АРАБЕ́ЙКА Іван Сяргеевіч (н. 26.3.1942, в. Хмелева Жабінкаўскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. паэт. Скончыў БПІ (1964), Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1983). З 1975 працуе ў Брэсцкім аддз. Гандлёва-прамысл. палаты Беларусі. Вершы Арабейкі (зб-кі «Услед за сонцам», 1972; «Асенні ранак», 1978) вызначаюцца навізной рабочай тэматыкі, адлюстроўваюць працоўныя будні. У паэме «Сцяна» (1975) уславіў подзвіг абаронцаў Брэсцкай крэпасці.

т. 1, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДАПТЫ́ЎНАЯ ЗО́НА,

узаемазвязаны комплекс умоў, які забяспечвае спецыфічныя геафіз. і экалагічныя патрэбнасці існавання жывёльных і раслінных арганізмаў і гэтым вызначае тып адаптацыі вял. груп у працэсе макраэвалюцыі. Характарызуе стан прыстасаванасці арганізмаў да адаптыўнага ландшафту і біягеацэнозу. Тэрмін увёў амер. біёлаг Дж.​Сімпсан (1944). Арган. свет можна разглядаць як сістэму шырокіх або вузкіх адаптыўных зон, падобных у асн. рысах будовай экалагічна блізкіх форм, якія насяляюць іх і адпавядаюць умовам асяроддзя. Услед за засяленнем новай адаптыўнай зоны звычайна адбываецца адаптыўная радыяцыя.

т. 1, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІПІ́Н КАРО́ТКІ (Pippinus Brevis; 714 ці 715—24.9.768),

франкскі кароль [751—768], першы з дынастыі Каралінгаў. У 741—751 маярдом (правіцель) Франкскай дзяржавы. Скінуў апошняга караля з дынастыі Меравінгаў, атрымаўшы санкцыю рым. папы, дамогся выбрання на каралеўскі прастол. Услед за сваім бацькам Карлам Мартэлам, раздаваў бенефіцыі за ваен. службу. Падпарадкаваў Аквітанію, у паходах супраць арабаў заваяваў Септыманію. У 754 і 756 здзейсніў паходы ў Італію, адабраную ў лангабардаў частку зямель перадаў рым. папе, што стала пачаткам Папскай вобласці.

т. 12, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРЦ (Hertz) Фрыдрых Ота (26.3.1878—?),

аўстрыйскі сацыёлаг, гісторык, эканаміст. Скончыў Венскі ун-т. У 1920—30-я г. саветнік міністра пры Аўстрыйскай федэральнай канцылярыі, у 1930—33 праф. эканомікі і сацыялогіі ун-та ў г. Гале. У 1938 эмігрыраваў у Англію. Услед за Э.​Давідам і Э.Бернштэйнам выступіў з рэвізіяй марксісцкага агр. вучэння; тэарэтычна абгрунтоўваў устойлівасць дробнай вытв-сці ў земляробстве, адстойваў «закон спаду ўрадлівасці глебы». Яго палажэнні выкарыстоўвалі рус. эканамісты С.М.Булгакаў, В.М.Чарноў і інш. ў палеміцы з марксістамі па пытаннях развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы Расіі. Погляды Герца крытыкаваў У.​І.​Ленін у працы «Аграрнае пытанне і «крытыкі Маркса» (1901, 1907).

Тв.:

Рус. пер. — Аграрный вопрос. СПб., 1899;

Тое ж. М., 1900.

т. 5, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПФЛЯЎМБА́ЎМ Яўгенія Эргардаўна (1.11.1908, Мінск — 13.1.1996),

бел. паэтэса. Скончыла БДУ (1930). З 1930 працавала ў Кніжнай палаце пры Дзярж. б-цы Беларусі імя У.​І.​Леніна, газ. «Звязда». У 1933 выехала ў Сібір (г. Марыінск) услед за сваім рэпрэсіраваным мужам М.Лужаніным. У 1935—45 працавала ў Абаронным дзярж. выд-ве ў Маскве. З 1945 жыла ў Мінску. Друкавалася з 1925. Аўтар калект. кн. «Вершы» (з З.​Бандарынай і Н.​Вішнеўскай, 1926). Доўгі час не пісала. Да паэт. творчасці вярнулася ў 1980-я г. Паэт. зб-кі «Сувой жыцця» (1989), «На захадзе сонца» (1992) пра нялёгкі жыццёвы лёс свайго пакалення. Яе творчасці ўласцівы лірычнасць, шчырасць, непасрэднасць. Перакладала на бел. мову з рус., укр., англ. моў.

т. 13, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́РТАН (Merton) Роберт Кінг (н. 5.7.1910, г. Філадэльфія, ЗША),

амерыканскі сацыёлаг. Даследаваў праблемы акад. сацыялогіі ЗША, у т. л. ў тэорыі і метадалогіі структурнага функцыяналізму, сацыялогіі навукі, вывучэнні сац. структуры, з’яў сац. дэзарганізацыі і бюракратыі. Вынікі даследаванняў выкладзены ў працах «Сацыяльная тэорыя і сацыяльная структура» (1957, 1968), «Сацыялогія навукі» (1973), «Структурны аналіз у сацыялогіі» (1975) і інш. М. распрацаваў паняцце дысфункцыі і правёў дыферэнцыяцыю паміж «відавочнымі» і «латэнтнымі» (скрытымі) функцыямі, што ў працэсе аналізу механізмаў забеспячэння «сацыяльнага парадку» дае магчымасць выяўляць дысфункцыянальныя з’явы, якія ўзнікаюць у выніку супярэчнасцей і напружанасці ў сац. структуры грамадства. Сфармуляваў асновы сацыялаг. аналізу навукі, які характарызуецца ўласнымі каштоўнасна-нарматыўнымі рэгулятывамі (універсалізм, агульнасць, бескарыслівасць, арганізаваны скептыцызм). Услед за франц. сацыёлагам Э.Дзюркгеймам развіваў тэорыю анаміі, якую разумеў як асаблівы маральна-псіхал. стан індывід. і грамадскай свядомасці, абумоўлены распадам сістэмы маральных каштоўнасцей і «вакуумам ідэалаў».

В.​Л.​Боўш.

т. 10, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́ВАРАЎ (сапр. Крачолаў) Пеё

(13.1.1878, г. Чырпан, Балгарыя — 29.10.1914),

балгарскі паэт. Вучыўся ў гімназіі ў г. Плоўдзіў (1891—93). Друкаваўся з 1896. У першым зб. «Вершы» (1901) прадоўжыў традыцыі Х.Боцева і Х.Вазава. Зб. «Гайдуцкія песні» (1903) і зб. нарысаў «Гайдуцкія мары» (1908) пра рэв.-вызв. рух у Македоніі 1902—03. Пад уплывам франц. мадэрнісцкай паэзіі стаў пачынальнікам сімвалізму ў балг. л-ры (зб. вершаў «Бяссонніца», 1907). Аўтар кн. лірыкі «Услед за ценямі воблакаў» (1910), драм «Ля падножжа Віташы» (1911), «Як замаўкае рэха грому» (1912). На бел. мову асобныя яго творы пераклалі Н.​Гілевіч, А.​Разанаў, В.​Сахарчук.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Хай зорыць дзень! Мн., 1973;

У кн.: Сто гадоў, сто паэтаў, сто песень... Мн., 1978;

У кн.: Гілевіч Н. Роднасць. Мн., 1983;

Апалавы пярсцёнак: Лірыка. Мн., 1988;

Рус. пер. — Избранное. М., 1958;

Лирика. М., 1972.

Н.​С.​Гілевіч.

т. 18, кн. 1, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЫ́М Мустай (сапр. Карымаў Мустафа Сафіч; н. 20.10.1919, в. Кляшава Чышмінскага р-на, Башкортастан),

башкірскі пісьменнік. Нар. паэт Башкортастана (1963). Герой Сац. Працы (1979). Засл. дз. маст. РСФСР (1982). Ганаровы акад. АН Башкортастана (1992). Скончыў Башкірскі пед. ін-т (1941). Друкуецца з 1935. Першыя паэт. зб-кі прысвяціў моладзі («Атрад рушыўся», 1938, з В.​Нафікавым; «Вясновыя галасы», 1941). Героіка і трагізм Вял. Айч. вайны адлюстраваны ў шматлікіх вершах і паэмах. У зб-ках вершаў «Гадам услед» (1971), «Чатыры пары кахання» (1978), п’есах «Выкраданне дзяўчыны» (1959), «У ноч зацьмення Месяца» (1965, Дзярж. прэмія РСФСР імя Станіслаўскага 1967), «Краіна Айгуль» (1969), аўтабіягр. аповесці «Доўгае-доўгае дзяцінства» (1974—78) і інш. адлюстраваў жыццё башк. народа, напружаны пульс эпохі. Рэсп. прэмія Башкортастана імя Салавата Юлаева 1969. Дзярж. прэмія СССР 1972. Ленінская прэмія 1984. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі С.​Гаўрусёў, І.​Калеснік, В.​Лукша.

Тв.:

Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—3. М., 1983.

Літ.:

Хренков Д. Мустай Карим. М., 1969.

М.Карым.

т. 8, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНТАНО́ІДЫ (ад лантан + грэч. eidos выгляд, від),

сям’я з 14 хім. элементаў VI перыяду перыяд. сістэмы з ат. н. 58—71, размешчаных услед за лантанам: цэрый Ce, празеадым Pr, неадым Nd, праметый Pm, самарый Sm, еўропій Eu, гадаліній Gd, тэрбій Tb, дыспрозій Dy, гольмій Ho, эрбій Er, тулій Tm, ітэрбій Yb, лютэцый Lu. Адносяцца да рэдказямельных элементаў. Падзяляюць на цэрыевую (Ce—Eu; лёгкія Л.) і ітрыевую падгрупу (Gd—Lu; цяжкія Л.). Устарэлая назва — лантаніды.

Л. — серабрыста-белыя металы, некат. (Pr, Nd) з жоўтым адценнем. Пластычныя, электраправодныя, лёгка паддаюцца мех. апрацоўцы. Маюць блізкія хім. ўласцівасці, што абумоўлена падабенствам канфігурацый вонкавых электронных абалонак. У хім. злучэннях характэрная ступень акіслення +3. У паветры акісляюцца (лёгкія Л. пры пакаёвай т-ры, астатнія пры 180—200 °C). Узаемадзейнічаюць з вадой з вылучэннем вадароду і ўтварэннем нерастваральных гідраксідаў, з к-тамі (салянай, сернай, азотнай), пры награванні — з галагенамі, азотам, борам, серай. Аксіды, фтарыды, сульфіды Л. — тугаплаўкія рэчывы (напр., для аксідаў tпл 2200—2500 °C). Утвараюць шматлікія інтэрметал. і комплексныя злучэнні. Выкарыстоўваюцца як легіруючыя дабаўкі для чыгуну, сталі і сплаваў каляровых металаў, гетэры ў электронных прыборах, кампаненты магн. матэрыялаў, акумулятараў вадароду, міш-металу і інш.

І.​В.​Боднар.

т. 9, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШУШКЕ́ВІЧ Станіслаў Пятровіч (19.2.1908, в. Бакінава Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. — 1.2.1991),

бел. паэт. Засл. работнік культ. Беларусі (1983). Скончыў Бел. вышэйшы пед. ін-т (1934). З 1928 працаваў у Дзярж. б-цы Беларусі, б-цы НДІ сельскай і лясной гаспадаркі, газетах «Літаратура і мастацтва», «Калгаснік Беларусі», «Звязда», «Мінская праўда». У 1936 арыштаваны, асуджаны на 8 гадоў пазбаўлення волі. Знаходзіўся ў турме, лагеры, ссылцы. У 1949 паўторна рэпрэсіраваны, высланы на спецпасяленне ў Краснаярскі край, дзе працаваў лесарубам, у геал. экспедыцыях. Рэабілітаваны ў 1975. З 1956 у газ. «Мінская праўда», у 1958—70 заг. аддзела газ. «Літаратура і мастацтва». Друкаваўся з 1924. Чл. літ. аб’яднання «Маладняк». У паэт. зб-ках «Вершы» (1934), «Дарогаю вясны» (1959), «Услед за марамі» (1961), «Навальніца» (1966), «Сябрам» (1972), «Дарога ў залатую восень» (1983), «Рэха маладосці» (1984), «Сонца над маім асеннім садам» (1987) і інш. любоў да Бацькаўшчыны, паэтызацыя сяброўства, кахання, прыгажосці роднай прыроды. Аўтар кніг успамінаў «Вяртанне ў маладосць», прозы «Апавяданні пра Марата Казея» (абедзве 1968), зб. сатыры і гумару «Грушы на вярбе» (1969). Пісаў для дзяцей: зб-кі «Звярыны баль» (1936), «Лясная калыханка» (1958), «Будзільнік» (1966), «Красавік» (1977), «Казачны церам» (1983), «Казёл на верталёце» (1987) і інш. Яго творы вызначаюцца дасціпнасцю, займальнасцю, аптымізмам, прастатой выкладання, багаццем мовы.

Тв.:

Выбр. тв. Т. 1—2. Мн., 1978;

Выбранае: Вершы. Мн., 1988;

Непаседлівыя вавёркі. Мн., 1993;

Птушыны ранак: Вершы, казкі. Мн., 2001.

С.П.Шушкевіч.

т. 17, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)