ФО́СФАР (лац. Phosphorus),
P, хімічны элемент V групы перыяд. сістэмы, ат. н. 15, а.м. 30,9738. У прыродзе 1 стабільны нуклід 31P. У зямной кары 0,105% па масе. Усе мінералы Ф. (каля 200) — фасфаты. Адзін з найважн. біягенных элементаў. Адкрыў у 1669 ням. алхімік Х.Бранд.
Неметал. Найважн. алатропныя мадыфікацыі Ф. (вядома больш за 10) — белы (з-за тэхн. прымесей мае жоўты колер і наз. жоўтым Ф.), чырв. і чорны. Белы Ф. (α-мадыфікацыя) — воскападобнае рэчыва, tпл 44,14 °C, шчыльн. 1828 кг/м³. Свеціцца ў цемры (адсюль назва. ад грэч. phos святло + phoros які нясе). Хімічна вельмі актыўны, самазагараецца ў паветры пры 34—50 °C (захоўваюць пад слоем вады, у якой Ф. не раствараецца, добра раствараецца ў серавугляродзе). Лёгка ўзаемадзейнічае з галагенамі, пры сплаўленні з металамі ўтварае фасфіды. Высокатаксічны (смяротная доза для чалавека 0,05—0,15 г). Чырвоны Ф. — аморфны парашок ад пунсовага да цагельнага колеру, шчыльн. 2000—2400 кг/м³. Не раствараецца ў вадзе і арган. растваральніках, менш таксічны, чым белы. Чорны Ф. па знешнім выглядзе і будове падобны да графіту, шчыльн. 2700 кг/м³. Паўправаднік. Пры награванні пры атм. ціску чырв. і чорны Ф. ўзганяюцца. Найб. значэнне мае белы Ф. Яго атрымліваюць кандэнсацыяй пары (Р4), што ўтвараецца пры аднаўленні фасфарытаў ці апатыту коксам у прысутнасці дыаксіду крэмнію ў эл. печах. Выкарыстоўваюць белы Ф. для атрымання фосфарных кіслот, іх вытворных і чырв. Ф., як раскісляльнік і кампанент некат. метал. сплаваў; чырв. — у вытв-сці запалак, лямпаў напальвання (як газапаглынальнік); Ф. высокай чысціні — для атрымання паўправадніковых фасфідаў. Гл. таксама Фосфарарганічныя злучэнні.
Літ.:
Корбридж Д. Фосфор: Основы химии, биохимии, технологии: Пер. с англ. М., 1982.
А.П.Чарнякова.
т. 16, с. 440
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)