Песенна-фальклорная лірыка 4/90

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАДЖА́НАЎ (Сяргей Іосіфавіч) (9.1.1924, Тбілісі — 20.7.1990),

кінарэжысёр. Нар. арт. Украіны (1990). Нар. арт. Арменіі (1990). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1951). Працаваў на Украіне, у Грузіі, Арменіі. Выкарыстанне міфал. і легендарных матываў, фальклорная паэтыка, сімволіка прасторы і колеру, спалучэнне традыцый розных нац. мастацтваў у адзінай вобразнай сістэме выявіліся ў фільмах «Цені забытых продкаў» (1966, паводле твораў М.​Кацюбінскага), «Колер граната» (1969, на падставе біяграфіі і паэзіі Саят-Нава; сцэнарый П.), «Легенда пра Сурамскую крэпасць» (1984), «Ашык-Керыб» (1988, абодва з Д.​І.​Абашыдзе). Сярод інш. фільмаў: «Наталля Ужвій» (1957), «Украінская рапсодыя» (1961), «Думка» (1966), «Арабескі на тэмы Пірасмані» (1985). Аўтар арыгінальных калажаў і пластычных кампазіцый. Падвяргаўся ганенням з боку афіц. улад, двойчы быў у зняволенні па сфабрыкаваных абвінавачваннях.

Г.​В.​Ратнікаў.

т. 12, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРТАШЭ́ВІЧ (Галіна Аляксандраўна) (н. 18.6.1932, Слуцк),

бел. фалькларыстка. Д-р філал. н. (1994). Скончыла БДУ (1956). У 1957—93 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, з 1993 у Ін-це павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіруючых работнікаў і спецыялістаў адукацыі. Даследуе праблемы бел. фалькларыстыкі і нар. педагогікі, дзіцячы, каляндарна-абрадавы і пазаабрадавы сучасны фальклор. Складальнік зб-каў «Песні савецкага часу» (1970), «Дзіцячы фальклор» (1972), «Ходзіць жораў па таку» (1993) і інш. Адзін са складальнікаў кн. «Чарадзейныя казкі» (ч. 1—2, 1973—78), «Веснавыя песні» (1979, аўтар уступу і камет.), «Валачобныя песні» (1980), «Беларускія народныя казкі» (1981, 2-е выд. 1986), «Казкі ў сучасных запісах» (1989). Дзярж. прэмія Беларусі 1986 за ўдзел у падрыхтоўцы зводу «Беларуская народная творчасць».

Тв.:

Вершаваныя жанры беларускага дзіцячага фальклору. Мн., 1976;

Сустрэчы з казкай. Мн., 1984 (разам з К.​П.​Кабашнікавым);

Беларуская народная паэзія веснавога цыкла і славянская фальклорная традыцыя. Мн., 1985;

Магічнае слова: Вопыт даслед. светапогляднай маст. асновы замоў. Мн., 1990;

Жанравая спецыфіка каляндарна-абрадавай паэзіі ўсходніх славян // Узроўні агульнасці фальклору ўсходніх славян. Мн., 1993.

І.​У.​Саламевіч.

т. 2, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАГРА́МНАЯ МУ́ЗЫКА,

род інструментальнай музыкі, якая ўвасабляе пэўную, абвешчаную кампазітарам тэму (сюжэт). Праграма выкладаецца ў выглядзе загалоўка твора ці яго частак, эпіграфа або ў разгорнутай літ. форме. Асн. віды праграмнасці: карцінная (развіццё аднаго ці некалькіх муз. вобразаў без істотных змен на працягу ўсяго ўспрыняцця) і сюжэтная, якая ўключае абагульнена-сюжэтную (у музыцы адлюстраваны асноўныя сюжэтныя вузлы літ. першакрыніцы) і паслядоўна-сюжэтную (музыка ідзе за ўсімі перыпетыямі сюжэта). Сродкамі вобразнай канкрэтызацыі музыкі выступаюць прыёмы гукапісу, муз. жанр, стыль, тып муз. драматургіі, характэрныя нац. рысы муз. мовы. Будову твораў вызначаюць агульныя прынцыпы муз. формаўтварэння (монатэматызм, варыяцыйнасць, свабодна трактаваная санатная форма).

Вядома са старажытнасці. Сярод твораў эпохі барока канцэрты «Поры года» А.​Вівальдзі, «Капрычыо на ад’езд любага брата» І.​С.​Баха, у творчасці венскіх класікаў «Развітальная сімфонія» І.​Гайдна, «Пастаральная», уверцюры «Эгмант» і «Карыялан» Л.​Бетховена. Росквіту дасягнула ў эпоху рамантызму, калі склаліся многія яе жанры, якія атрымалі развіццё ў 20 ст. Сярод твораў: «Фантастычная сімфонія» Г.​Берліёза, сімфоніі «Манфрэд» П.​Чайкоўскага, «1905 год» Дз.​Шастаковіча, сімф. паэмы «Прэлюды» Ф.​Ліста, «Тыль Уленшпігель» Р.​Штрауса, «Паэма экстазу» А.​Скрабіна, «Пасіфік-231» А.​Анегера, сімф. карціны «Ноч на Лысай гары» М.​Мусаргскага і «Кікімара» А.​Лядава, фп. «Эцюды-карціны» С.​Рахманінава, сімф. сюіты «Шахеразада» М.​Рымскага-Корсакава і «Скіфская сюіта» С.​Пракоф’ева, сімф. цыклы «Накцюрны» і «Мора» К.​Дэбюсі, цыклы фп. мініяцюр «Карнавал» Р.​Шумана і «Каталог птушак» А.​Месіяна.

У бел. музыцы ўвасоблены ўсе жанры і тыпы П.м. Трывалы кірунак яе развіцця — фальклорная лінія, дзе муз. праграма канкрэтызуецца праз змест тэкстаў бел. нар. песень, на напевах якіх грунтуецца інстр. тэматызм твору («Беларускае вяселле» А.​Абрамовіча, «Родныя напевы» П.​Падкавырава, «Забавы» В.​Войціка, «Батлейка» В.​Помазава). Поруч з карцінамі прыроды і нар. побыту асновай праграмы выступаюць рэальныя падзеі гісторыі і сучаснасці («У суровыя дні» М.​Аладава, «Вечна жывыя» Г.​Вагнера, «Фрэскі» Л.​Абеліёвіча, «Мемарыял» У.​Дарохіна, дзе ў розных жанрава-стылявых ракурсах адлюстравана тэма Вял. Айч. вайны). Невычарпальная крыніца П.м. — тэмы, сюжэты і вобразы літаратуры і выяўл. мастацтва («Альпійская сімфонія-балада» Я.​Глебава паводле В.​Быкава, 8-я сімфонія Дз.​Смольскага з вершамі І.​Бродскага, «Капрычас» С.​Картэса, «Снетагорскія фрэскі» Г.​Гарэлавай). У паэтыцы бел. П.м. канца 20 ст. ўзмацнілася роля сімвала, метафары, асацыятыўнага мыслення («Цэзій-137» В.​Кузняцова, «Вір» А.​Літвіноўскага, «Святло на шляху» Я.​Паплаўскага).

Літ.:

Хохлов Ю.Н. О музыкальной программности. М., 1963.

Р.​М.​Аладава.

т. 12, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЛЕ́НГА-ХАДАКО́ЎСКІ (Зарыян Якаўлевіч) (сапр. Чарноцкі Адам; 24.12.1784, каля в. Гайна Лагойскага р-на Мінскай вобл. — 17.11.1825),

славяназнавец, пачынальнік бел., польск., рус. і ўкр. археалогіі, фалькларыстыкі, этнаграфіі і дыялекталогіі. Чл.-кар. варшаўскага Т-ва сяброў навук (1819), чл. пецярбургскага Вольнага т-ва аматараў расійскай славеснасці (1819), маскоўскага Т-ва гісторыі і старажытнасцей расійскіх (1820). Працаваў у Мінску прыватным адвакатам, у 1814—18 у б-цы Крамянецкага ліцэя, б-цы апекуна Віленскай навуч. акругі А.​Чартарыйскага ў Пулавах (Люблінскае ваяв.) і інш., у мінскіх архівах вывучаў стараж. бел. акты і граматы. Падарожнічаў па Польшчы, Галіцыі, Палессі. Даследаваў гарадзішчы ў Полацку, Віцебску, Тураве, Бабруйскім пав., каля Брэста, Гомеля, Магілёва, в. Старое Сяло Віцебскага пав., запісваў фальклор, дыялектную лексіку, абрады. У 1820—21 збіраў і вывучаў археал., дыялектны, этнагр. і фальклорны матэрыял на Поўначы Расіі. Найб. значная яго праца «Пра славяншчыну да хрысціянства» (1818), у якой упершыню зрабіў спробу апісаць стараж.-славянскі побыт, культуру і нар. творчасць у дахрысціянскі перыяд, намеціў праграму комплексных даследаванняў слав. і суседніх народаў. У «Даследаваннях адносна рускай гісторыі» (1819) крытыкаваў некат. палажэнні «Гісторыі дзяржавы Расійскай» М.​Карамзіна, удакладніў факты, звязаныя з гісторыяй Беларусі (у наступных выданнях Карамзін улічыў іх). У «Праекце вучонага падарожжа па Расіі для вытлумачэння старажытнай славянскай гісторыі» (1820) і «Гістарычнай сістэме Хадакоўскага» (апубл. 1838) абгрунтаваў археал. тэорыю гарадзішчаў, прынцыпы збору фальклору і дыялектнай лексікі, упершыню ў славістыцы паказаў ролю тапанімікі для гіст. даследаванняў, склаў рэестр агульнаслав. тапонімаў (у т. л. беларускіх), вызначыў тэр. пашырэння бел. мовы. Большасць яго прац не апублікавана: збор бел. (каля 500) і рус. песень, запісы замоў, загадак, слоўнікі, матэрыялы па слав. этнаграфіі, дыялекталогіі, тапаніміцы, археалогіі. Фальклорная спадчына Д.-Х. — самы багаты збор твораў слав. нар. паэзіі таго часу як па колькасці запісаў, так і па рэгіёну збірання. Гэта першая спроба сістэматычнага, свядомага запісвання (з элементамі навук. пашпартызацыі) слав. фальклору ў яго жанравай разнастайнасці. Яго навук. і збіральніцкая дзейнасць была ўзорам і праграмай для навук. аб’яднанняў Беларусі, Украіны, Польшчы і Расіі. Многія славяназнаўчыя праблемы (слав. этнагенез, прарадзіма славян), вылучаныя ім, актуальныя і сёння.

Тв.:

O Slawiańszczyźnie przed chrześcjaństwem oraz inne pisma i listy. Warszawa, 1967;

Spiewy slawiańskie pod strzechą wiejską zebrane. Warszawa, 1973;

Українські народні пісні в записах Зоріана Доленги-Ходаковського. Київ, 1974.

Літ.:

Аксамітаў АС., Малаш Л.А. З душой славяніна: Жыццё і дзейнасць З.​Я.​Даленгі-Хадакоўскага. Мн., 1991;

Аксамітаў А. Ля вытокаў беларускага мовазнаўства: Са спадчыны Зарыяна Даленгі-Хадакоўскага // Роднае слова. 1992. № 5;

Maśłanka J. Zorian Dołęga Chodakowski. Wrocław etc., 1965.

Л.​А.​Малаш-Аксамітава.

т. 6, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРА́Д,

комплекс строга вызначаных чыннасцяў, слоўных формул, жэстаў, абумоўленых пэўнымі рэліг. вераваннямі. Абрад абслугоўваюць рэліг. культы, звязаныя з імі грамадска-прававыя акты і працоўныя працэсы. Мэта абраду — забеспячэнне магічным чынам спрыяльнага развіцця прыродных з’яў, плёну ў працы, дабрабыту, здароўя, працягласці роду і інш.

Структура абраду бывае даволі складаная: яна мае «ядро» — асн. чыннасці — і шэраг свабодных, імправізацыйных дзеянняў, за кошт якіх фарміруюцца лакальныя або часавыя варыянты. Этнічныя варыянты блізкіх абраду найб. цікавыя і інфарматыўныя. Як правіла, найб. важныя нар. абрады паходзяць з вельмі даўніх часоў. Яны фарміраваліся на архаічнай ідэалаг. аснове і з’яўляюцца рэалізацыяй глыбока закаранёных у нар. свядомасці ўяўленняў пра навакольны свет, жыццё прыроды і чалавека, адносіны чалавека з космасам і да т.п.

Бел. нар. абрады падзяляюцца на каляндарныя, звязаныя з урачыстасцямі паваротных пунктаў гадавога сонечнага цыкла, і сямейныя, якія сакралізуюць змены ў грамадскім статусе чалавека, прымеркаваныя да асн. момантаў яго жыцця: нараджэнне (гл. Радзіны), наданне імя, уступленне ў шлюб (гл. Вяселле), пахаванне. Сямейныя абрады былі ў пэўнай залежнасці ад каляндарных (напр., вяселлі дазвалялася ладзіць толькі ў непаставыя тыдні). Багатая абраднасць беларусаў сведчыць пра складанае ўзаемадзеянне нар. язычніцкай абраднасці з абраднасцю хрысціянскай (гл. Абрады рэлігійныя). Язычніцкая аснова абраду ў большасці засталася непарушная, хрысціянства наклалася на гэту сістэму тонкім пластом (наданне пэўным святам імёнаў святых, прымеркаванне сваіх міфаў, сімволікі і інш.). Так, да стараж. навагодняга свята Вялікадня далучана Пасха і паданні пра замардаванне і дзівоснае ўваскрэсенне Ісуса Хрыста, дзень Вялеса (Масленка) стаў запустамі, дзень Ярылы-Юр’я — днём св. Георгія, зялёныя святкі — Тройцай (гл. Сёмуха), Купалле — днём св. Яна і да т.п. Аднак многія абрады засталіся чыста язычніцкія, без далучэння хрысціянскай міфалогіі: пахаванне «стралы» ў Пасожжы, «куст» на Піншчыне, «жаніцьба Цярэшкі» на Полаччыне, «жаніцьба коміна» на Палессі і інш. Гэтыя абрады складаюць адметнасць бел. абрадавай творчасці. З гадавымі ўрачыстасцямі звязваецца шмат абрадаў, абумоўленых логікай святкавання, станам прыроды, прац. задачамі. Асн. з іх: памінанне продкаў (Дзяды, Радаўніца), абходы двароў з віншавальна-велічальнымі песнямі, драм. сцэнкамі, танцамі, музыкай, варажба, магічныя засцерагальныя дзеянні, абрадавыя гульні, ачышчэнне вадой і агнём, ахвяраванні і калектыўныя бяседы. Кожны значны абрад уключае асобныя элементныя абрады. Так, вясельны комплекс уключае абрад «віццё вянка», «вянок» (дзявочы вечар; гл. Саборная субота), каравайны абрад (гл. Каравай), благаславенне або пасад, царкоўны шлюб, праводзіны і сустрэчу маладых (прылучэнне да роду), дарэнне і інш.; абрад дажынак (гл. Дажынкі) — віццё вянка гаспадару, дзеянні з апошнім снапом, гуканне Спарыні. Даволі складаны комплекс абраду суправаджаў першы выган жывёлы ў поле, заворванне нівы, засеўкі і інш.

Многія бел. абрады маюць аналагі ў абрадавай практыцы ант. народаў. Найб. уражлівы прыклад, занатаваны ў пач. 20 ст., — абрадавы дыялог, прысвечаны хлебу. Святар, хаваючыся за вялізным мядовым пірагом на свята ўраджаю, пытаўся ў прысутных, ці бачаць яны яго, і жадаў, каб налета зусім не бачылі. Гэты абрад, які быў у язычніцкім храме ў Аргоне (на в-ве Руген), апісаны дацкім храністам 12 ст. Саксонам Граматыкам. Гл. таксама Абрадавае печыва, Абрадавыя стравы.

Літ.:

Занкевич А. Белорусские свадебные обряды и песни сравнительно с великорусскими. Спб., 1897;

Аничков Е. Весенняя обрядовая поэзия на Западе и у славян. Ч. 1—2. Спб., 1903—05;

Радзінная паэзія. Мн., 1971;

Круть Ю.З. Хліборобська обрядова поезія слов’ян. Київ, 1973;

Песні народных свят і абрадаў. Мн., 1974;

Ліс А.С. Купальскія песні. Мн., 1974;

Яго ж. Валачобныя песні. Мн., 1989;

Яго ж. Жніўныя песні. Мн., 1993;

Зімовыя песні. Мн., 1975;

Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы: Зимние праздники. М., 1973;

Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы: Конец XIX — начало XX в.: Весенние праздники. М., 1977;

Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы: Летне-осенние праздники. М., 1978;

Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы: Ист. корни и развитие обычаев. М., 1983;

Курочкін О.В. Новорічні свята українців. Київ, 1978;

Вяселле: Абрад. Мн., 1978;

Соколова В.К. Весенне-летние календарные обряды русских, украинцев и белорусов, XIX — начало XX в. М., 1979;

Гурский А.И. Зимняя поэзия белорусов. Мн., 1980;

Мажэйка З.Я. Песні беларускага Паазер’я. Мн., 1981;

Народны тэатр. Мн., 1983;

Палескае вяселле. Мн., 1984;

Маслова Г.С. Народная одежда в восточнославянских традиционных обычаях и обрядах XIX — начала XX в. М., 1984;

Барташэвіч Г.А. Беларуская народная паэзія веснавога цыкла і славянская фальклорная традыцыя. Мн., 1985;

Тавлай Г.В. Белорусское купалье: Обряд, песня. Мн., 1986;

Пахаванні. Памінкі. Галашэнні. Мн., 1986;

Борисенко В.К. Весільні звичаї та обряди на Україні. Київ, 1988;

Круглов Ю.Г. Русские обрядовые песни. 2 изд. М., 1989;

Земляробчы каляндар: (Абрады і звычаі). Мн., 1990;

Кухаронак Т.І. Радзінныя звычаі і абрады беларусаў: канец XIX—XX ст. Мн., 1993;

Жаніцьба Цярэшкі. Мн., 1993;

Беларускія народныя абрады / Скл. Л.​П.​Касцюкавец. Мн., 1994.

Л.​М.​Салавей, І.​У.​Саламевіч.

т. 1, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЯНДА́РНА-АБРА́ДАВАЯ ПАЭ́ЗІЯ,

творчасць, якая суправаджала агр. святы і працу земляроба на працягу гаспадарчага года; від фальклору. Ёсць у многіх народаў Еўропы. Каляндарна-абрадавая творчасць беларусаў як нац. адметная з’ява склалася не пазней 14—16 ст. Яна багата развілася, добра захавалася і з’яўляецца феноменам бел. традыцыйнай культуры. Вылучаюцца 4 цыклы: зімовы, веснавы, летні і асенні. Кожная пара года мела адпаведныя рытуалы, звычаі, песеннае суправаджэнне. Агульнымі ў іх былі агр. аснова, мэтавая ўстаноўка, паасобныя матывы. Усе абрадава-песенныя комплексы прасякнуты клопатам пра будучыню сял. двара і сям’і: у пару засеяць ніву, вырасціць і сабраць ураджай, уратаваць яго ад стыхіі, статак — ад паморку і звяроў. Мела таксама эстэт. значэнне і гулліва-пацяшальную функцыянальнасць. Уключае больш за 25 песенных разнавіднасцей.

Зімовыя песні і абрады прызначаны былі загадзя паспрыяць ураджаю, зберагчы азімы пасеў, рунь на палях. Насычанасцю абрадамі і песнямі вылучаліся святкаванні беднай і шчодрай куцці, каляд. Шмат увагі ў час калядна-навагодніх урачыстасцей аддавалася агр. і любоўнай варажбе, розным гасп. павер’ям і прыкметам. Зорнае неба на куццю абяцала ўраджай ягад і грыбоў, іней на дрэвах — багатую квецень у садах, снег і мяцеліца — частае раенне пчол. Гал. месца ў зімовым цыкле належала калядаванню і шчадраванню. Паэт. ядро яго складалі калядныя песні (у г.л. шчадроўскія, гл. Шчадрэц), якім уласцівы метафарычнасць, сімвалізм, пластыка вобразаў. Зімовы цыкл уключаў піліпаўскія песні, ігрышчы, драм. дзействы з пераапрананнем, абрадавы абход з «казой», звяздой, аграрна-шлюбную гульню «Жаніцьба Цярэшкі» і інш. На масленіцу выконваліся масленічныя песні, іх прызначэнне — наблізіць прыход вясны. Яны суправаджалі гульні моладзі, абход двароў, дзе была сёлетняя нявеста, выражалі матыў заклінання будучага ўраджаю. Веснавыя песні і абрады былі закліканы асвячаць час адраджэння прыроды, пачатку палявых работ, яравых усходаў, выгану жывёлы на пашу. Веснавы цыкл абрадаў уключаў гуканне вясны, вяснянкі, валачобны абрад і валачобныя песні, ваджэнне карагодаў, абрадавы выган жывёлы на юр’еву расу і юраўскія песні, ушанаванне памяці продкаў на Радаўніцу, Сёмуху або Тройцу; з культам расліннасці звязаны русальны тыдзень з русаллямі, абрад куста, траецкія песні, русальныя песні, куставыя песні і інш. Летнія песні і абрады паводле архаічнай свядомасці адлюстроўвалі клопаты пра захаванне збажыны ў пару яе даспявання, павінны былі садзейнічаць паспяховаму збору ўраджаю. Абрады, звычаі, паданні, павер’і Купалля, маляўнічыя паводле зместу і формы, нясуць адбітак стараж. уяўленняў. Купальскія песні і пятроўскія песні пранікнёна паэтызуюць хараство прыроды ў пару яе найб. росквіту. Яны стварылі поўныя пяшчоты і першароднай чысціні дзявочыя вобразы, а таксама вобразы міфалагічныя. Уласна летнімі лічацца жніўныя песні, якія непасрэдна перадаюць атмасферу самай гарачай пары года ў жыцці сял. сям’і — жніва, цяжкай працы, перажыванняў жняі, сац. адносіны, якія асабліва выявіліся ў песнях часоў прыгону. Важны элемент летняга цыкла — дажынкі. Асенні перыяд, звязаны з уборкай яравых, выбаркай і апрацоўкай лёну, сяўбой азімых — заканчэннем палявых работ, характарызаваўся дамінаваннем у восеньскіх песнях, якія спявалі толькі жанчыны, перадвясельных матываў, развіццём у іх моцнага лірычнага пачатку. Сярод восеньскіх свят вылучаліся пакровы, багач і асабліва змітраўскія дзяды (асяніны). Позняя восень, калі наступала перадышка ў гасп. рабоце, была спрыяльным часам для традыц. збораў (вечарынкі, попрадкі і інш.), дзе спявалі, загадвалі загадкі, расказвалі казкі. У межах усіх цыклаў бытавалі талочныя песні, якія спявалі пры застоллі пасля талакі. Разам з валачобнымі і восеньскімі песнямі яны — нац. адметная частка бел. фальклору. У жанравых адносінах К.-а.п. вельмі разнастайная: апрача каларытных абрадаў і звычаяў яна ўключае заклінальныя, велічальныя, баладныя, жартоўныя, лірычныя песні, рацэі, прыказкі, прымаўкі, паданні. У каляндарных прыказках і прымаўках адлюстраваліся шматвяковыя назіранні над прыродай, практычныя веды, парады, філас. абагульненні («Сей авёс у гразь — будзеш як князь», «Якое семя, такое і племя!», «Прыйшоў багач — кідай рагач, бяры сявеньку і сей памаленьку»), К.-а.п. як паэзія зямлі па сваёй сутнасці пераняла ад прыроды, працоўна-вытв. земляробчага побыту сваю выяўл палітру. Міфал. вобразы, народжаныя фантазіяй, суіснуюць у ёй з тымі, што ўзяты з рэчаіснасці, створаны па законах рэаліст. мастацтва. Вобразы сонца, вясны, купалкі, жыта, спарыша, зямлі суседнічаюць з вобразамі селяніна-гаспадара, хлопца, дзяўчыны, жняі-пастацянкі і інш. У велічальных песнях шырока карыстаюцца гіпербалай, беручы параўнанні з касм. і гасп. сфер. Яна мае характэрныя пастаянныя эпітэты («вясна-красна», «раса мядовая», «сяўба залатая». «сярпы сталёвыя або залатыя», «віно зеляно»). Уплыў хрысціянства закрануў нар. паэзію вонкава. Яна толькі часткова ўспрыняла паасобныя элементы хрысц. міфалогіі. Юрай, Мікола, Ілья, Пятро з песень гадавога круга — тыя ж сяляне, ратаі і сейбіты. І клопат іх пра жыта караністае ды ядраное, пра юр’еву расу, пагодлівы сенакос, раі семяністыя ды мядзістыя — чыста сялянскі. Асн. песенны фонд К.-а.п. яшчэ досыць трывала захоўваецца ў памяці вясковых жыхароў старэйшага пакалення Высокая эстэт. вартасць лепшых узораў К.-а.п. мае значэнне жыватворнай крыніцы для прафес культуры — л-ры, музыкі, выяўл. мастацтва і інш.

Публ.:

Шырма Р.Р. Беларускія народныя песні. Т. 3. Мн., 1962;

Песні сямі вёсак;

Традыц. нар. лірыка Міншчыны. Мн., 1973;

Жніўныя песні. Мн., 1974;

Песні народных свят і абрадаў. Мн., 1974;

Зімовыя песні: Калядкі і шчадроўкі. Мн., 1975; Веснавыя песні. Мн, 1979; Валачобныя песні. Мн., 1980; Восеньскія і талочныя песні. Мн., 1981; Купальскія і пятроўскія песні. Мн., 1985; Беларускі фальклор у сучасных запісах: Традыц. жанры. Гомельская вобл. Мн., 1989; Земляробчы каляндар: (Абрады і звычаі). Мн.. 1990; Паэзія беларускага земляробчага календара Мн., 1992; Жаніцьба Цярэшкі. Мн.,1993; Песні Беласточчыны. Мн., 1997.

Літ.:

Аничков Е.В. Весенняя обрядовая песня на Западе и у славян. Ч. 1—2. СПб., 1903—05;

Гілевіч Н. Наша родная песня Мн., 1968;

Круть Ю.З. Хліборобська обрядова поезія слов’ян. Київ, 1973;

Ліс.А Купальскія песні. Мн., 1974;

Ягож. Валачобныя песні. Мн., 1989;

Яго ж. Жніўныя песні. Мн., 1993;

Яго ж. Каляндарпаабрадавая творчасць беларусаў: Сістэма жанраў. Эстэт. аспект. Мн., 1998;

Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы, XIX — начало XX в.: Зимние праздники. М., 1973;

Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы, конец XIX — начало XX в.: Весенние праздники. М., 1977;

Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы. конец XIX — начало XX а: Летне-осенние праздники. М., 1978;

Кледарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы: Ист. корни и развитие обычаев. М., 1983;

Соколова В.К. Весенне-летние календарные обряды русских, украинцев и белорусов, XIX — нач. XX в. М., 1979;

Гурский А.И. Зимняя поэзия белорусов. Мн., 1980;

Мажэйка З.Я. Песні беларускага Паазер’я. Мн., 1981;

Яе ж. Календарно-песенная культура Белоруссии. Мн., 1985;

Барташэвіч Г.А. Беларуская народная паэзія веснавога цыкла і славянская фальклорная традыцыя. Мн., 1985;

Тавлай Г.В. Белорусское купалье: Обряд, песня. Мн., 1986, Круглов Ю.Г. Русские обрядовые песни. 2 изд. М., 1989;

Беларускія народныя абрады / Склад. Л.​П.​Касцюкавец. Мн., 1994.

А.​С.​Ліс, І.​У.​Саламевіч.

т. 7, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНАЯ ПАЭТЫ́ЧНАЯ ТВО́РЧАСЦЬ,

вусная народная творчасць, фальклор, адзін з відаў маст. творчасці народа, што адлюстроўвае рэчаіснасць у вобразах, створаных паэт. словам. Узнікла ў дакласавым грамадстве. Адлюстроўвае гісторыю і працоўны вопыт народа. Сцвярджае дабро і справядлівасць, стварыла высокія паэт. ўзоры.

Каляндарна-абрадавая паэзія і сямейна-абрадавая паэзіянайб. стараж. віды бел. фальклору. Аграрна-магічны характар у старажытнасці мелі ўсе песні, прымеркаваныя да святаў нар. земляробчага календара. Паводле міфапаэтычнага светаразумення яны магічным чынам садзейнічалі спору і плёну ў гаспадарцы, спрыялі дабрабыту і шчасцю сял. сям’і. Як і ў інш. слав. народаў, багаты раздзел бел. фальклору складае паэзія земляробчага каляндарнага круга. Абрады, звычаі і вераванні, песенныя цыклы, якімі абрасталі гадавыя святы, суправаджалі працу хлебароба, усю яго жыццядзейнасць дома, у полі, у лесе, у дачыненнях з жывой і нежывой прыродай, таму шырока адлюстравалі яго светапогляд, побыт, духоўнае жыццё. На іх аснове ўтварыўся своеасаблівы с.-г. каляндар, у якім адбіўся жыццёвы вопыт народа-сейбіта і ратая, яго стыхійна-матэрыяліст. светапогляд. Выяўлены ў абрадах, песнях, прыказках і прымаўках, звычаях і вераваннях, ён перадаваўся з пакалення ў пакаленне і стагоддзямі быў няпісаным маральна-этычным кодэксам народа.

Каляндарна-абрадавая паэзія падзяляецца на цыклы зімовы, веснавы, летні і восеньскі. Зімовы цыкл пачыналі піліпаўскія песні, якія спявалі ў піліпаўскі пост, што цягнуўся 6 тыдняў (ажно да Каляд). Гэта быў час попрадак. Жартоўныя матывы гэтых песень здымалі аднастайнасць руціннай работы. Свята Каляд было ў гонар Новага года. Яно звязана з зімовым сонцаваротам: дзень пачынаў расці, набліжаючы вясну. Каляды святкавалі з рознымі абрадамі, варажбою, гал. ч. у апошні вечар старога года (багатая куцця, ці шчадруха). Калядныя песні і шчадроўскія песні спявалі калядоўшчыкі (некалі нават плацілі калядны падатак) — звычайна хлопцы і маладыя мужчыны, ходзячы ад хаты да хаты. Спевамі яны віншавалі гаспадароў і іх дзяцей; вадзілі «казу», якая лічылася апекуном ураджаю («дзе каза рогам, там жыта стогам»), Песні калядоўшчыкаў маюць пераважна заклінальны і велічальны, а таксама гумарыст. характар. Бел. калядкі і шчадроўкі дастасаваны найперш да земляробчай дзейнасці чалавека, тут чэрпаюць свае сюжэты, вобразы, паэтыку. Тыпалагічна яны блізкія да ўкр. калядных песень. У калядныя вечары моладзь ладзіла гульні «Жаніцьба Цярэшкі», «Яшчар» і інш., якіх не маюць рускія і ўкраінцы. Ачышчэнне ў абрадах увасобілася ў шырокай весялосці — гульнях, карагодах, пераапрананні. Менавіта ў каляндарных абрадавых сцэнках і ігрышчах пачатак народнага тэатра. На мяжы зімовых і веснавых песенных цыклаў узніклі масленічныя песні. Абрады адбівалі магічнае завяршэнне зімы, таму зместам іх было культавае ўшанаванне сонца і цяпла, абрадавай сытасці (рытуальнай ежай былі бліны як сімвал сонца). Асн. матывы песень — замужжа, шлюб, сямейнае жыццё. Сярод іх шмат гумарыстычных. Ад Каляд да «запустаў» (пачатку Вялікага посту) быў перыяд вяселляў. Бел. веснавы каляндарна-фальклорны цыкл мае больш за 10 песенных разнавіднасцей. Вяснянкі (веснавыя песні), юраўскія і валачобныя песні склалі бел. фальклорную класіку. Песні гукання вясны маюць тыпова магічную скіраванасць. Галоўны іх вобраз — «залатыя ключы», якімі «адмыкаюць» лета, «замыкаюць» зіму, а вобраз Вясны ў іх самы яскравы і каларытны. Сродкамі паэтыкі створана шырокая панарама абуджэння зямлі, яе абнаўлення. Самае віднае месца сярод веснавых займалі валачобныя песні. Валачобнікі, як і калядоўшчыкі, хадзілі па дварах і віншавалі спевам гаспадароў. Зместам і характарам валачобныя песні падобныя на велічальныя песні калядоўшчыкаў, толькі велічанне ў іх яшчэ больш яркае. Вобраз чалавека ў гэтых песнях паказаны з усім яго язычніцка-наіўным унутр. светам і пачуццямі. А.​Я.​Багдановіч падкрэсліваў, што нідзе ў бел. песнях не адводзіцца такое пачэснае месца земляробчай працы, як у валачобных. З увядзеннем хрысціянства на некат. валачобных песнях адбіўся ўплыў новай афіц. рэлігіі, што, аднак, не змяніла іх паэт. сутнасці, глыбінна-зямнога сэнсу. Р.​Р.​Шырма адзначаў, што дзейнымі асобамі валачобных песень часта былі святыя, але яны былі найперш заняты працаю. Гэта рэальныя тыпы, створаныя фантазіяй народа. Песні такія сталі своеасаблівым падрабязным паэт. календаром правядзення работ у полі. Валачобныя песні — адна з самых яркіх з’яў у бел. вуснай нар. творчасці. Гэты жанр так шырока ўласцівы толькі бел. фальклору (крыху падобныя песні ёсць у сербаў). З першым выганам жывёлы ў поле звязаны юраўскія песні ў беларусаў і балгар. Іх ключавы матыў — «адмыканне» зямлі, «выпусканне» расы. Многія вяснянкі, юраўскія і песні «зялёных святкаў» прысвечаны каханню і шлюбу. Такія ж пераважна і песні веснавых карагодаў, бо сезон вяселляў пачынаўся з Вялікадня, захопліваў Сёмуху і цягнуўся да Пятровага посту. Талочныя песні выкліканы да жыцця стараж. звычаем працоўнай узаемадапамогі. У іх радасць, весялосць, гарэзлівасць. Талокі пашыраны толькі ў беларусаў і ў балтыйскім рэгіёне. «Зялёныя святкі» праводзіліся ўжо на пераходзе вясны ў лета. У канцы вясны святкаваўся русальны, або граны, зялёны тыдзень, абрады і песні (гл. Русальныя песні) якога звязаны з культам продкаў і культам расліннасці. Да найб. даўніх абрадаў адносіліся Дзяды (памінанне продкаў), абрады «ваджэння русалкі» і «ваджэння куста» (гл. Куставыя песні) на Піншчыне і на Украіне. Самае значнае і самае стараж. свята летняй пары — Купалле, прымеркаванае да летняга сонцастаяння, калі сонца знаходзіцца ў самым зеніце, дзень дасягае свайго апагея, а прырода набірае найб. сілы. Селянін клапаціўся пра ўраджай, каб ніякія злыя сілы не нашкодзілі яму. У беларусаў свята праводзілася з большай пышнасцю, чым у іншых. У купальскую ноч раскладалі агні, скакалі праз іх, купаліся ў рэчках і азёрах, качаліся па расе, шукалі кветку папараці. Аграрна-магічнае прызначэнне абрадаў з купальскімі песнямі мела заклінальны характар. Пра сувязь купальскіх абрадаў і песень з язычніцкім культам раслін і стараж. анімістычным светапоглядам сведчаць і павер’і пра размову дрэў. травы, каменняў, якую той ноччу можна падслухаць і зразумець, і вобраз міфічнага бажаства Купалы, многія вобразы паэтыкі песень, узятыя з расліннага свету (Папараць-кветка). Такіх песень дайшло мала. Найбольш з матывамі шлюбнымі і любоўнымі. Працяг купальскіх — Пятроўскія песні, якія спяваліся на Пятра (12 ліп.). У купальскіх і пятроўскіх песнях адлюстравана еднасць чалавека з прыродаю. Жніво ведала некалі шэраг аграрна-магічных абрадаў — ушанаванне першага і апошняга снапоў, якія прыносілі дамоў і ставілі на покуці, «завіванне барады» на дажынках, кулянне па пожні са словамі «Ніўка, ніўка, аддай маю сілку!», завіванне вянка з каласоў, плата жнеям за вянок, які прыносілі гаспадару з поля і інш. Сляды стараж. анімістычнага светапогляду прысутнічаюць і ў жніўных песнях, дзе аб’екты прыроды надзелены антрапамарфічнымі рысамі. Найперш у гэтых песнях услаўляецца гаспадар нівы і яго жонка-жняя. Сярод бел. традыц. песень найбольш захавалася не заклінальных і велічальных, а элегічна-журботных, тужлівых або гнеўных, іранічна-насмешлівых, а таксама тых, што адлюстроўваюць гаротнае становішча селяніна ва ўмовах прыгоннага ладу, вясковай жанчыны-працаўніцы і гаротніцы. Гэта творы пазнейшага паходжання і рэаліст. характару.

У выніку параўнальнага вывучэння земляробчых абрадаў і фальклору, даследчыкі прыйшлі да вываду пра пэўную супольнасць (пры выразнай нац. спецыфіцы) вераванняў і поглядаў розных слав. народаў, блізкасць іх звычаяў, маральных установак, этычных і эстэт. нормаў, густаў, ідэалаў. Укр. вучоны Ю.​З.​Круць даказаў, што ўкр., бел. і польскія жніўныя песні найб. збераглі элементы абраднасці з лірычнымі і сац.-бытавымі матывамі. У рускіх пераважаюць матывы сямейныя. Польскія бурлескна-камічна велічаюць пана і высмейваюць яго прыслужнікаў. Славацкія, чэшскія і мараўскія бяднейшыя на сац.-бунтоўныя настроі (пераважаюць кароценькія інтымныя і пейзажныя прыпеўкі). У балгарскіх і сербскахарвацкіх песнях разгорнуты сумна-элегічныя баладныя сюжэты, тэма барацьбы супраць турэцкага паняволення Гэта адметнасць паміж жніўнымі песнямі славян тлумачыцца пераважна гісторыка-эканам.. паліт. і культ. ўмовамі іх жыцця.

Замыкалі гадавое кола каляндарна-абрадавай паэзіі восеньскія песні. Спявалі іх найчасцей жанчыны і дзяўчаты на супрадках, доўгімі асеннімі вечарамі, на вольным паветры, беручы лён, жнучы ярыну, збіраючы грыбы. У іх назіраецца глыбокая псіхалагізацыя вобраза чалавека, шырокае выкарыстанне вобразных рэалій прыроды.

Сямейна-абрадавая паэзія канцэнтравалася вакол нараджэння, вяселля і смерці чалавека. Радзінныя песні ў беларусаў захаваліся больш поўна, чым у рускіх і ўкраінцаў. Яны суправаджалі нараджэнне дзіцяці і мелі магічны характар. Іх асн. змест — радасць сямейнага свята. Гэтыя песні позняга паходжання, не абрадавыя, а бытавыя, звычаёвыя. Яны спяваліся немаўляці, бацькам, бабцы-павітусе і куму з кумою; бабцы і кумам — дабрадушна-жартоўныя і гумарыстычныя. Нямала сярод радзінных на хрэсьбінах спявалася і фрывольных, эратычных (незамужняя моладзь, паводле звычаю, на хрэсьбіны не дапускалася). Самы багаты раздзел у традыц. нар. лірыцы беларусаў — вясельныя песні (за адно вяселле спявалася больш за 300 песень). Іх спявалі на розных этапах вясельнага рытуалу, які Е.​Раманаў назваў «своеасаблівай операй». Некат. даюць мажлівасць улавіць абрадава-магічны сэнс, большасць жа — бытавая лірыка. Яны адлюстроўваюць розныя этапы шлюбу: «умыканне», купля-продаж нявесты і г.д. Усе песні заклінальнага характару прасякнуты клопатам пра шчасце маладой сям’і. Пажаданні ў іх мелі магічнае значэнне: паспрыяць дабрабыту маладых, засцерагчы іх ад бяздзетнасці і г.д. Магічны характар добра відзён у каравайных песнях: каравай сімвалізаваў багацце і дастатак як аснову шчасця сям’і. Больш захавалася песень велічальнага характару маладому і маладой, іх быту. Вылучаюцца рэаліст. элегічныя песні пра думкі маладой аб сваёй будучыні. Іх асн. матывы — развітанне з бацькоўскім домам і дзявочай воляй, прадчуванне гаротнага жыцця замужам і г.д. Вясельная паэзія беларусаў — самая багатая сярод вясельнага фальклору інш. народаў. Тысячы нар. песень услаўляюць каханне (гл. Песні пра каханне). Шчырасць, душэўная чысціня і даверлівасць закаханых хлопца і дзяўчыны, вышыня маральных ідэалаў працоўнага чалавека, трываласць яго духоўных асноў выказана ў нар. лірыцы кахання з незвычайнаю сілаю маст. абагульнення. Вельмі пашыраны песні аб жаночай долі, у якіх паказана жыццё з нялюбым, цяжкая праца ў сям’і мужа; жаласныя песні пра жыццё ўдавы, горкай долі сіраты. Пратэст супраць прыгнёту гучыць у батрацкіх песнях, бурлацкіх песнях, чумацкіх песнях. У творчасці беларусаў, як і ў фальклоры інш. народаў, багата песень гумарыст. і сатырычных, у якіх селянін жартаваў, смяяўся, кпіў з сябе і іншых, выказваючы так сваю здаровую мараль, вялікую сілу жыццялюбства. Жартоўныя песні вылучаюцца разнастайнасцю тэматыкі, дасціпным гумарам. Ліра-эпічным складам і драм. напружанасцю вызначаецца бел. балада. Яна амаль заўсёды паэт. драма, у якой разгортваюцца сурова-драматычныя і трагічныя падзеі. Герой многіх балад у звышнапружаных, крытычных сітуацыях паказвае стойкасць, глыбокае ўсведамленне абавязку, патрыятызм і любоў да радзімы. Яго смерць успрымаецца слухачом ці чытачом як маральная перамога над злом і несправядлівасцю. Бел. балада налічвае каля 140 сюжэтаў. Найб. вядомы — пра дачку-птушку (спяваецца па ўсёй Беларусі, запісана каля 150 варыянтаў). Асобныя матывы бел. балад (на магілах закаханых вырастаюць дрэвы, што пераплятаюцца голлем), сустракаюцца ў баладах амаль усіх народаў Еўропы. А міфалагічны пласт бел. балад (матывы метамарфозы чалавека ў кветку, дрэва, птушку, праклён, прарочыя сны) багацейшы і больш разнастайны, чым у суседзяў. Рэкруцкія і салдацкія песні паказвалі наборы ў войска, цяжар салдатчыны. Заўсёды адгукалася на падзеі грамадскага жыцця прыпеўка. Адным са стараж. жанраў бел. фальклору, якім людзі імкнуліся ўплываць на навакольны свет, былі замовы.

Гонарам беларусаў былі і застаюцца казкі — вынік вялікай фантазіі, паэт. выдумкі, жыццёвага аптымізму народа. Гэта паэзія глыбокай думкі і мудрасці, дасведчанасці, філас. асэнсавання свету, трапнае назіранне над жывой і нежывой прыродай, чалавечым грамадствам, сродак выхавання маст. густу, умення выказацца ў дасціпным, яркім, мудрым слове. Укр. фалькларыст С.​У.​Саўчанка адзначаў, што па жывасці і прыгажосці апавядання бел. казкі не маюць сабе роўных. Бел. казкі пра жывёл ён называў перламі бел. казачнага эпасу. Чэшскі даследчык І.​Поліўка лічыў бел. казачны эпас адным з найбагацейшых у вусна-паэт. спадчыне славян, а яго найб. важнай рысай — вял. колькасць казак пра жывёл. Казак пра жывёл у беларусаў больш за 150 тэкстаў. Беларусам, рускім і палякам вядома каля 70 сюжэтаў казак пра жывёл. Большасць з іх адлюстравана ў міжнар. паказальніку Аарнэ—Томпсана (АТ). Больш за 40 сюжэтаў агульныя для рус. і бел. фальклору; больш за 30 сюжэтаў вядомы польск. і бел. фальклору. У бел. і польск. вуснай нар. творчасці ёсць сюжэты «Сабака-шавец» (АТ 102), «Леў, конь і воўк» (АТ 118), «Антаганізм сабакі і ката» (АТ 200), якіх няма ў рус. казачным эпасе. У АТ не адлюстраваны сюжэты пра вяселле вераб’я (зап. Раманава), пташэчча піва (зап. У.​Вярыгі), «Шэршань у сватах» (зап. М.​Федароўскага). Паводле падлікаў Л.​Барага, у бел. фальклоры 230 сюжэтаў чарадзейных казак, ва ўкр. — 187, у рус. 144. Легендарных казак у бел. фальклоры 500 сюжэтаў, ва ўкр. —196, рус. — 56. Спецыфічную для бел. фальклору групу ці цыкл складаюць казкі пра асілкаў і на былінныя сюжэты. Героі іх падобныя да міфалагічных. Побач з ратнымі подзвігамі яны будуюць паселішчы і масты, умацоўваюць гарадзішчы, вырываюць з каранямі векавечныя дрэвы, перакідваюць аграмадныя камяні і сякеры. Даследчыкі, звязваючы такія казкі з бел. паданнямі і легендамі пра асілкаў, дзівосных волатаў, гераічных веліканаў, прыходзяць да высновы аб сваяцтве такіх казак з гераічным эпасам. У навук. л-ры адзначалася роднасць бел. паданняў пра гераічных асілкаў з фальклорам рускіх, украінцаў, прыбалтаў. Бел. паданні пра асілкаў А.​Весялоўскі звязваў з волатамі-велятнямі бел. і рус. паданняў, а волатаў і вільцінаў — з карэла-фін. і зыранскімі паданнямі. Я.​Колас, які сам збіраў і апрацоўваў бел. нар. казкі, быў знаёмы з карэла-фін. «Калевалай», якую Э.​Лёнрат стварыў з карэла-фін. рунаў, эст. «Калевіпоэгам», напісаным Ф.​Крэйцвальдам паводле эст. ліра-эпічных песень, казак і паданняў, лат. «Лачплесісам», створаным А.​Пумпурам з лат. казак і легенд, выказваў ідэю стварэння нац. паэт. эпасу і ў бел. л-ры. Сацыяльна-бытавыя казкі больш познія. Многія з іх адлюстравалі барацьбу сялян супраць сац. і рэліг. ўціску. Пазнавальную і эстэт. каштоўнасць уяўляюць легенды. У іх народ спрабаваў растлумачыць паходжанне сусвету, раслін і жывёл, асэнсаваць з’явы прыроды і грамадскага жыцця. Легендарныя сюжэты пра хаджэнне бога і святых па зямлі набліжаюцца да сатыр. антырэліг. казак і анекдотаў (амаль ва ўсёй Еўропе пашыраны сюжэт «Мадэй», або «Вялікі грэшнік»), Да легенд набліжаюцца паданні, у якіх на першы план вылучаецца пазнавальная функцыя. Найб. вядомыя на Беларусі тапанімічныя паданні пра паходжанне нас. пунктаў, урочышчаў, курганоў, азёр, рэк і г.д. Малыя фальклорныя жанры — прыказкі, прымаўкі, загадкі — гэта жыццёвы вопыт народа, яго мудрасць, светапогляд, этыка і інш. Падобныя рысы адбіліся ў анекдотах, былічках, вусных нар. апавяданнях, выслоўях, жартах і гумарэсках. Дзіцячы фальклор аб’ядноўвае творы розных жанраў і відаў: калыханкі, забаўлянкі, заклічкі, дражнілкі, лічылкі, дзіцячыя гульні, прыгаворы. Яны вылучаюцца даступнасцю, прастатой, маст. дасканаласцю і з’яўляюцца важным сродкам нар. педагогікі. Лепшыя ўзоры бел. фальклору апублікаваны ў шматтомным выданні «Беларуская народная творчасць».

Публ.:

Даль В.И. Пословицы русского народа. М., 1862;

Номис М. Українскі приказки, прислів’я і таке інше... СПб., 1864;

Бессонов П.П. Белорусские песни... М., 1871;

Носович И. Сборник белорусских пословиц. СПб., 1874;

Романов Е.Р. Белорусский сборник Вып. 1—9. Киев и др., 1886—1912;

Шейн П.В. Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края. Т. 1—3. СПб., 1887—1902; Добровольский В.Н. Смоленский этнографический сборник. Ч. 1—4. СПб., 1891—1903; Federowski M. Lud białoruski. T. 1—3. Kraków, 1897—1903; Т. 5—6. Warszawa, 1958—60; Сержпутовский А.К. Сказки и рассказы белорусов-полешуков. СПб., 1911; Яго ж. Казкі і апавяданні беларусаў з Слуцкага павета. Мн., 1926; Шлюбскі А. Матэрыялы да вывучэння фальклору і мовы Віцебшчыны. Ч. 1—2. Мн., 1927—28; Шырма Р.Р. Беларускія народныя песні. Т. 1—4. Мн., 1959—76; Історичні пісні. Київ, 1961; Родинно-побутова лірика. Київ, 1964; Колядки та щедрівки. Київ, 1965; Жартівливі пісні. Київ, 1966; Беларускі фальклор у сучасных запісах: Брэсцкая вобл. Мн., 1973; Песні сямі вёсак. Мн., 1973; Рекрутські та солдатські пісні. Київ, 1974; Песні народных свят і абрадаў. Мн., 1974; Анталогія беларускай народнай песні. 2 выд. Мн., 1975; Лірычныя песні. Мн., 1976; Казки про тварин. Київ, 1976; Лірыка беларускага вяселля. Мн., 1979; Весільні пісні. Кн. 1—2. Київ, 1982; Беларускі фальклор у сучасных запісах: Гомельская вобл. Мн., 1989; Легенди та перекази. Київ, 1985; Героїко-фантастичні казки. Київ, 1984; Пісні кохання. Київ, 1986; Балади: Кохання та дошлюбні взаемини. Київ, 1987; Балади: Родинно-побутови стосунки. Київ, 1988; Афанасьев А.Н. Народные русские сказки. Т. 1—3. М., 1985—86; Яго ж. Народные русские легенды. Новосибирск, 1990; Беларускі фальклор у сучасных запісах: Мінская вобл. Мн., 1995; Песні Беласточчыны. Мн., 1997.

Літ.:

Афанасьев А.Н. Поэтические воззрения славян на природу Т. 1—3. М., 1865—69;

Богданович А.Е. Пережитки древнего миросозерцания у белорусов: Этногр. очерк. Гродно, 1895;

Занкевич А. Белорусские свадебные обряды и песни сравнительно с великорусскими. СПб., 1897;

Аничков Е.В. Весенняя обрядовая поэзия на Западе и у славян. Ч 1—2. СПб., 1903—05;

Савченко С.В. Русская народная сказка. Киев, 1914;

Карский Е.Ф. Белорусы. Т. 3, вып. 1. М., 1916;

Барышаў Г.І., Саннікаў А.К. Беларускі народны тэатр «батлейка». Мн., 1962;

Гілевіч Н.С. Наша родная песня. Мн., 1968;

Яго ж. Паэтыка беларускай народнай лірыкі. Мн., 1975;

Яго ж. Паэтыка беларускіх загадак. Мн., 1976;

Яго ж. Вусная народная творчасць і сучасная лірычная паэзія ўсходніх і паўднёвых славян. Мн., 1978;

Кабашнікаў К.П. Беларуская казка ў казачным эпасе славян. Мн., 1968;

Яго ж. Беларускі фальклор у параўнальным асвятленні. Мн., 1981;

Яго ж. Малыя жанры беларускага фальклору ў славянскім кантэксце. Мн., 1998;

Бараг Л.Р. Беларуская казка. Мн., 1969;

Яго ж. Сюжэты і матывы беларускіх народных казак;

Сістэм. паказ. Мн., 1978;

Яго ж. «Асілкі» белорусских сказок и преданий: (к вопросу о формировании восточнослав. эпоса) // Русский фольклор. М.; Л., 1963. Вып. 8;

Фядосік А.С. Беларуская народная сатырычная проза. Мн., 1969;

Яго ж. Трапным народным словам. Мн., 1971;

Яго ж. Праблемы беларускай народнай сатыры. Мн., 1978;

Пропп В.Я. Морфология сказки. 2 изд. М., 1969;

Яго ж. Русская сказка. Л., 1984;

Янкоўскі М.А. Паэтыка беларускіх прыказак. Мн., 1971;

Я го ж. Паэтыка беларускай народнай прозы. Мн., 1983;

Цішчанка І.К. Беларуская частушка. Мн., 1971;

Саламевіч Я. Міхал Федароўскі. Мн., 1972;

Яго ж. Беларускія казкі пра жывёл // Полымя. 1972. № 1;

Яго ж. Поэзия белорусских хресьбин // Нёман. 1972. № 2;

Яго ж. Помнік народнага мудраслоўя // Полымя. 1987. №1;

Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы: Зимние праздники. М., 1973;

Круть Ю.З. Хліборобська обрядова поезія слов’ян. Київ, 1973;

Ліс А.С. Купальскія песні. Мн., 1974;

Яго ж. Валачобныя песні. Мн., 1989;

Яго ж. Жніўныя песні. Мн., 1993;

Яго ж. Каляндарна-абрадавая творчасць беларусаў: Сістэма жанраў: Эстэт. аспект. Мн., 1998;

Барташэвіч Г.А. Вершаваныя жанры беларускага дзіцячага фальклору. Мн., 1976;

Яе ж. Беларуская народная паэзія веснавога цыкла і славянская фальклорная традыцыя. Мн., 1985;

Яе ж. Магічнае слова. Мн., 1990;

Елатов В.И. Песни восточнославянской общности. Мн., 1977;

Салавей Л.М. Беларуская народпая балада. Мн., 1978;

Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы: Весенние праздники. М., 1977;

Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы: Летне-осенние праздники. М., 1978;

Василевич В.А. Восточнославянская юмористическая песня. М., 1979;

Сравнительный указатель сюжетов: Восточнослав. сказка. Л., 1979;

Гурский А.И. Зимняя поэзия белорусов. Мн., 1980;

Мажэйка З.Я. Песні беларускага Паазер’я. Мн., 1981;

Яе ж. Песни белорусского Полесья. Вып. 1—2. М., 1983—84;

Яе ж. Календарно-песенная культура Белоруссии. Мн., 1985;

Петровская Г.А. Белорусские социально-бытовые песни. Мн., 1982;

Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы: Ист. корни и развитие обычаев. М., 1983;

Тавлай Г.В. Белорусское купалье. Мн., 1986;

Дунаевська Л.Ф. Українська народна казка. Київ, 1987;

Конан У.М. Ля вытокаў самапазнання. Мн., 1989;

Крук И.И. Восточнославянские сказки о животных. Мн., 1989;

Аксамітаў А.С., Малаш Л.А. З душой славяніна: Жыццё і дзейнасць З.​Я.​Даленгі-Хадакоўскага. Мн., 1991;

Узроўні агульнасці фальклору ўсходніх славян. Мн., 1993;

Восточнославянский фольклор: Словарь науч. и нар. терминологии. Мн., 1993;

Белорусская этномузыкология: Очерки истории (XIX—XX вв.). Мн., 1997;

Варфаламеева Т.Б. Песні беларускага Панямоння. Мн., 1998;

Мажэйка З.Я., Варфаламеева Т.Б. Песні беларускага Падняпроўя. Мн., 1999;

Bolte J., Polivka G. Anmerkungen zu den Kinder und Hausmarchen der Brüder Grimm. T. 1—5. Leipzig, 1913—32;

Polívka J. Slovanské pohádky. T. 1. Praha, 1932;

Krzyżanowski J. Polska bajka ludowa w układzie systematycznym. T. 1—2. 2 wyd. Wrocław etc., 1962—63;

Horálek K. Slovanské pohadký. Praha, 1964;

Thompson St. The Folktale. New York, 1946;

Lüthi M. Das europäische Volksmärchen. München, 1974.

І.​У.​Саламевіч.

т. 11, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)