СЛУ́ЦКІЯ МАНЕ́ТНЫЯ СКА́РБЫ 1) Знойдзены ў Слуцку ў 1887. Самы буйны скарб талерных манет на тэр. Беларусі. Ухаваны ў канцы 17 — пач. 18 ст. Знойдзена каля 2 тыс. талераў. Вядомы 33 манеты еўрап. краін: Іспанскіх Нідэрландаў, Злучаных Нідэрландскіх правінцый, Савоі, Германскай імперыі, Швейцарыі. Лёс астатніх невядомы.

2) Знойдзены ў Слуцку ў 1902. Ухаваны ў 1-й пал. 15 ст. Складаўся з 20 залатых манет. Вядомы 4 манеты: англ. ноблі Генрыха IV і перайманні мухрам патанскага султана Дэлі Мухамада ібн Таглука. Лёс астатніх невядомы.

т. 15, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКІЯ СКА́РБЫ,

1) манетна-рэчавы скарб, знойдзены ў 1910 у Полацку на тэр. Верхняга замка. Ухаваны паміж 1060 і 1070. Рэчавая частка складалася з сярэбраных 4 цэлых і 39 абрубкаў палачкападобных зліткаў, 3 фрагментаў буйных аладкападобных зліткаў, некалькіх загатовак з волава. Манетная частка складалася з некалькіх фрагментаў куфіцкіх дырхемаў Арабскага халіфата, 128 цэлых і 13 фрагментаў дэнарыяў дзяржаў Зах. Еўропы, 7 перайманняў і манетападобных пласцінак.

2) Скарб з 6 залатых рэчаў знойдзены ў 1984 на тэр. Ніжняга замка. Ухаваны ў 2-й пал. 10 ст. Складаўся з фрагмента грыўні і бранзалетаў.

т. 12, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІЯ СКА́РБЫ.

1) Знойдзены ў Магілёўскай губ. каля 1822. Ухаваны ў канцы 820-х г. Вядома 1300 цэлых і некалькі соцень фрагментавых куфіцкіх дырхемаў дынастый Амеядаў, Ідрысідаў, Абасідаў. Манеты чаканілі манетныя двары Пірэнейскага п-ва, Паўн. Афрыкі, Азіі, Закаўказзя. Рас. АН набыла 250 манет, лёс астатніх невядомы.

2) Знойдзены ў Магілёве ў 1936. Ухаваны ў 1790-я г. У глінянай пасудзіне было 476 залатых манет, з якіх вядома 466 экз. У скарбе манеты 16—18 ст. чаканкі манетных двароў Нідэрландаў, Даніі, Аўстрыі, Чэхіі, Саксоніі, Трансільваніі, Венецыі, Савоі, вольных імперскіх гарадоў і інш. Адзін з найбуйнейшых скарбаў залатых манет на тэр. Беларусі. Зберагаецца ў Эрмітажы (С.-Пецярбург).

т. 9, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРАЖЭ́ВІЦКІЯ МАНЕ́ТНА-РЭ́ЧАВЫЯ СКА́РБЫ.

Знойдзены ў 1898 і 1903 каля в. Стражэвічы Чашніцкага р-на Віцебскай вобл. Скарб 1898 складаўся з 207 цэлых і абломкаў манет (48 куфіцкіх манет і 159 зах.-еўрап. дэнарыяў), 5 сярэбраных манетападобных пласцінак, 14 зліткаў і 50 інш. рэчаў. Агульная маса скарбу каля 781, у т. л. рэчавай часткі 527 г. Ухаваны каля 1040. Частка скарбу захоўвалася ў Музеі Магілёўскага губ. стат. к-та. Скарб 1903 складаўся з 319 манет (46 куфіцкіх і 273 зах.-еўрап.), 2 цэлых і 4 кавалкаў зліткаў серабра, 1 залатога палачкападобнага злітка з абсечаным канцом і адтулінай, 6 сярэбраных і 2 залатых рэчаў. Агульная маса рэчавай часткі 461 г. Ухаваны каля 1015. Частка скарбу перададзена ў Эрмітаж (С.-Пецярбург), астатнія рэчы і манеты — у Музей Магілёўскага губ. стат. к-та і Музей Варшаўскага ун-та, дзе яны зніклі ў час 2-й сусв. вайны.

т. 15, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКІ СКАРБ.

Знойдзены ў Брэсце ў 1834. Складаўся з сярэбраных чары і 2 кавалкаў лому, 470 медных солідаў 1659—66 і 87 сярэбраных манет 2-й пал. 17 ст. Рэчы Паспалітай, Прусіі, Саксоніі. Скарб ухаваны ў канцы 17 ст. 39 сярэбраных манет са скарбу захоўваюцца ў Эрмітажы.

т. 3, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЛІКАСЕ́ЛЬСКІ СКАРБ.

Знойдзены ў 1977 у в. Вял. Сяло Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл. Ухаваны ў канцы 1610-х г. Складаўся з 321 сярэбранай і білоннай манеты канца 15 — пач. 17 ст. ВКЛ, Польшчы, Рэчы Паспалітай, Венгрыі, Расіі, Прусіі і інш. дзяржаў. Скарб зберагаецца ў нумізматычным кабінеце БДУ.

т. 4, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́ЛДЭНХАЛСКІ СКАРБ 1942,

рэчавы скарб, знойдзены ў г. Мілдэнхал у графстве Сафалк (Вялікабрытанія). Ухаваны ў 4—5 ст. Уключаў сярэбраны посуд заможнай рымскай сям’і. Асаблівай увагі заслугоўвае (вял. 0,6 м у дыяметры) блюда вагой 8,1 кг, упрыгожанае рэльефам з выяваю Вакха і яго спадарожнікаў.

Сярэбранае блюда з Мілдэнхалскага скарбу 1942.

т. 10, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАДРУ́ЦКІ СКАРБ,

манетны скарб, знойдзены ў 1893 на беразе Дняпра каля в. Задруцце Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. Ухаваны ў 13 ст. У гліняным гаршку знаходзілася 89 цэлых і 3 фрагменты сярэбраных грыўняў-зліткаў 13 ст. агульнай масай 14,5 кг. Імператарская археал. камісія (Пецярбург) размеркавала знаходку паміж музеямі Расіі, Германіі, ЗША і распрадала прыватным асобам. 13 зліткаў у 1929 перададзены Эрмітажу.

т. 6, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗЬЯ́НКАЎСКІ СКАРБ,

манетны скарб, знойдзены ў 1973 каля в. Казьянкі Полацкага р-на Віцебскай вобл. Адзін з буйнейшых грашовых дэпазітаў 10 ст., выяўленых на тэр. Усх. Еўропы. Ухаваны ў 940-я г. У бяросту загорнуты куфіцкія дырхемы Арабскага халіфата, якіх захавалася 7588 манет эміраў Саманідаў, Сафарыдаў, халіфаў Абасідаў, волжскай Балгарыі, імітацыі дырхемаў Абасідаў і Саманідаў. Зберагаецца ў Полацкім краязн. музеі.

т. 7, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРО́СЬКАЎСКІ СКАРБ,

манетны скарб, знойдзены ў в. Мароські Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. ў 1971. Скарб ухаваны ў 1655—56. У гліняным гаршку знаходзіліся білонныя і сярэбраныя манеты ВКЛ, Рэчы Паспалітай, Шведскай Прыбалтыкі, Курляндыі, Брандэнбурга, Прусіі, герцагстваў Цешын і Сучава, Іспанскіх Нідэрландаў, Рэспублікі Злучаных Правінцый, з якіх вядомы 5682 экз. Адзін з найбуйнейшых грашовых скарбаў 17 ст., выяўленых на Беларусі. Зберагаецца ў Мінскім абл. краязн. музеі.

т. 10, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)