Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫ́ФІТ
(Griffith) Артур (31.3.1872, Дублін — 12.8.1922),
дзеяч ірл. нац.-вызв. руху, журналіст. У 1899 заснаваў газ. «The United Irishman» («Аб’яднаныя ірландцы»), у якой прапагандаваў ідэю незалежнасці Ірландыі. Адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў паліт. руху Шын фейн. У 1914—20 неаднаразова быў арыштаваны брыт. ўладамі. З 1919 чл. нелегальнага ірл. парламента (Дойла). У 1919—21 кіраўнік урада самаабвешчанай Ірл. рэспублікі, разам з М.Колінзам падпісаў кампрамісны англа-ірландскі дагавор 1921. Са студз. 1922 прэм’ер-міністр Ірл. дамініёна, т.зв. Ірл. свабоднай дзяржавы.
т. 5, с. 485
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МРУЛЬ
(англ. Home Rule літар. самакіраванне, аўтаномія),
рух за гомруль, барацьба за ажыццяўленне праграмы аўтаноміі Ірландыі ў рамках Брыт. імперыі ў 1870-я г. — пач. 20 ст. Аўтар праграмы ірл. ліберал І.Бат. Прыхільнікі гомруля патрабавалі скасавання навязанай у 1800 Ірландыі уніі з Вялікабрытаніяй, але не імкнуліся да поўнай незалежнасці. Яны арганізавалі масавую барацьбу (пераважна ірл. сялян), адмаўлялі тэрарыст. метады і супрацоўнічалі з Зямельнай лігай. Праект аўтаноміі для Ірландыі, двойчы (1886, 1893) прапанаваны ліберальным урадам У.Ю.Гладстана, быў адхілены парламентам. У канцы 19 ст. рух за гомруль замяніў незалежніцкі рух Шын фейн. У 1912 ліберальны ўрад 3-і раз прапанаваў біль аб гомрулі, але сутыкнуўся з узбр. супраціўленнем пратэстанцкай большасці Ольстэра. Напярэдадні 1-й сусв. вайны парламент прызнаў аўтаномію Ірландыі (3.8.1914), біль аб гомрулі набыў сілу закона 18.9.1914, але адтэрмінаваны да заканчэння вайны; фактычна ў дзеянне так і не ўведзены. Гэта палітыка брыт. улад стала прычынай Ірландскага паўстання 1916.
т. 5, с. 350
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)