацаваны методыкі дыягностыкі азотнага жыўлення збожжавых культур і бульбы (М.М.Бязлюдны, А.Р.Корзун, М.М.Семяненка); рацыянальныя сістэмы ўгнаення с.-г. культур на аснове аптымізацыі мінеральнага жыўлення, комплекснага выкарыстання ўгнаенняў і рэгулятараў росту, біяпрэпаратаў, удасканальвання асартыменту угнаенняў (І.М.Багдзевіч, І.Р.Вільдфлуш, М.П.Кукраш, С.П.Кукраш, І.А.Кунцэвіч, В.В.Лапа, Г.В.Пірагоўская і інш.); даследаваны праблемы выкарыстання мікраэлементаў у земляробстве (Г.П.Дубікоўскі, В.І.Мацвеева, М.В.Рак) і інш. Вывучаны эфектыўнасць гною, птушынага памёту, зялёнага ўгнаення (Н.Р.Бачыла, К.І.Доўбан, П.П.Ціва, В.А.Цікавы). Распрацоўваюцца мерапрыемствы па ліквідацыі наступстваў радыеактыўнага забруджвання ў сельскай гаспадарцы (У.Ю.Агеец, І.М.Багдзевіч); аграхім. прыёмы зніжэння назапашвання нітратаў і цяжкіх металаў у раслінаводчай прадукцыі (І.Р.Вільдфлуш, С.Я.Галаваты, П.П.Ціва, А.Р.Цыганоў і інш.). Вядуцца распрацоўкі новага кірунку — генетыкі мінеральнага жыўлення, што дазволіць стварыць сарты с.-г. культур, здольныя расці на кіслых глебах, засвойваць цяжкарастваральныя злучэнні фосфару, не назапашваць нітраты і цяжкія металы і інш.
Літ.:
Детковская Л.П., Лимантова Е.М. Влияние удобрений на урожай и качество зерна. Мн., 1987;
Довбан К.И. Зеленое удобрение. М., 1990;
Кулаковская Т.Н. Оптимизация агрохимической системы почвенного питания растений. М., 1990;
Богдевич И.М., Лапа В.В. Влияние удобрений на качество урожая. Мн., 1995;
Семененко Н.Н., Невмержицкий Н.В. Азот в земледелии Беларуси. Мн., 1997;
Вильдфлуш И.Р., Лапа В.В., Цыганов А.Р. Фосфор в почвах и земледелии Беларуси. Мн., 1999;
Пироговская Г.В. Медленно действующие удобрения. Мн., 2000;
Лапа В.В., Босак В.Н. Минеральные удобрения и пути повышения их эффективности. Мн., 2002.
І.Р.Вільдфлуш.
т. 18, кн. 2, с. 582