ФАЦЭ́ЦЫЯ (ад лац. facetia жарт, досціп),
кароткае апавяданне, блізкае да анекдота, пра смешны і павучальны выпадак з жыцця; від апавядальнай гарадской л-ры эпохі Адраджэння. Вызначаецца займальнасцю сюжэта, распрацоўкай сямейнай тэмы, выкрыццём сац. і агульначалавечых заганаў і г.д.
Узнікла ў зах.-еўрап. л-ры ў 12—13 ст. Заснавальнікам лічыцца італьянец Поджа Брачаліні (15 ст.), яго зб. «Фацэцыі» на лац. мове выклікаў шматлікія перайманні. У сярэдневяковай л-ры Ф. змяшчалі ў зб-ках побач з інш. навеламі («Гісторыя пра сем мудрацоў», «Вялікае зярцала», «Рымскія дзяянні»). Праз іх трапілі на Беларусь.
Ф. выкарыстоўвалі ў сваіх творах М.Рэй, Я.Каханоўскі, У.Сыракомля. Традыцыі Ф. прасочваюцца ў бел. л-ры 20 ст. (зб. «Здубавецця» Р.Барадуліна, 1996; «Анталогія беларускага народнага анекдота і жарта», 2001).
Г.Я.Адамовіч.
т. 16, с. 338
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНЕКДО́Т (франц. anecdote ад грэч. anekdotos нявыдадзены),
кароткае апавяданне жартоўнага ці сатыр. зместу пра незвычайную падзею, сітуацыю, рысу характару ці ўчынак чалавека; жанр фальклору. Спецыфічныя рысы анекдота: аднаэпізадычнасць, лаканічнасць, дакладная расстаноўка герояў, нечаканая камічная развязка. Блізкі да нар. жарту, гумарэскі.
У зах.-еўрап. народаў жанры, блізкія да анекдота — фабліо, фацэцыя, шванк. Тэрмін «анекдот» упершыню ўжыты ў Візантыі ў дачыненні да «Таемнай гісторыі» («Anekdota», 6 ст.) Пракопія Кесарыйскага. Да сярэдзіны 19 ст. да анекдота адносілі кароткія апавяданні пра здарэнні з вядомымі гіст. асобамі.
Бел. анекдоты публікаваліся ў зб. П.В.Шэйна, Е.Р.Раманава, М.Федароўскага і інш., у календарах, прэсе. Народныя анекдоты выкарыстоўвалі ў сваёй творчасці Ядвігін Ш., Я.Колас, К.Чорны, Б.Сачанка і інш. бел. пісьменнікі.
Публ.:
Народныя ўсмешкі. Мн., 1961;
Беларускія народныя жарты. Мн., 1970;
Жарты, анекдоты, гумарэскі. Мн., 1984.
А.С.Фядосік.
т. 1, с. 365
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)