Тызенгаўзен (феадал) 6/181
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ТЧЫННЫ СУД,
суд феадала над залежнымі ад яго людзьмі — прыгоннымі сялянамі ў Расіі і ВКЛ у 15 — 1-й пал. 19 ст. Дзейнічаў на аснове стараж. звычаёвага права. Паводле вотчыннага права юрысдыкцыі феадала падлягалі не толькі залежныя сяляне, але і інш. асобы, што пражывалі на яго землях (гл. Вотчына). Судаводства ў вотчынным судзе ажыццяўляў сам феадал ці службовыя асобы яго дваровай адміністрацыі (соцкія, старосты і інш.). Меры пакарання (цялесныя ці інш.) феадал часам вызначаў адвольна. Фактычна існаваў да адмены прыгоннага права ў 1861.
Т.І.Доўнар.
т. 4, с. 279
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУ́ПА,
адм.-тэр. адзінка ў паўд. і зах. славян у 10 — пач. 20 ст. На чале Ж. стаяў жупан (першапачаткова радавы старэйшына, пазней феадал). У тапаніміцы Югаславіі, Харватыі, Славеніі і інш. Ж. — назва некат. гіст. абласцей.
т. 6, с. 449
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́ЦАР (ням. Ritter ад стараж.-ням. riter коннік),
у Заходняй і Цэнтр. Еўропе ў сярэднія вякі феадал, цяжкаўзброены конны воін (гл. Рыцарства). Для Р. лічыліся абавязковымі маральныя нормы: смеласць, вернасць абавязку, высакародныя адносіны да жанчыны. Адсюль у пераносным значэнні Р. — самаадданы, высакародны чалавек.
т. 13, с. 526
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРКІ́З (франц. marquis, ісп. marqués),
1) у раннесярэдневяковай імперыі Каралінгаў тое, што маркграф.
2) У сярэдневяковых Францыі і Італіі (з 10 ст.) буйны феадал, які паводле тагачаснай іерархіі знаходзіўся паміж герцагам і графам.
3) Спадчынны дваранскі тытул (паміж князем і графам) у Францыі, Іспаніі, Італіі.
т. 10, с. 118
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́РПЦКАЕ ЕПІ́СКАПСТВА,
феадальная дзяржава ў Лівоніі (тэр. паўд.-ўсх. ч. сучаснай Эстоніі з г. Тарту). Засн. ў 1224 рыжскім епіскапам Альбертам, які ўзначаліў агрэсію ням. крыжакоў у Прыбалтыку. На чале стаяў каталіцкі епіскап, буйны феадал-землеўладальнік. Феад. ўсобіцы, а таксама Рэфармацыя ў пач. 16 ст. аслабілі Д.е., і на пач. Лівонскай вайны 1558—83 яно перастала існаваць.
т. 6, с. 356
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІ́-ПАША́ ТЭПЕЛЕ́НСКІ (Ali Pashë Tepelena),
Алі-паша Янінскі (каля 1744, г. Тэпелена, Албанія — 5.2.1822), албанскі феадал, правіцель (з 1787) на значнай тэр. Балканскага п-ва (уключала ч. тэр. Албаніі і Грэцыі, цэнтр г. Яніна). Дамогся ад тур. султана фактычнай незалежнасці, меў армію і флот. У ліп. 1820 тур. султан Махмуд II пачаў супраць яго вайну. Алі-паша Тэпеленскі быў забіты, а дзяржава яго распалася.
т. 1, с. 260
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ЧКАІ ((Bocskai) Іштван) (1.1.1557, г. Клаўзенберг, цяпер г. Клуж-Напока, Румынія — 29.12.1606),
венгерскі феадал, кіраўнік антыгабсбургскага руху ў Венгерскім каралеўстве. Пасол Трансільваніі пры габсбургскім двары ў 1576 і 1603. Камандуючы трансільванскімі войскамі ў паспяховым паходзе супраць тур. войск у Валахію (1595). У 1604 узначаліў барацьбу сялян, гараджан і часткі венг. дваранства супраць аўстр. панавання. У выніку перамогі абраны князем Трансільваніі (1605), падпісаў Венскі мір (23.6.1606), паводле якога адноўлена незалежнасць Трансільванскага княства (да яго далучаны венг. камітаты Угоча, Бераг, Сатмар, крэпасць Токай), дадзена свабода веравызнання пратэстантам.
т. 3, с. 225
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЮ́ДДЗЕ,
«хаджэнне па людзях», 1) аб’езд князем і яго дружынай падуладных зямель і плямён Кіеўскай Русі дзеля збору даніны. Вядома з 10 ст. Адбывалася ўвосень або зімою, неакрэсленасць памеру даніны прыводзіла да вял. злоўжыванняў, за адно з якіх у 945 у час П. драўляне забілі кн. Ігара. Удава Ігара кн. Вольга ўпершыню вызначыла памер даніны і месцы яе збору — пагосты.
2) Назва даніны. У 12 ст. ў Наўгародскай, Полацкай і Смаленскай землях П. — грашовая павіннасць, якую збіраў князь ці феадал. У ВКЛ у 15—16 ст. П. — даніна ў форме падарункаў ад насельніцтва намеснікам або княжацкім старастам пры аб’ездзе імі валасцей.
т. 12, с. 22
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫВІЛЕ́Й 1447, Казіміраў прывілей,
агульнадзяржаўны заканадаўчы акт ВКЛ, выдадзены вял. кн. Казімірам IV Ягелончыкам у Вільні 2.5.1447. Адзін з асн. дзярж. актаў, які замацаваў шырокія правы баяр ВКЛ у паліт., сац. і эканам. жыцці дзяржавы. Складаецца з 14 артыкулаў. Пацвярджаў асабістую свабоду і недатыкальнасць баяр, гарантаваў, што за правіннасць павінен адказваць толькі сам вінаваты, а не яго жонка, бацька, слуга або інш. баярын. Баярам дазволены выезд за межы дзяржавы «для лепшага набыцця шчасця або ўчынкаў рыцарскіх», але не ў «непрыяцельскую краіну». Пацверджаны прывілеі баярам на маёнткі, выдадзеныя папярэднімі вял. князямі, права на продаж і абмен маёнткаў. П. гарантаваў баярам, што іх маёнткі не будуць канфіскаваны, а пасля смерці баярына яго сыны і дочкі «ад сваёй вотчыны не маюць аддалены быць». У П. зафіксаваны дагавор вял. князя з феадаламі, што ён, як і яны, не будзе прымаць у свае маёнткі збеглых сялян, а вяртаць уцекачоў назад да свайго пана. Адным з гал. палажэнняў П. была перадача вял. князем свайго права судзіць сялян і інш. падданых самім баярам (права судовага імунітэту). З гэтага часу феадал станавіўся адзіным суддзёю сваіх падданых, што вяло да яшчэ большай іх залежнасці і ўрэшце дало магчымасць іх запрыгоніць. П. гарантаваў баярам, што землі і дзярж. пасады ў ВКЛ будуць атрымліваць толькі ўраджэнцы ВКЛ. Такім чынам, П. забараняў пранікненне польскай шляхты ў ВКЛ. Вял. князь таксама ўрачыста абяцаў бараніць незалежнасць дзяржавы і яе тэр. цэласнасць. Напісаны на лац. мове. Меў вял. значэнне ў далейшым юрыд. афармленні правоў феадалаў, некаторыя яго нормы ўвайшлі ў Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588.
А.П.Грыцкевіч.
т. 13, с. 58
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)