фенол

т. 16, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАХІНО́Н,

1,4-дыгідраксібензол, двухатамны фенол, C6H4(OH)2. Бясколерныя крышталі, tпл 173,8—174,8 °C, шчыльн. 1360 кг/м³ (20 °C, стабільная α-мадыфікацыя). Атрыманы Ф.Вёлерам (1844).

Раствараецца ў гарачай вадзе, спірце, эфіры. Моцны аднаўляльнік, лёгка акісляецца ў n-бензахінон. Выкарыстоўваюць як праявіцель у фатаграфіі, антыаксідант для каўчукоў, харч. прадуктаў і інш., інгібітар полімерызацыі, як сыравіну ў вытв-сці фарбавальнікаў, лек. сродкаў. Раздражняе скуру, слізістыя абалонкі дыхальных шляхоў і вачэй, ГДК 2 мг/м³ (аэразоль).

т. 5, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЮКУРО́НАВАЯ КІСЛАТА́,

COH(CHOH)4COOH, аднаасноўная гексуронавая к-та, якая ўтвараецца з D-глюкозы пры акісленні яе першаснай гідраксільнай групы. D-глюкуронавая кіслата пашырана ў жывёльных і раслінных арганізмах: уваходзіць у склад кіслых мукаполіцукрыдаў, некаторых бактэрыяльных поліцукрыдаў, трытэрпенавых сапанінаў, геміцэлюлоз, камедзей. Свабодная D-глюкуронавая кіслата ў невялікай колькасці ёсць у крыві і мачы жывёл. У выглядзе парных злучэнняў глюкуронавая кіслата (глюкуранідаў) з мачой выдаляюцца некаторыя прадукты абмену рэчываў, у т. л. ядавітыя (фенол, крэзол) і многія лек. рэчывы. Глюкуронавая кіслата з’яўляецца папярэднікам пры біясінтэзе аскарбінавай к-ты.

т. 5, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАФТЭ́НАВЫЯ КІСЛО́ТЫ,

монакарбонавыя к-ты, што ўваходзяць у састаў нафты. Змяшчаюць насычаныя цыклы з 5 і 6 атамаў вугляроду (гл. Аліцыклічныя злучэнні); вядомыя мона-, бі- і трыцыклічныя к-ты. Н.к. у нафце ад 0,01 да 3% па масе; асн. іх колькасць (да 80%) знаходзіцца ў газойлевай фракцыі і ў мазуце.

Вязкія алеепадобныя рудыя вадкасці з непрыемным пахам, tкіп 214—300 °C. Практычна нерастваральныя у вадзе, добра раствараюцца ў вуглевадародах і інш. арган. растваральніках. Паводле хім. уласцівасцей падобныя на тлустыя кіслоты; утвараюць солі і эфіры, якія наз. нафтэнатамі. У прам-сці вылучаюць з газавых і масленых дыстылятаў і мазуту, сінт. Н к. атрымліваюць акісленнем нафтэнаў. Выкарыстоўваюць як растваральнікі палімераў, каўчукоў і фарбавальнікаў, кампаненты лакаў, дадаткі да друкарскіх фарбаў і маторнага паліва; эфіры — як пластыфікатары сінт. каўчукоў, полівінілхларыду і інш.; солі шчолачных металаў — як мыйныя сродкі, эмульгатары, інсектыцыды, стымулятары росту раслін. Аказваюць моцнае (больш за фенол) антысептычнае ўздзеянне на патагенныя арганізмы, аднак таксічныя для цеплакроўных.

Я.Г.Міляшкевіч.

т. 11, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫТЫ́ЧНЫ СТАН у фізіцы,

раўнаважны стан двухфазнай сістэмы, у якім розныя фазы становяцца аднолькавымі па сваіх фіз. уласцівасцях. Характарызуецца крытычнымі значэннямі т-ры, ціску і аб’ёму; на дыяграме стану яму адпавядаюць лімітавыя пункты на крывых раўнавагі фаз (крытычныя пункты). Уласцівасці рэчыва ў К.с. вывучаюць і выкарыстоўваюць пры стварэнні ўстановак звадкавання газаў, раздзялення сумесей, энергет. установак на звышкрытычных параметрах і інш.

Пры набліжэнні да К.с. адрозненні ў шчыльнасцях, складзе і інш. уласцівасцях фаз, а таксама скрытая цеплата фазавага пераходу і міжфазнае паверхневае нацяжэнне змяншаюцца і ў крытычным пункце роўныя нулю. Уласцівасці новай фазы бясконца мала адрозніваюцца ад уласцівасцей зыходнай і таму пры яе ўзнікненні выключаецца пераграванне (пераахаладжэнне), а таксама выдзяленне (паглынанне) цеплаты, што характэрна для фазавых пераходаў 2-га роду. Значна ўзрастаюць флуктуацыі шчыльнасці і канцэнтрацыі (у сумесях); у крытычных пунктах растваральнасці становіцца неабмежаванай узаемная растваральнасць кампанентаў. Гл. таксама Крытычныя з’явы.

П.А.Пупкевіч.

Да арт Крытычны стан. Крывыя расслаення на 2 фазы раствораў: а — вада—фенол; б — вада—нікацін (1, 2 — верхні і ніжні крытычныя пункты адпаведна). Выдзелены вобласці двухфазнай раўнавагі.

т. 8, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)