ІЛЖЭДРАЦЯ́НІКІ,

лічынкі жукоў сям. чарнацелак і пылкаедаў, шкоднікі многіх с.-г. культур. Названы так за вонкавае падабенства да драцянікаў. У адрозненне ад іх у І. развітая верхняя губа, пярэднія ногі даўжэйшыя і таўсцейшыя за сярэднія і заднія; у лічынак чарнацелак цела знізу пляскатае, у пылкаедаў — цыліндрычнае. Найб. небяспечныя: павольнік пясчаны, чарнацелка кукурузная, пылкаед гарчычны і інш.

Да арт. Ілжэдрацянікі. Павольнік пясчаны: 1 — жук; 2 — пашкоджаныя ім усходы; 3 — лічынка.

т. 7, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАНЯЕ́Д БУРАКО́Ў,

хвароба праросткаў і ўсходаў буракоў, якая выклікаецца пераважна паразітычнымі грыбамі. Яго ўзбуджальнікі — грыбы з родаў Pythium, Aphanomyces, Phoma, Rhizoctonia, розныя віды Fusarium, а таксама бактэрыі. Пашкоджваюць цукр., кармавыя і сталовыя сарты, зрэджваюць усходы, змяншаюць ураджайнасць на 10—40%. Хвароба праяўляецца завяданнем і пажаўценнем раслін у фазе семядолей і 1-й пары лісцікаў; на карэньчыках маладых праросткаў паяўляюцца бурыя плямы, падоўжаныя палосы, на падсемядольным калене — кальцавая перацяжка загнілых і пачарнелых тканак. Пры інтэнсіўным развіцці хваробы корань гніе і расл ша гіне. Інфекцыя захоўваецца на раслінных рэштках у глебе, на каляплодніках насення.

Да арт. Караняед буракоў: 1 — узбуджальнік хваробы ў культуры; 2 — здаровая расліна; 3 — пашкоджаны праростак; 4 — пашкоджаная расліна (перацяжка).

т. 8, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІКУ́ЛАЎ (Сяргей Васілевіч) (н. 13.9.1922, в. Емяльянаўская Валагодскай вобл., Расія),

рускі паэт. Скончыў Валагодскі пед. ін-т (1951). У 1968—89 гал. рэдактар час. «Наш современник». Друкуецца з 1936. Аўтар зб-каў паэзіі «Заваяванае шчасце» (1949), «Зялёны цэх» (1954), «Плуг і баразна» (1974, Дзярж. прэмія РСФСР імя А.​М.​Горкага 1974), «Вогнішча, якое грэла цябе» (1975), «Усходы» (1982), паэм «У завею» (1955), «Табою б ён ганарыўся...» (1957), «Пераадоленне» (1962), «Іў-гара» (1970), «Застаўся ў полі след» (1978), «Споведзь» (1980), кніг нарысаў. Лірыка Вікулава адметная глыбінным пранікненнем у нар. душу, спробай асэнсавання сацыяльных, духоўных і патрыятычных яе пачаткаў, лірычнай напеўнасцю, набліжанасцю да фальклору.

Літ.:

Коробов В.И. Сергей Викулов. М., 1980;

Оботуров В.А. Сергей Викулов: Страницы жизни, страницы творчества. М., 1983.

С.В.Вікулаў.

т. 4, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БОБ (Faba),

род травяністых раслін сям. бабовых. 1 від — боб конскі, або рускі (F. bona). Старажытная кармавая і харч. (агароднінная) культура. У дзікім стане невядома. Вырошчваюць ва ўсіх краінах умераных паясоў. Кармавы боб мае дробнае насенне і развітую вегетатыўную масу, харчовы — буйнаплодны і буйнанасенны з тоўстымі мясістымі створкамі, мае 23—25% бялку, да 36% крухмалу, цукры, пекцінавыя рэчывы, вітаміны і інш. На Беларусі пашыраны сарты Беларускі, Рускі чорны (харчовыя), Аўшра (кармавы).

Аднагадовая, пераважна самаапыляльная, расліна выш. 1—1,5 м. Корань стрыжнёвы, разгалінаваны, пранікае ў глебу на глыб. 80—150 см. Лісце без вусікаў. Кветкі белыя ці ружаватыя, сабраныя ў гронкі. Плод — шматнасенны струк. Цвіце ў чэрв.—ліпені. Вільгацялюбная расліна, усходы пераносяць замаразкі да -4 — -5 °C. Добра расце на багатых перагноем гліністых і на акультураных тарфяна-балотных глебах. Ураджай зерня 2—3 (да 5), зялёнай масы 20—30 т/га. Завораная зялёная маса — добры сідэрат.

Боб конскі.

т. 3, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРО́Х (Pisum),

род адна- і шматгадовых травяністых раслін сям. бабовых. Вядома 6 відаў, пашыраных у Еўразіі і Афрыцы. Радзіма — Міжземнамор’е. Культывуюць пераважна гарох пасяўны (P. sativum), каштоўны харч. прадукт, корм для жывёлы і зялёнае ўгнаенне. Вырошчваюць як кармавую расліну таксама гарох палявы, або пялюшку. Пашыраны ў Расіі, на Украіне, Беларусі, у Кітаі, Індыі, ЗША.

Гарох пасяўны — аднагадовая расліна, з лазячым сцяблом выш. 0,2—2 м. Лісце парнаперыстае. Кветкі ад белага да пурпурова-фіялетавага колеру, у гронках. Плод — струк. Зерне круглае, белае, жоўтае або зялёнае, мае 22—27% бялку, каля 50% крухмалу, тлушч, карацін, вітаміны B1, B2, С. Холадаўстойлівая (усходы пераносяць замаразкі да -6 °C), вільгацялюбная, азотфіксавальная расліна Вырошчваецца на дзярнова-падзолістых сугліністых і супясчаных глебах з блізкай да нейтральнай і нейтральнай рэакцыяй. Раянаваныя сарты: на зерне — Уладаўскі 6, Працаўнік, Асілак чэшскі, Белус, Агат і інш.; агароднінныя — Варонежскі зялёны, Выдатны 240, Арагумскі, Савінтэр 1, Паўднёвы 47, Альфа, Віёла, Агароднінны 76.

Літ.:

Генетика и селекция гороха. Новосибирск, 1975;

Зернобобовые культуры в интенсивном земледелии. Мн., 1989.

М.​С.​Купцоў.

Гарох.

т. 5, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНВІ́ЦКІ ((Konwicki) Тадэвуш) (н. 22.6.1926, Вільня),

польскі пісьменнік, кінарэжысёр. Вучыўся ў Ягелонскім і Варшаўскім ун-тах. Друкуецца з 1946. Аўтар аповесці «На будоўлі» (1950, Дзярж. прэмія Польшчы 1950), раманаў «Улада» (1954, Дзярж. прэмія Польшчы 1954), «Багна» (1956), «Дзірка ў небе» (1959), «Сучасны соннік» (1963), «Узнясенне» (1967), «Хроніка любоўных здарэнняў» (1974), «Польскі комплекс» (1977), «Малы апакаліпсіс» (1979), «Бохінь» (1987), «Падземная рака, падземныя птушкі» (1989), «Усходы і захады Месяца» (1990), «Чыталішча» (1992). У ранніх творах спалучэнне дакументальнасці, аўтабіяграфічнасці з псіхалагізмам і паэтычнасцю, у пазнейшых раманах больш разгалінаваныя сюжэты, напластаванні мінулага і сучаснага, цікавасць да свядомага і падсвядомага, яны адметныя філасафічнасцю, лірызмам і гратэскам. Сцэнарыст і рэжысёр кінафільмаў «Апошні дзень лета» (1957), «Дзень памінання памерлых» (1961), «Сальта» (1965), «Даліна Ісы» (1982), «Лава» (1989). Паводле яго раманаў зняты аднайм. фільмы «Хроніка любоўных здарэнняў» (1986, рэж. А.​Вайда) і «Малы апакаліпсіс» (1992, рэж. Коста-Гаўрас).

Тв.:

Рус. пер. — Дыра в небе. М., 1961;

Современный сонник // Мах В. Агнешка, дочь «Колумба»;

Конвицкий Т. Современный сонник. М., 1973.

Літ.:

Nowicki S. Pół wieku czyśćca: Rozmowy z Tadeuszem Konwickim. London, 1986;

Lubelski T. Poetyka powieści i filmów Tadeusza Konwickiego. Wrocław, 1984.

Е.​А.​Лявонава.

т. 7, с. 576

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)