АБЦЯ́ЖВАЮЧЫЯ АДКА́ЗНАСЦЬ АКАЛІ́ЧНАСЦІ,

у крымінальнай справе акалічнасці, наяўнасць якіх сведчыць пра павышаную грамадскую небяспечнасць пэўнага злачынства і самога злачынцы. Улічваюцца судом пры вызначэнні пакарання і, як правіла, цягнуць за сабой больш суровую кару ў межах санкцыі адпаведнага артыкула КК Рэспублікі Беларусь. Паводле КК, да абцяжваючых адказнасць акалічнасцей адносяцца: паўторнасць злачынства; учыненне яго арганізаванай групай; карыслівыя або інш. ганебныя матывы яго ўчынення; прычыненне злачынствам цяжкіх вынікаў; учыненне злачынства супраць малалетніх, састарэлых і бездапаможных; падбухторванне ці ўцягванне ў злачынную дзейнасць непаўналетніх; асаблівая жорсткасць або здзек над пацярпелым; выкарыстанне ўмоў грамадскага бедства; усеагульнанебяспечны спосаб учынення злачынства; выкарыстанне для злачынства крыніцы павышанай небяспечнасці; учыненне злачынства асобай, якая была ўзята на парукі; учыненне злачынства ў нецвярозым стане.

І.​І.​Пацяружа.

т. 1, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСВЕ́ДЧАННЕ НАТАРЫЯ́ЛЬНАЕ,

учыненне органамі натарыята дзеянняў, накіраваных на замацаванне грамадз. правоў і папярэджанне магчымых парушэнняў. У адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь З.н. належаць факты, якія могуць мець юрыд. вынікі (здзелкі, правільнасць копій дакументаў, выпісак з іх і інш.); засведчанне бясспрэчнага права (напр., права ўласнасці на спадчыну); наданне дакументам выканаўчай сілы (напр., учыненне выканаўчых надпісаў на пазыковых і плацежных дакументах); захаванне маёмасці, дакументаў, доказаў. З.н. звычайна робіцца ў памяшканні натарыяльнай канторы, а ў пэўных выпадках (з-за хваробы або інваліднасці кліента) — дома, у бальніцы.

т. 6, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЫ́СЦЬ (карыслівы намер),

у крымінальным праве адзін з матываў злачынства, які выяўляецца ў імкненні да нажывы, абагачэння праз учыненне злачынства. Адносіцца да абцяжваючых адказнасць акалічнасцей (напр., у выпадку забойства).

т. 8, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗМЯКЧА́ЮЧЫЯ АДКА́ЗНАСЦЬ АКАЛІЧНАСЦІ ў крымінальным праве,

акалічнасці, наяўнасць якіх пры ўчыненні злачынства сведчыць пра тое, што дадзенае злачыннае дзеянне або сам злачынец з’яўляецца менш грамадска небяспечным, чым пры адсутнасці такіх акалічнасцей. Паводле крымін. заканадаўства Рэспублікі Беларусь З.а.а. прызнаюцца: прадухіленне вінаватым шкодных вынікаў яго злачынства або добраахвотнае пакрыццё нанесенай страты ці прычыненай шкоды; учыненне злачынства ў выніку збегу цяжкіх асабістых ці сямейных абставін, або пад уплывам пагрозы ці прымусу, з прычыны матэрыяльнай і інш. залежнасці, або пад уплывам моцнага душэўнага хвалявання, выкліканага неправамернымі дзеяннямі пацярпелага, або пры абароне ад грамадска небяспечнага пасягання; учыненне злачынства непаўналетнім або жанчынай у стане цяжарнасці; шчырае раскаянне або яўка з павіннай; актыўнае садзеянне выкрыццю злачынства. Пры назначэнні пакарання суд можа ўлічваць таксама З.а.а., якія не вызначаны законам.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 7, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАДЗЕ́Ж у крымінальным праве,

тайнае выкраданне чужой маёмасці, адно са злачынстваў супраць уласнасці. Яго кваліфікуючыя прыкметы: паўторнасць, учыненне К. па папярэдняй змове групай асоб або з пранікненнем у жыллё, памяшканне ці інш. сховішча, з нанясеннем значнай страты пацярпеламу. Да асабліва кваліфікуючых відаў адносіцца К., учынены ў буйных памерах або арганізаванай групай, або асабліва небяспечным рэцыдывістам. Караецца папраўчымі работамі, штрафам або пазбаўленнем волі на пэўныя тэрміны, а пры абцяжваючых адказнасць акалічнасцях — пазбаўленнем волі на тэрмін ад 7 да 15 гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 8, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫМІНА́ЛЬНАЕ ПРА́ВА,

1) галіна права, юрыд. нормы якой вызначаюць злачынствы і каральнасць за іх учыненне. К.п. Рэспублікі Беларусь мае на мэце ахову асобы, яе жыцця і здароўя, правоў і свабод, дзярж. і грамадскіх інтарэсаў, уласнасці, прыроднага асяроддзя, канстытуцыйнага ладу, устаноўленага правапарадку ад злачынных замахаў. Садзейнічае папярэджанню злачынстваў і выхаванню грамадзян у духу выканання законаў дзяржавы. Асн. прынцыпамі сучаснага бел. К.п. з’яўляюцца: законнасць, гуманізм, роўнасць грамадзян перад крымін. законам, асабістая адказнасць, няўхільнасць пакарання, прынцып справядлівасці і прынцып віны. Гал. крыніца К.п. — крымінальны закон.

2) Юрыд. навука, якая вывучае злачынствы і пакаранне ў юрыд., сац. і гіст. аспектах.

Г.​А.​Маслыка.

т. 8, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНАЕ ЗЛАЧЫ́НСТВА,

найцяжэйшае проціпраўнае дзеянне, якое замахваецца на асновы існавання дзяржаў і нацый, падрывае найважнейшыя прынцыпы міжнар. права, пагражае міжнар. міру і бяспецы. Аб’ектам М.з. могуць быць: усеагульны мір і міжнар. бяспека; добрасуседскія адносіны паміж народамі і дзяржавамі; правы народаў і нацый на самавызначэнне; законы і звычаі вайны. У адпаведнасці са Статутам Міжнароднага ваеннага трыбунала і інш. міжнар.-прававымі актамі да М.з. адносяцца: злачынствы супраць міру, ваен. злачынствы, злачынствы супраць чалавечнасці і чалавецтва, у т. л. каланіялізм, генацыд, апартэід, масавае забруджванне атмасферы або мораў (экацыд). Суб’ектамі М.з. і суб’ектамі адказнасці за іх учыненне могуць быць дзяржавы, міжнар. арг-цыі і фіз. асобы.

т. 10, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДМІНІСТРАЦЫ́ЙНЫ НАГЛЯ́Д,

1) дзейнасць органаў дзярж. кіравання па кантролі за выкананнем арг-цыямі, службовымі асобамі і грамадзянамі ўстаноўленых дзяржавай правілаў у асобных галінах кіравання.

2) Нагляд за асобамі, вызваленымі з месцаў пазбаўлення волі. Існаваў з 1966 на тэр. СССР і ажыццяўляўся органамі МУС за некаторымі катэгорыямі злачынцаў (напр., за асабліва небяспечнымі рэцыдывістамі). Наладжваўся (тэрмін ад 6 месяцаў да 1 года) па месцы жыхарства вызваленых і меў на мэце папярэдзіць учыненне новых злачынстваў. Адміністрацыйны нагляд устанаўліваў пэўныя абмежаванні для паднагляднага, парушэнне якіх праследавалася ў адм. ці крымін. парадку. У Рэспубліцы Беларусь адменены ў крас. 1992. У дарэвалюцыйнай Расіі дзейнічаў аналагічны гэтай адм. меры паліцэйскі нагляд, які ажыццяўляўся галосна і тайна, часова і пажыццёва. Выкарыстоўваўся не толькі як мера папярэджання крымін. злачыннасці, але і як сродак барацьбы з вызв. рухам з пач. 19 ст. Заканадаўча зацверджаны ў 1882. Паднаглядны не меў права мяняць месца жыхарства, знаходзіцца на дзярж. і грамадзянскай службе, займацца пед. дзейнасцю і г.д. Адміністрайны нагляд існуе ў многіх сучасных замежных краінах.

т. 1, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІНА́ ў праве,

адносіны асобы да сваіх проціпраўных дзеянняў і іх шкодных вынікаў, выяўленыя ў форме намеру або неасцярожнасці; неабходная ўмова юрыд. адказнасці. Калі ў дзеяннях асобы няма віны, яна вызваляецца ад адказнасці. У крымінальным праве перадумовай віны з’яўляюцца наяўнасць у асобы свядомасці і дасягненне ёю ўстаноўленага законам узросту крымін. адказнасці. Злачынства прызнаецца наўмысным, калі асоба, якая яго ўчыніла, усведамляла грамадска небяспечны характар сваіх дзеянняў або бяздзеянняў, прадбачыла іх грамадска небяспечныя вынікі і жадала (прамы намер) або свядома дапускала (ускосны намер) іх надыход. Неасцярожным злачынствам лічацца проціпраўныя дзеянні асобы, калі яна прадбачыла магчымасць наступлення іх грамадска небяспечных вынікаў, але легкадумна разлічвала на іх прадухіленне (злачынная саманадзейнасць) або не прадбачыла магчымасці іх наступлення, хоць павінна была і магла іх прадбачыць (злачынная нядбайнасць). У цывільным праве віна — умова адказнасці за правапарушэнне: невыкананне або неналежнае выкананне дагаворнага ці іншага абавязацельства, учыненне незаконнай здзелкі, нанясенне маёмаснай шкоды і г.д. Форма віны, як правіла, не ўплывае на памеры цывільна-прававой адказнасці. Калі ў надыходзе неспрыяльных вынікаў вінаваты абодва бакі, то ўлічваецца віна аднаго і другога. Пры невыкананні або неналежным выкананні абавязацельства па віне абодвух бакоў суд адпаведна змяншае меру адказнасці даўжніка. У асобных выпадках цывільнае права прадугледжвае адказнасць пры адсутнасці віны правапарушальніка. Напр., арг-цыя або грамадзянін абавязаны пакрыць шкоду, нанесеную крыніцай павышанай небяспекі, за выключэннем выпадкаў, калі шкода ўзнікла ў выніку неадольнай сілы або намеру пацярпелага.

С.​У.​Скаруліс.

т. 4, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛКАГАЛІ́ЗМ, алкагалізм хранічны,

хвароба, якая ўзнікае ад празмернага і частага ўжывання спіртных напіткаў; выяўляецца ў псіхічнай і фізічнай залежнасці ад алкаголю, сацыяльнай і маральнай дэфармацыі асобы, у псіх., неўралагічных і саматычных расстройствах. Развіваецца часцей у 25—40 гадоў. Адзначаецца і спадчынная схільнасць. Першая стадыя хваробы на фоне працяглага быт. п’янства цягнецца 3—6 гадоў. Характарызуецца стратай ірвотнага рэфлексу, псіх. залежнасцю (неабходнасць спіртнога, каб палепшыць настрой або зняць напружанне), стратай колькаснага кантролю над выпітым, ап’яненнем з частковым забываннем падзей. Асн. асаблівасць другой стадыі — фізічная залежнасць з пахмельным сіндромам, пры якім узнікаюць цяжкія псіх. і самата-вегетатыўныя перажыванні. Каб палепшыць стан, хворы пахмяляецца. Могуць быць і алкагольныя псіхозы. Адзначаны таксама змены асобы з сац. дэградацыяй, парушэннямі ўвагі, памяці. На трэцяй стадыі хворы п’янее ад нязначнай дозы спіртнога, часта пераходзіць на сурагаты. Адсутнічаюць усе формы кантролю, хворы становіцца бесклапотным і лагодным. Узнікаюць неўралагічныя расстройствы, пагаршаецца агульны стан здароўя. Лячэнне: выпрацоўка адмоўнай рэакцыі на алкаголь з дапамогай лякарстваў, псіхатэрапія і інш.

Сістэма барацьбы з п’янствам і алкагалізмам у Рэспубліцы Беларусь уключае комплекс выхаваўчых, санітарна-асветных, адм. і мед. мерапрыемстваў, якія спалучаюцца з мерамі грамадскага і дзярж. ўздзеяння супраць тых, хто не жадае выконваць маральныя і прававыя ўстанаўленні грамадства. Паводле дзеючага заканадаўства асобы, якія ўчынілі ў стане ап’янення правапарушэнні і злачынствы, не вызваляюцца ад адм. ці крымін. адказнасці. Учыненне злачынства ў стане ап’янення лічыцца акалічнасцю, якая абцяжвае адказнасць. Да хранічнага алкаголіка, які ўчыніў злачынства, адначасова з пакараннем за яго суд можа прызначыць яму прымусовае лячэнне ад алкагалізму. Асоба, якая ў выніку злоўжывання алкаголем ставіць сваю сям’ю ў складанае матэрыяльнае становішча, па рашэнні суда можа быць абмежавана ў дзеяздольнасці, і над ёю ўстанаўляецца апякунства.

Ф.​М.​Гайдук, Г.​А.​Маслыка.

т. 1, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)