АПАФЕО́З (ад грэч. apotheōsis абагаўленне),

1) услаўленне, узвелічэнне падзеі, з’явы, асобы; урачыстае завяршэнне падзеі. У стараж. егіпцян, потым у грэкаў і рымлян — абагаўленне правіцеляў за іх асаблівыя заслугі. Апафеоз, які з цягам часу трансфармаваўся ў культ правіцеляў, браў пачатак у стараж. блізкаўсх. традыцыі прылічэння цароў да багоў або сыноў божых. Матывамі ўслаўлення духоўнай велічы народа, чалавека, выдатных гіст. ці грамадскіх падзей прасякнуты многія творы сусветнай л-ры і мастацтва, у т. л. бел. пісьменнікаў, паэтаў і дзеячаў культуры.

2) Заключная ўрачыстая масавая сцэна святочнай канцэртнай праграмы, спектакля, поўная асаблівага ўздыму, велічы. Напр., усхвалявана, урачыста гучыць заключная сцэна драмы Я.​Купалы «Раскіданае гняздо», калі героі, ахопленыя духоўным парывам і высакароднай мэтай, ідуць на Вялікі сход, па Бацькаўшчыну. Апафеоз можа быць таксама самаст. часткай паказу свята, шэсця (звычайна без тэксту) з выкарыстаннем выразных вобразаў, сюжэтаў, дэкарацыйнага афармлення, касцюмаў, бутафорыі.

т. 1, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СЛО́ВА ПРА МЕРКУ́РЫЯ СМАЛЕ́НСКАГА»,

«Аповесць пра Меркурыя Смаленскага», помнік стараж. л-ры ўсх. славян. Узнікла як нар. эпічнае паданне пасля мангола-татарскага нашэсця (верагодна, у 2-й пал. 13—14 ст.), літаратурна апрацавана ў 15 ст. Падставай узнікнення падання паслужыў той факт, што мангола-татары не змаглі заваяваць Смаленскую зямлю і не разрабавалі Смаленск, гэта было вытлумачана заступніцтвам Меркурыя — абаронцы хрысціян ад ворагаў (у яго асобе аб’ядналіся рысы нар. волата і блажэннага). Аповесць блізкая да твораў гіст.-агіяграфічнага жанру, напісана лірычна, усхвалявана, асабліва вылучаюцца маналогі-плачы Смаленскай зямлі па воінах, што загінулі. Твор мясц. паходжання, мова царк.-славянская. Вядома каля 80 спісаў, найб. раннія датуюцца 16 ст. Першая, самая стараж. паводле паходжання, рэдакцыя захавалася ў адзіным спісе 17 ст. «Слова...» адкрыў і даследаваў у 19 ст. Ф.​Буслаеў.

Публ.:

Памятники литературы Древней Руси, XIII в. М., 1981.

Літ.:

Белецкий Л.Т. Литературная история повести о Меркурии Смоленском. Пг., 1922.

т. 15, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНУЭ́ЗСКАЯ ШКО́ЛА,

мастацкая школа ў Італіі 16—17 ст. У архітэктуры сфарміравалася да сярэдзіны 16 ст.; яе росквіт звязаны з творчасцю Г.Алесі, яго вучняў і паслядоўнікаў (Р.​Лурага і інш.). Яе характэрныя рысы выявіліся ў структуры гар. палацца, які спалучаў урачыстую пышнасць з інтымнасцю вясковай сядзібы. У жывапісе склалася да 1630-х г. пад уплывам італьян. майстроў 2-й пал. 16 ст. і фламандцаў, што працавалі ў Генуі (П.П.Рубенс, А. ван Дэйк). Яе вядучы мастак — венецыянец Б.Строцы, у творах якога мясц. традыцыі спалучаліся з маляўнічасцю і эмацыянальнасцю флам. мастацтва. Майстры Генуэзскай школы выконвалі парадныя арыстакратычныя партрэты, рэліг. кампазіцыі і дэкар. размалёўкі; набылі вядомасць і творы т.зв. пастаральнага жанру, дзе значнае месца займалі пейзаж, хатняе начынне і жывёла (Дж.​Б.​Кастыльёне, А.​М.​Васала). Усхвалявана-рамант. кампазіцыі стварыў В.​Кастэла, «жывапіс мазка і плямы» якога набылі пашырэнне ў Генуі і інш. маст. цэнтрах Паўн. Італіі.

Літ.:

Виппер Б.Р. Проблема реализма в итальянской живописи XVII—XVIII вв. М., 1966.

Да арт. Генуэзская школа. Б.​Строцы. Святы Лаўрэнцій раздае міласціну. 1630—44.

т. 5, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)