ГО́МЕЛЬСКІ ФАНЕ́РНА-ЗАПА́ЛКАВЫ КАМБІНА́Т.

Засн. ў 1879 у Навабеліцы як запалкавая ф-ка «Везувій», у 1929 яе вытв-сць механізавана. У 1937 ф-ка аб’яднана з фанерным з-дам у Навабеліцкі фанерна-запалкавы камбінат. У 1941 эвакуіраваны ў г. Томск. У 1944 адноўлены ў Навабеліцы. З 1971 у складзе Гомельскага вытворчага дрэваапрацоўчага аб’яднання «Гомельдрэў». Мае цэхі: запалкавы, фанерны, мэблевы, механічны, тавараў шырокага ўжытку. Асн. прадукцыя: фанера клееная, запалкі, мэбля (крэслы, табурэткі кухонныя), тавары нар. ўжытку. Прадукцыю пастаўляе ў 20 краін свету, у т. л. Канаду, Італію, Германію, Фінляндыю, Галандыю, Польшчу.

т. 5, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗЫ́РСКІ ФАНЕ́РНА-ДРЭВААПРАЦО́ЎЧЫ ЗАВО́Д.

Дзейнічаў у 1912—14 у Целепунах — прадмесці г. Мазыр Гомельскай вобл. Вырабляў дошкі, фанеру і інш. У 1910—13 меў 2 паравыя рухавікі (150 к.с.), працавала да 200 рабочых; выраблена прадукцыі на 565,4 тыс. руб.

т. 9, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРУ́ЙСКІ ФАНЕ́РНА-ДРЭВААПРАЦО́ЎЧЫ КАМБІНА́Т,

«Фандак». Засн. ў г. Бабруйск у 1926, у 1929 пушчаны лесапільны цэх і электрастанцыя, у 1930 — беладрэўны і фанерны цэхі, у 1931 — цэх стандартных дамоў. Быў адзін з буйнейшых у Еўропе. У Вял. Айч. вайну разбураны, адноўлены ў 1944. У 1950—80-я г. пабудаваны цэхі: па вырабе тары, упаковачнай стружкі, п’езатэрмапластыкаў, драўнінна-валакністых плітаў №1 і №2, паркетнай дошкі. Створаны: ф-ка кухоннай мэблі (1991), ф-ка экспартнай мэблі (1992), з-д сталярных і мэблевых плітаў (1995). У 1971—91 у ВА «Бабруйскдрэў» (з 1976 галаўное прадпрыемства). У 1991—94 нар. аб’яднанне «Бабруйскдрэў», з 1994 адкрытае акц. т-ва «Фандак». Асн. прадукцыя (1995): фанера, шпон, піламатэрыялы, паркет штучны, сталярная і мэблевая пліта, наборы мэблі для кухні, гасцінай, мяккая, дзіцячая, спец. і інш. мэбля.

У.​Д.​Таранаў.

Выраб фанеры на Бабруйскім фанерна-дрэваапрацоўчым камбінаце.

т. 2, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСТО́ЎСКІ ФАНЕ́РНА-ДРЭВААПРАЦО́ЎЧЫ КАМБІНА́Т.

Створаны ў 1959 у г. Масты Гродзенскай вобл. на базе лесапільнага (1924) і фанернага (з 1927) з-даў. Складаўся з цэхаў: лушчыльнага, клеявога, сартавальнага, мяккай мэблі, лесапільнага; пабудаваны цэхі гнутаклееных дэталей (1961), драўнянастружкавых пліт (1972). З 1971 галаўное прадпрыемства Мастоўскага вытв. дрэваапр. аб’яднання «Мастоўдрэў», куды як філіялы ўваходзілі Мастоўская, Слонімская (вылучылася ў 1997) і Гродзенская (вылучылася ў 1993) мэблевыя ф-кі; з 1979 — Гродзенскі дрэваапр. камбінат (вылучыўся ў 1988), Гродзенскі леспрамгас (перайменаваны ў Мастоўскі леспрамгас), Смаргонскі лесазавод (ліквідаваны ў 1989). У 1994 аб’яднанне пераўтворана ў адкрытае акц. т-ва «Мастоўдрэў». Асн. прадукцыя (1999): фанера, драўнянастружкавыя пліты, драўняныя пліты з арыентаванай стружкай, піламатэрыялы; мэбля: корпусная, мяккая, кухні, спальні, крэслы; жывіца, шкіпінар, драўняны вугаль і інш.

т. 10, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРЫЧО́ЎСКАЯ ЛЕСАПІ́ЛЬНА-ФАНЕ́РНАЭ́БЛЕВАЯ ФА́БРЫКА Дзейнічала на Беларусі ў 1894—99 ва ўрочышчы Гарычоўка Гомельскага пав.

(цяпер каля в. Чорнае Рэчыцкага р-на). Вырабляла венскую мэблю. Мела паравую машыну і паравы кацёл (1895),

паравы рухавік (1898). Працавала да 62 рабочых (1898). У 1899 выраблена прадукцыі на 50 тыс. руб.

т. 5, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́САЎСКАЯ ЗАПА́ЛКАВАЯ ФА́БРЫКА «БЯРЭ́ЗІНА».

Створана ў 1901 у г. Барысаў. Вырабляла да 60 тыс. карабкоў запалак за год і фанерныя сядзенні для крэслаў. Выкарыстоўваліся паравыя рухавікі ў 15—75 к.с. У 1910 працавалі 399 рабочых. На базе ф-кі створаны Барысаўскі фанерна-запалкавы камбінат (цяпер ВА «Барысаўдрэў»).

т. 2, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАБЕ́ЛІЦКАЯ ЗАПА́ЛКАВАЯ ФА́БРЫКА «Везувій». Дзейнічала з 1879 у мяст. Новая Беліца (цяпер у межах г. Гомель). З 1906 мела паравыя рухавікі; у 1913 працавала 420 чал., выраблена больш за 800 скрынак запалак (па 1 тыс. карабкоў у скрынцы). У 1920 рэканструявана і расшырана, з 1944 — Гомельскі фанерна-запалкавы камбінат.

т. 11, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БАРЫСАЎДРЭ́Ў»,

вытворчае дрэваапр. аб’яднанне ў г. Барысаў. Адно з буйнейшых на Беларусі. Створана ў 1971 на базе Барысаўскага фанерна-запалкавага камбіната (дзейнічаў з 1901 як Барысаўская запалкавая фабрыка «Бярэзіна»). Уключае Барысаўскі дрэваапр. камбінат (дзейнічае з 1912), Барысаўскі леспрамгас. Асн. прадукцыя (1995): піламатэрыялы, фанера, драўнінна-стружкавыя пліты, шпона, запалкі, мэбля кухонная, дзіцячая, мяккая, гарнітуры мэблевыя і інш.

т. 2, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́НСКАЯ ЗАПА́ЛКАВАЯ ФА́БРЫКА Засн. ў г. Пінск Брэсцкай вобл. ў 1892 пад назвай «Прагрэс-Вулкан». У 1897 многія працэсы механізаваны; выпускала за суткі 250 тыс. карабкоў запалак. У тым жа годзе ф-ка згарэла, пазней адноўлена. У 1902 працавала 674 чал. З 1909 уваходзіла ў акц. т-ва запалкавых ф-к «Прагрэс-Вулкан». У 1915—18 ф-ка не працавала, абсталяванне часткова вывезена ў Германію. У 1918 ф-ка аднавіла выпуск запалак. У 1931 на ф-цы былі 183 машыны па выпуску запалак.У 1939 нацыяналізавана. У 1944 усё абсталяванне было вывезена ў Германію, а будынак спалены. З 1944 П.з.ф. ў складзе Пінскага фанерна-запалкавага камбіната (былы фанерны з-д), а з 1947 аднавіла выпуск запалак, у 1948 набыла самастойнасць і наз. Пінская запалкавая фабрыка «17 Верасня». У 1950 рэканструявана. У 1959—70 у складзе Пінскага фанерна-запалкавага камбіната, з 1971 — Пінскага вытв. дрэваапр. аб’яднання «Пінскдрэў». У 1984—85 пераабсталявана, перайшла на выпуск запалак у кардонных карабках. З 1992 з сучаснай назвай на правах філіяла ўваходзіць у «Пінскдрэў». Асн. прадукцыя (2001) — запалкі.

М.​А.​Галавешкін.

т. 12, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́НСКІ ФАНЕ́РНЫ ЗАВО́Д.

Засн. ў г. Пінск Брэсцкай вобл. ў 1880. У Вял. Айч. вайну разбураны. Адноўлены ў 1944 як фанерна-запалкавы камбінат. У гэтым жа годзе да яго далучана запалкавая ф-ка. У 1963 далучаны Гарадзішчанскі фанерны цэх, у 1964 пабудаваны новы будынак фанернага цэха, у 1965 уведзены ў дзеянне цэх драўнінна-стружкавых пліт. З 1971 — галаўное прадпрыемства Пінскага вытв. дрэваапр. аб’яднання «Пінскдрэў». З 1992 запалкавая вытв-сць набыла самастойнасць, стала наз. Пінская запалкавая фабрыка і ўвайшла ў «Пінскдрэў» як філіял. У 1998 вытв-сці галаўнога прадпрыемства падзяліліся на самастойныя з-ды, фанерны завод стаў самастойным і пад сучаснай назвай увайшоў у «Пінскдрэў» як філіял. Асн. прадукцыя (2001): фанера клееная, гнутаклееныя дэталі для мэблі.

М.​А.​Галавешкін.

т. 12, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)