ДРАЗДО́ВА (Маргарыта Сяргееўна) (н. 7.5.1948, Масква),

руская артыстка балета. Нар. арт. Расіі (1980). Нар. арт. СССР (1986). Скончыла Маскоўскае харэаграфічнае вучылішча (1967), Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва (1988). У 1967—87 салістка Маскоўскага муз. т-ра імя К.​Станіслаўскага і У.Неміровіча-Данчанкі. Сярод партый: Адэта—Адылія («Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага), Папялушка («Папялушка» С.​Пракоф’ева), Гаянэ («Гаянэ» А.​Хачатурана), Флёр дэ Ліс («Эсмеральда» Ц.​Пуні), Медора («Карсар» А.​Адана), Сванільда («Капелія» Л.​Дэліба). Яе творчасці ўласцівы віртуознае валоданне тэхнікай класічнага танца, элевацыя, драм. выразнасць. Лаўрэат міжнар. конкурсаў артыстаў балета ў Варне (1972, Балгарыя) і Маскве (1973). Прэмія імя Г.​Паўлавай (Парыж, 1968). Дзярж. прэмія Расіі 1980.

т. 6, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЛАДЗІ́НСКАЯ (Ніна Фёдараўна) (10.8.1905, С.-Пецярбург — 3.6.1995),

расійская і бел. артыстка балета, педагог. Засл. арт. Беларусі (1955). Скончыла Петраградскае харэаграфічнае вучылішча (1923, клас А.Ваганавай). З 1923 салістка Ленінградскага імя Кірава, з 1941 Свярдлоўскага т-раў оперы і балета, у 1947—57 — Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. У 1949—91 выкладала ў Бел. харэаграфічным вучылішчы. Танцоўшчыца лірычнага плана, валодала высокай культурай акад. танца, элегантнасцю, тонкім густам. Сярод партый: Ванда («Салавей» М.​Крошнера), Марыя («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева), Жызэль («Жызэль» А.​Адана), Адэта («Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага), Флёр дэ Ліс і Цар-дзяўчына («Эсмеральда» і «Канёк-Гарбунок» Ц.​Пуні). Сярод яе вучаніц І.Душкевіч, Н.Філіпава, С.​Масанёва.

Літ.:

Чурко Ю.М. Белорусский балетный театр. Мн., 1983. С. 49, 51.

Ю.​М.​Чурко.

т. 10, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУПА́ЛЬСКІЯ ПЕ́СНІ, купалка, купалле, купайло,

янаўскія песні, песні летняга цыкла каляндарна-земляробчага фальклору. Адносяцца да летняга сонцавароту («калі сонца паварочвае на зіму, а лета на жару»). Спяваюць іх перад Купаллем і на само свята. Найб. пашыраны ў славян, літоўцаў, латышоў. Паводле стараж. уяўленняў, заснаваных на язычніцкім адухаўленні прыроды (як і на вопыце практыка-земляроба), у гэты перыяд у найб. ступені разгортваюцца жыццёвыя сілы прыроды, якія могуць быць амбівалентна спрыяльнымі і варожымі. Адсюль важкасць у купальскай абраднасці катарсічнай («ачышчальныя» вогнішчы, рытуальнае купанне) і апатрапеічнай (абходы жыта і інш. засцярогі ад злых сіл) магіі, а таксама асаблівае ў земляробчым календары значэнне купальскага культу як пакланення сонцу (у сімвалічных агнях) і ўшанавання расліннага свету. Паэзія К.п. працягвае вобразна-эмацыянальную атмасферу цыкла веснавых песень, але мае і яскравую адметнасць, абумоўленую загадкавасцю самай таямнічай на працягу года купальскай ночы і карнавалізаваным светаадчуваннем святкавання сонцаваротаў.

Тыповы купальскі сюжэт — нарматыўнае «скліканне на купалу» з асуджэннем (нярэдка ў карнавалізаваных фарбах) таго, «хто не выйшаў на купалу» («Параска, Аксіння, Наталка ... на купалах не была // То-то — ведзьма была // До Кіёва летала на Йвана»).

Для К.п. характэрна тэматыка чарадзейства са збіраннем цудадзейных траў (зёлак), з незвычайным усходам сонца («Будзем сонца пільнаваці // Да як будзе сонца граці»). Гэтым абумоўлены таямнічы флёр, які абвалаквае персаніфікаваную Купалку ў адрозненне ад вясёлай, адкрыта разухабістай Каляды, пышна маляўнічай Вясны або пазнейшых персаніфікацый хрысц. святых — пастаянных працаўнікоў Юр’я, Пятра, Ільі. Само з’яўленне Купалы некалькі загадкавае, маскіраванае («ішла Купалка сялом, сялом // Закрыўшы вочкі чабром, чабром»). Цудадзейна-таямнічы аспект інтэрпрэтацыі каляндарнай абраднасці ў К.п. садзейнічае замацаванню менавіта ў іх баладных сюжэтаў і матываў, сярод якіх выкрышталізаваліся і тыповыя купальскія, як балада аб сястрыцы і браціку, што ператварыліся ў кветку Іван-ды-Мар’я. Пашыраная ў К.п. (як і ў веснавых) шлюбна-любоўная тэматыка нярэдка карнавалізуецца («Ссохлі, здохлі дзецюкі // На дзевачак гледзючы»), Для К.п., як і для ўсіх традыц. абрадавых песень, характэрны тыповыя палітэкставыя напевы, якія ў пэўным арэале набываюць знакава-сімвалічнае значэнне. Бел. этнамузыказнаўцы вызначаюць 7—9 песенна-меладычных тыпаў такіх напеваў. Пры дастатковай стабільнасці рытма-структурных прымет напевы К.п. вызначае інтанацыйна-меладычная мабільнасць: ад падкрэслена «галасных» мелодый святочна-ўзнёслага характару («У нас сягоння Купалачка») і сціслай формульнасці прыглушаных прыпеваў-паўтораў («Ночка мала, купальная») да лірыкі паліжанравых вяснова-купальскіх мелодый з тыповымі зачынамі, дзе звароты да купалачкі, вясняначкі, русалачкі ўзаемазамяняльныя. К.п. найб. пашыраны ў Паазер’і і паўд.-зах. раёнах Беларусі. У інш. рэгіёнах іх прыметы выяўляюцца ў веснавых, траецкіх і русальных песнях.

Публ.: Беларускія народныя песні / Запіс Р.​Шырмы. Т. 3. Мн., 1962; Анталогія беларускай народнай песні / Уклад. Г.​Цітовіч. 2 выд. Мн., 1975; Мажэйка З.Я. Песні Беларускага Паазер’я. Мн., 1981; Купальскія і пятроўскія песні / Уклад. А.​Ліс, Г.​Таўлай. Мн., 1985.

Літ.:

Ліс А.С. Купальскія песні. Мн., 1974;

Можейко З.Я. Календарно-песенная культура Белоруссии. Мн., 1985;

Тавлай Г.В. Белорусское купалье. Мн., 1986;

Гл. таксама літ. да арт. Каляндарныя песні.

З.​Я.​Мажэйка.

т. 9, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)