АЛЯКСЕ́Й ПЯТРО́ВІЧ
(18.2.1690 — 16.6.1718),
рускі царэвіч. Старэйшы сын Пятра І. Выхоўваўся ў варожым да Пятра І асяроддзі, быў уцягнуты ў змову духавенства і баярства супраць цара. У 1716 уцёк у Вену, спадзеючыся на падтрымку аўстр. імператара Карла VI. У 1718 вернуты ў Расію і асуджаны на пакаранне смерцю. Верагодна, па загадзе Пятра І быў задушаны ў Петрапаўлаўскай крэпасці.
т. 1, с. 299
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЗВУ́СІКАВЫЯ НАСЯКО́МЫЯ
(Protura),
атрад насякомых падкл. першаснабяскрылых. У сусв. фауне каля 300 відаў, пашыраны амаль усюды. На Беларусі найб. вядомы бязвусечнік еўрапейскі (Eosentomon transitorum). Жывуць у глебе, лясным подсціле, гнілых ствалах дрэў і пнях.
Даўж. 0,5—2 мм, цела членістае, чэрвепадобнае, малочна-белае або жаўтаватае. Ротавы орган сысучы, уцягнуты ў галаўную капсулу (энтагнатызм). Пярэднія грудныя ногі даўжэйшыя за астатнія, накіраваны ўперад, функцыянальна замяняюць вусікі. У пярэдняй частцы брушка рудыментарныя 1—2-членікавыя канечнасці. Лічынкі падобныя да дарослых, пераўтварэнне зводзіцца да павелічэння колькасці брушных сегментаў. Мяркуюць, што бязвусікавыя насякомыя высмоктваюць сокі з ніжэйшых грыбоў, кормяцца расліннымі і жывёльнымі рэшткамі.
т. 3, с. 393
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)