БРЭ́ДБЕРЫ (Bradbury) Рэй Дуглас

(н. 22.8.1920, Уокеган, штат Ілінойс, ЗША),

амерыканскі пісьменнік-фантаст. Першы зб. фантаст. апавяданняў «Змрочны карнавал» (1947). Аўтар рамана-антыутопіі «451° па Фарэнгейту», філас.-прыгодніцкага рамана-прытчы «Набліжаецца бяда» (1962), дэтэктыва-стылізацыі пад прозу Д.Хэмета і Р.Чандлера «Смерць — лёс адзінокіх» (1985), рамана «Могільнік лунацікаў» (1990), прасякнутага міфал. матывамі, аўтабіягр. аповесці «Віно з дзьмухаўцоў» (1957), зб-каў апавяд. «Размаляваны чалавек» (1951), «Залатыя яблыкі Сонца» (1953), «Сродак ад меланхоліі» (1959), «Глыбока за поўнач» (1976) і інш., цыкла апавяд. «Марсіянскія хронікі» (1950), п’ес, кніг для дзяцей, радыё-, тэле- і кінасцэнарыяў. Асн. тэмы твораў — небяспека механізацыі і рабатызацыі грамадства, рост бездухоўнасці і уніфікацыі людзей; суаднесенасць рэальна-зямнога і касмічнага, часу і гісторыі, вайны і міру.

Тв.:

Бел. пер. — Пра вандроўкі вечныя і пра Зямлю // Замежная фантастыка. Мн., 1990;

рус. пер. — Рассказы. М., 1975;

Память человечества. М., 1982;

Холодный ветер, тёплый ветер. М., 1983;

О скитаньях вечных и о Земле. М., 1988;

Фантастика Рея Брэдбери М., 1992;

Чикагская бездна. М., 1993.

Е.Л.Лявонава.

т. 3, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫВА́ЛЬШЧЫНА, быль,

жанр няказкавай прозы, прымхлівы аповяд пра падзеі, звязаныя з міфалагічнымі персанажамі, дэманічнымі істотамі (лясун, вадзянік, русалкі, ведзьма, ваўкалак, пярэварацень і інш.), пра мерцвякоў, зачараваныя скарбы, чарцей і г.д. Сустракаюцца ў слав. і інш. народаў. Бывальшчына найчасцей перадае быццам бы рэальны факт, але выкарыстоўвае фантазію, маст. выдумку. У адрозненне ад блізкіх па змесце былічак апавяданне ў бывальшчыне часта ідзе ад трэцяй асобы. Аповяд у бывальшчыне, страціўшы рысы ўспамінаў рэальнага відавочніка падзеі, набывае самастойнае бытаванне і адносную сюжэтную ўстойлівасць у варыянтах. Бывальшчыне характэрна сувязь з традыц. вераваннямі, прымеркаванасць да пэўнай мясцовасці, абагульненасць і фабульнасць. Бел. бывальшчыны запісвалі П.Шпілеўскі, М.Федароўскі, А.Сержпутоўскі, У.Дабравольскі, Л.Бараг і інш. фалькларысты, апрацоўвалі Я.Баршчэўскі («Шляхціц Завальня»), Я.Колас і інш. пісьменнікі.

Літ.:

Никифоровский Н.Я. Нечистики: Свод простонар. в Витебской Белоруссии сказаний о нечистой силе. Вильна, 1907;

Бараг Л.Г. Сказочная фантастика и народные верования: (По материалам бел. фольклора) // Сов. этнография. 1966. № 5;

Малорусские народные предания и рассказы: Свод Михаила Драгоманова. Киев, 1876;

Максимов С.В. Нечистая, неведомая и крестная сила. СПб., 1994;

Померанцева Э.В. Мифологические персонажи в русском фольклоре. М., 1973.

І.У.Саламевіч.

т. 3, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫЛІ́ЧКА,

жанр фальклору, кароткае вуснае апавяданне пра незвычайныя падзеі, якія быццам адбыліся ў сапраўднасці. Звычайна расказвае пра сустрэчы (герой часта на падпітку або ў нейкім замарачэнні) з чортам, русалкамі, ваўкалакам, мерцвяком, чалавекам-пярэваратнем, ведзьмаю, зачараванымі скарбамі. Жанравыя вытокі былічкі — у міфал. уяўленнях, павер’ях, пашыраных ва ўмовах патрыярхальнага сял. побыту ўсх. славян і інш. народаў. Па стылі былічкі блізкія да казак, паданняў, легендаў. Былічка, якая часта не мае цэласнай сюжэтнай формы, часам трансфармуецца ў бывальшчыну. У выніку згасання традыц. нар. вераванняў былічкі ператвараюцца ў займальныя вусныя аповяды, блізкія да казак, анекдотаў, жартаў і гумарэсак. Шмат былічак сабралі М.Федароўскі, А.Сержпутоўскі. Матывы былічак выкарыстоўвалі ў сваіх творах Я.Баршчэўскі («Шляхціц Завальня»), Ф.Багушэвіч («Палясоўшчык», «Дзядзіна»), Я.Колас («Страшнае спатканне»), Я.Купала, З.Бядуля і інш. бел. пісьменнікі.

Публ.:Federowski M. Lud białoruski. Т. 1—3. Kraków, 1897—1903; Сержпутовский А.К. Сказки и рассказы белорусов-полешуков. СПб., 1911; Яго ж Казкі і апавяданні беларусаў з Слуцкага павета. Л., 1926.

Літ.:

Бараг Л.Г. Сказочная фантастика и народные верования: (По материалам бел. фольклора) // Сов. этнография. 1966. № 5;

Яго ж. Сюжэты і матывы беларускіх народных казак. Мн., 1978;

Померанцева Э.В. Мифологические персонажи в русском фольклоре. М., 1973;

Зиновьев В.П. Быличка как жанр фольклора и ее современные судьбы // Мифологические рассказы русского населения Восточной Сибири. Новосибирск, 1987.

І.У.Саламевіч.

т. 3, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)