ШАВІНІ́ЗМ (франц. chauvinisme),
крайняя форма нацыяналізму, якая праяўляецца ў прапагандзе нац. і расавай выключнасці, распальванні нац. варожасці і суправаджаецца нац. дыскрымінацыяй. Тэрмін «Ш.» упершыню з’явіўся ў Францыі ў п’есе братоў І. і Т. Каньяр «Трохкаляровая кукарда» (1831), адзін з герояў якой навабранец Нікала Шавэн — фанатычны прыхільнік захопніцкіх паходаў Напалеона I. У Вялікабрытаніі ў 1870-я г. Ш. атрымаў назву джынгаізм. Адрозніваюць сацыял-шавінізм і вялікадзяржаўны Ш., звязаны звычайна з прыгнётам т.зв. «недзяржаўных», «нетытульных» нацый, «малых народаў» і нац. меншасцей, з агрэсіўнасцю і экспансіянізмам у адносінах да інш. народаў і краін. У аснове Ш. — перакананне яго прыхільнікаў у месіянскім прызначэнні асобных народаў, неабходнасці прывіцця інш. народам культуры і ладу жыцця свайго «выбранага» этнасу. У крайніх формах Ш. праявіўся ў ідэалогіі і палітыцы фашызму, жывіць сучасным расізм. Наяўнасць прапагандысцкіх праграм-«прыкрыццяў» камуфлюе Ш. пад прымальную для ўсіх сац. і культ.-асв. ідэалогію, антыгуманізм якой выяўляецца толькі на позняй стадыі масавых псіхозаў і насілля (нацысцкі рух і інш.). На ўзроўні канкрэтнай паліт. практыкі Ш. вядзе да генацыду (яўрэяў і цыганоў у фаш. Германіі, армян у Турцыі ў 1915—16 і г.д.), этн. дэпартацый.
С.А.Яцкевіч.
т. 17, с. 355
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)