...фон, фона..., фана...

т. 16, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ МУЗЕ́Й ГІСТО́РЫІ І КУЛЬТУ́РЫ БЕЛАРУ́СІ Засн. ў 1908 як Мінскі царкоўна-археалагічны музей, з 1922 Беларускі дзяржаўны музей, з 1957 Бел. дзярж. гісторыка-краязн., з 1964 Дзярж. музей БССР, з 1992 сучасная назва. Пл. экспазіцыі 1415 м², больш за 260 тыс. экспанатаў асн. фонду (2000). Працуюць экспазіцыі: «Старажытная Беларусь», «Старадаўняя геральдыка Беларусі», «З гісторыі зброі», «Беларуская сімволіка», «Гарадскі побыт 19 — пач. 20 ст.». У фондах музея зберагаюцца зборы рукапісаў і старадрукаў 16—17 ст., актаў і грамат 16—19 ст., калекцыі археалогіі, нумізматыкі, этнаграфіі, сфрагістыкі, іканапісу, стараж. зброі, адзення, вайск. вопраткі і рыштунку, мэблі, кафлі, фарфору і шкла, ордэнаў і медалёў, муз. інструментаў, гадзіннікаў, фона- і фотаматэрыялаў, вырабаў майстроў дэкар.-прыкладнога і выяўл. мастацтваў, у т. л. карцін 17—20 ст. Сярод унікальных каштоўнасцей: рэшткі стараж. жытла з чарапоў і касцей мамантаў, залаты бранзалет 12 ст. з Мінскага замчышча, даравальная грамата каралевы Боны Сфорца 1524, слуцкія паясы 2-й пал. 18 ст., фотаальбом сям’і Ф.​Багушэвіча, асабістыя рэчы М.​Багдановіча. Мае б-ку (22 тыс. тамоў), фоталабараторыю, рэстаўрацыйную майстэрню. Выдае каталогі фондавых калекцый, у т. л. старадрукаў, плакатаў першых гадоў сав. улады і перыяду Вял. Айч. вайны, ордэнаў і медалёў, археал. калекцый жал. веку. Філіял: Дом-музей I з’езда РСДРП.

Літ.:

Дзяржаўны музей БССР: [Фотаальбом]. Мн., 1986;

Гужалоўскі А. Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі — у пошуках вытокаў // Бел. гіст. часоп. 1995. №4;

Герасімовіч У. Музеі Мінска: гісторыя і сучаснасць // Каштоўнасці мінуўшчыны: Прабл. зберажэння гіст.-культ. спадчыны Мінска. Мн., 1998.

З.​В.​Шыбека.

т. 11, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ КАРБЮЗЬЕ́, Карбюзье

[Le Corbusier Corbusier; сапр. Жанерэ-Гры (Jeanneret-Gris) Шарль Эдуар; 6.10.1887, г. Ла-Шо-дэ-Фон, Швейцарыя — 27.8.1965],

французскі архітэктар, тэарэтык архітэктуры, жывапісец, дызайнер; адзін са стваральнікаў сучасных кірункаў у архітэктуры (рацыяналізму, функцыяналізму). Вучыўся ў Школе мастацтваў Ла-Шо-дэ-Фона; вучыўся і працаваў у арх. І.​Гофмана ў Вене (1907), А.​Перэ ў Парыжы (1908—10) і П.​Берэнса ў Берліне (1910—11). З 1917 жыў у Парыжы. Распрацаваў з А.​Азанфанам у жывапісе канцэпцыю пурызму. У 1922 заснаваў арх. майстэрню і да 1940 працаваў разам з братам П.​Жанерэ. Выступаў за абнаўленне архітэктуры, вызваленне пабудоў ад эклектычных упрыгожанняў, стварэнне функцыян. структуры пабудовы і яе архітэктанічнай выразнасці, падкрэсліваў вял. магчымасці архітэктуры ў пераўтварэнні грамадства (кнігі «Да архітэктуры», 1923; «Горадабудаўніцтва», 1925, і інш.). У ранніх творах імкнуўся да стварэння суладдзя пабудовы і наваколля, распрацоўваў метады індустр. буд-ва: жылы дом «Сітраэн» (1922), комплекс асабнякоў у Парыжы (1923—24; з 1970 ін-т Ле К.), віла Савой у Пуасі каля Парыжа (1929—31). Распрацаваў «пяць зыходных пунктаў сучаснай архітэктуры»: будынак на апорах-слупах, плоскі дах-сад, адвольная ўнутр. планіроўка, суцэльнае стужачнае акно, нясучая фасадная сцяна. У праектах 1920—30-х г. развіваў ідэю «вертыкальнага» горада-сада з вял. шчыльнасцю насельніцтва, вежападобнымі будынкамі і вял. азелянёнымі прасторамі паміж імі, з падзелам шляхоў руху пешаходаў і транспарту, зон жылля, дзелавой актыўнасці і прам-сці: праект горада на 3 млн. жыхароў (1922), планы «Вуазен» (планы рэканструкцыі Парыжа, Буэнас-Айрэса, Алжыра, Антверпена і інш.). Шэраг яго тэарэт. ідэй, рэалізаваныя пры ўзвядзенні вял. збудаванняў канца 1920—30-х г. (дом Цэнтрасаюза ў Маскве, 1928—35, з удзелам М.​Дж.​Колі; інтэрнаты швейц. студэнтаў ва універсітэцкім гарадку, 1930—32; цэнтр Арміі выратавання, 1932—33; абодва ў Парыжы і інш.), ляглі ў аснову «Афінскай хартыі» (прынята ў 1933 Міжнар. кангрэсам сучаснай архітэктуры) і выкладзены ў яго кнігах «Прамяністы горад» (1935), «Тры вызначэнні чалавека» (1945). У 1940-я г. стварыў сістэму рацыянальных велічынь, заснаваную на прапорцыях чалавечага цела (мадулёр), якую прапанаваў як шкалу зыходных памераў для буд-ва і маст. канструявання. Пабудовам 1950—60-х г. уласцівы магутная і тонка нюансіраваная пластыка, выразная архітэктоніка форм і мас, кантрастнасць святлоценявых, колеравых і фактурных эфектаў, выкарыстанне тыпавых зборных і арыгінальных элементаў і канструкцый, спалучэнне розных матэрыялаў, сакавітая паліхромія: жылы дом у Марселі (1947—52), капэла Нотр-Дам-дзю-О ў Раншане (1950—53), манастыр Ла-Турэт у Эвё каля Ліёна (1956—59) — усе ў Францыі, Нац. музей зах. мастацтва ў Токіо (1957—59), Цэнтр мастацтваў Гарвардскага ун-та ў Кембрыджы (ЗША; 1964), бальніца ў Венецыі (1965). Стварыў вял. цыкл работ у Індыі (1950—57): генплан горада і ансамбль урадавых будынкаў у Чандыгарху, музей і вілы ў Ахмадабадзе і інш. Паводле яго праекта ўзведзены «Цэнтр Ле Карбюзье» ў Цюрыху (Швейцарыя; 1967).

Тв.:

Рус. пер. — Планировка города. М., 1933;

Творческий путь. М., 1970;

Модулор. М., 1976;

Архитектура XX в. 2 изд. М., 1977.

Літ.:

Эрн И.В. Последние работы Ле Корбюзье. М., 1975;

Choay F. Le Corbusier. New York, 1960.

В.​Я.​Буйвал.

Ле Карбюзье.
Ле Карбюзье. Капэла Нотр-Дам-дзю-О ў Раншане. 1950—53.

т. 9, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)