ФАС (ад франц. face твар),

1) пярэдні (правы) бок чаго-небудзь.

2) У фартыфікацыі — прамалінейны ўчастак траншэі, ходу зносін, неўзрыўных процітанкавых і проціпяхотных загарод. Раней Ф. наз. павернуты да праціўніка бок палявога або доўгатэрміновага ўмацавання (напр., флешы) і крапаснога фартыфікацыйнага збудавання (напр., гал. вала крапасной агароджы. бастыёна) незалежна ад іх канфігурацыі.

т. 16, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕС (араб. Фас, устарэлая назва Фец),

горад на ПнЗ Марока. Адм. ц. прав. Фес. Засн. ў 789. Каля 600 тыс. ж. (2000). Гандл.-прамысл. і трансп. вузел. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: тэкст., харч., дрэваапр., хім., маш.-буд. (станкабуд.). Саматужныя рамёствы (вытв-сць тканін, ганчарных і скураных вырабаў). Культ.-гіст. цэнтр. Адзін з гал. рэліг. цэнтраў Магрыба. Мусульм. ун-т Карауін (засн. ў 859). Музей мараканскага мастацтва. Арх. помнікі 9, 13—14 ст. уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

т. 16, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАНДЭРТА́ЛЬЦЫ (Homo neandertalensis),

палеаантрапы, стараж. людзі, якія жылі ў эпоху палеаліту. Назва ад даліны Неандэрталь у Германіі, дзе ў 1856 упершыню знойдзены рэшткі шкілета гэтага выкапнёвага чалавека. Пазней рэшткі Н. знойдзены ў розных мясцінах Еўропы, Азіі, Афрыкі (акрамя Амерыкі і Аўстраліі). Па аб’ёме мозга Н. займаюць прамежкавае становішча паміж сучасным чалавекам і пітэкантрапам, сінантрапам, атлантрапам і гейдэльбергскім чалавекам. Чэрап Н. вызначаецца нізкім скляпеннем, пакатым ілбом, вял. надвочнымі валікамі і вышынёй твару. Падзяляюцца на больш старажытных, звязаных з ашэльскай культурай, і больш позніх, звязаных з мусцьерскай культурай. Паводле шматлікіх прыкмет раннія Н. маюць большае падабенства да сучасных людзей, чым познія. У Н. фарміравалася абстрактнае мысленне, зараджаліся грамадская свядомасць і мастацтва. Лічаць, што Н. былі першымі людзьмі, якія праніклі на тэр. паўд. і паўд.-ўсх. Беларусі ў сярэднім палеаліце.

Літ.:

Алексеев В.П. Человек: Эволюция и таксономия: некоторые теорет. вопросы. М., 1985;

Тегако Л.И., Саливон И.И. Основы современной антропологии. Мн., 1989.

Л.​І.​Цягака.

Неандэрталец (фас і профіль). Рэканструкцыя М.​М.​Герасімава. 1948.

т. 11, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХЕ́ТЫ,

індаеўрапейскі народ, які ў канцы 3-га тыс. да н.э. — 8 ст. да н.э. насяляў цэнтр. частку М.​Азіі. Некат. вучоныя лічаць, што Х. перасяліліся ў М.​Азію праз Каўказ ці праз Балканскі п-аў, іншыя — што яны належалі да стараж. насельніцтва М.​Азіі. На мяжы 3-га — 2-га тыс. да н.э. знаходзіліся на стадыі распаду родавага ладу. Займаліся жывёлагадоўляй, садаводствам і вінаробствам. Х. адкрылі спосаб плаўкі сталі. У 18 ст. да н.э. засн. Хецкае царства. Каля 1595 да н.э. захапілі і разрабавалі Вавілон, у пач. 14 ст. падпарадкавалі дзяржаву Мітані. Перасяленне на У «народаў мора» стала штуршком, да падзення дзяржавы Х. Пазней яны растварыліся сярод фрыгійцаў і арамеяў. Гісторыю і матэрыяльную культуру Х. вывучае хеталогія.

Х. стварылі высокую культуру, якая спалучала традыцыі мясц. малаазійскія, стараж.-егіп. і шумера-вавілонскія (гл. Вавілона-асірыйская культура), паўплывала на мастацтва краін-суседзяў (Асірыя, Сірыя, Урарту). У буд-ве яны выкарыстоўвалі грубаапрацаваны камень, масіўныя каменныя блокі, шчыльна злучаныя насуха (цыклапічная муроўка). Іх буйныя паселішчы ўключалі цытадэль (на вяршыні скалы ці ўзгорка), былі абкружаны сценамі. Найб. значны помнік горадабудаўніцтва і архітэктуры — Хатусас (гл. Багазкёй). Сярод помнікаў Позняга перыяду — гарады Самаль і Кархемыш з палацавымі будынкамі тыпу «біт-хілані». Для афармлення гар. сцен выкарыстоўвалі высокія і плоскія рэльефы (паўфігуры львоў і сфінксаў на варотах крапасных сцен у Хатусасе), для абліцоўкі палацаў — артастаты — выявы божастваў, жывёл, сцэны з прыдворнага жыцця. На скалах высякалі сцэны працэсій божастваў. Рэльефы 2-га тыс. да н.э. падначалены ўмоўнаму канону: галава і ногі — у профіль, плечы і вока — у фас. Вядома і круглая скульптура (статуі божастваў) з рысамі асірыйскага і арамейскага мастацтва. Высокага ўзроўню дасягнула маст. апрацоўка металу (штандары-эмблемы, статуэткі божастваў), т.зв. кападакійская кераміка (паліхромныя і размаляваныя пасудзіны, манахромная, чорна- і чырвонаглянцаваная, збаны, чашы, пасудзіны з арнаментам, выявамі галоў жывёл), былі пашыраны чырвонаглянцаваныя пасудзіны, выкананыя на ганчарным крузе. У перыяд Новага Хецкага царства пераважала размаляваная паліхромная кераміка, пакрытая палівай, вял. парадныя пасудзіны з рэльефнымі выявамі. Характэрны таксама пячаткі ў форме круглага штэмпеля з сім. кампазіцыямі з іерагліфічных і сімвалічных выяў.

Літ.:

Гарни О.Р. Хепы: Разрушители Вавилона: Пер. с англ. М., 2002.

Да арт. Хеты. «Ільвіныя» вароты крапасной сцяны Хатусаса. Фрагмент.
Да арт. Хеты. Наверша штандара ў выглядзе аленя з Аладжа-Хююк.
Да арт. Хеты. Керамічная пасудзіна з Кюль-Тэпе.

т. 17, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)