Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЕВА́НГЕЛЛЕ НАПРАСТО́ЛЬНАЕ»,
помнік старажытнабеларускага кнігадрукавання. Выдадзена П.Мсціслаўцам у 1575 у Вільні на царк.-слав. мове.
Надрукавана фарматам у аркуш буйным шрыфтам, які спалучае рысы паўустава рус. і бел. рукапісаў. «Е.н.» — асобны тып кнігі, своеасаблівы фаліянт з гравіраванымі франтыспісамі (выявы евангелістаў Іаана, Лукі, Матфея, Марка; мяркуюць, што ксілаграфіі з выявамі евангелістаў зрабіў Мсціславец), якія выкананы ў маньерысцкім стылі і вызначаюцца дэкаратыўнасцю. У трактоўцы фону, што складаецца з арх. дэталей, раслінных матываў, стылізаваных выяў жывёл і інш., спалучаны рысы готыкі і рэнесансу. Змешчана таксама 11 заставак і 4 ініцыялы. Застаўкі нагадваюць т.зв. старадрукарскі арнамент (адлюстраванні акантавага ліста, кедравых шышак, граната і інш.), іх узор выкананы чорнымі лініямі па белым фоне. Выкананыя на высокім для таго часу ўзроўні тэхнікі гравіравання дрэварыты, застаўкі, ініцыялы, а таксама шрыфт з’явіліся ўзорам для шматлікіх выданняў бел., рус., укр. друкарняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКАЯ БІ́БЛІЯ, Радзівілаўская біблія,
помнік польскамоўнага кнігадрукавання на Беларусі. Выдадзена ў 1563 у адной з Брэсцкіх друкарняў на сродкі М.Радзівіла Чорнага, старосты берасцейскага. Адно з лепшых выданняў на той час у ВКЛ і Польшчы. Мае назву «Біблія святая, гэта значыць Кніга Старога і Новага запаветаў з яўрэйскай, грэчаскай і лацінскай нанава на польскую мову са стараннасцю і дакладна перакладзеная». Амаль на кожнай старонцы на палях каментарыі да тэксту. Упершыню ў гісторыі кнігадрукавання на Беларусі змешчаны прадметны паказальнік У пратэстанцкай па накіраванасці прадмове тлумачацца прынцыпы і асаблівасці перакладу, адзначаецца, што за ўзор узята Біблія на франц. мове.
Брэсцкая біблія — вялікі фаліянт, апраўлена ў скураную вокладку з малюнкамі і графічным афармленнем. Выдадзена фарматам «у ліст», мае 738 старонак. Асобныя гравюры паводле кампазіцыі і малюнка, асобных дэталяў узыходзяць да гравюр Ф.Скарыны. Тэкст надрукаваны гатычным шрыфтам у 2 калонкі па 58 радкоў у кожнай. Экзэмпляры Брэсцкай бібліі зберагаюцца ў Дзярж. публічнай б-цы ў Маскве, Цэнтр. б-цы АН Літвы і ў Ягелонскай б-цы ў Кракаве, няпоўны экз. — у Цэнтр.навук. б-цы імя Я.Коласа АН Беларусі.