Усвейка

т. 16, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬША́НКА,

рака ў Беларусі, гл. Усвейка.

т. 1, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Усвіж-Бук,

адна з назваў р. Усвейка.

т. 16, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КАЯ АЛЬША́НКА,

вёска ў Чашніцкім р-не Віцебскай вобл., на р. Усвейка. Цэнтр Альшанскага с/с і саўгаса. За 5 км на У ад г. Чашнікі, 100 км ад Віцебска, 8 км ад чыг. ст. Чашнікі. 463 ж., 164 двары (1996). Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.

т. 4, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛІЦКАЯ АБАРО́НА 1943—44,

баі партыз. брыгад Сенненскай (камандзір В.С.Лявонаў) і 1-й імя К.Заслонава (камандзір Л.І.Сяліцкі) па абароне аэрадрома ў саўгасе Беліца Сенненскага р-на Віцебскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Праз аэрадром ішло забеспячэнне з сав. тылу партызанаў, што дзейнічалі ў Сенненскім і суседніх раёнах. Для яго ліквідацыі акупанты накіроўвалі ў снеж. 1943 карны батальён (каля 300 салдат), у лютым карны батальён (каля 600 салдат), артыл. батарэю і ў сак. 1944 мотастралк. дывізію, зводны полк з паліцэйскіх гарнізонаў Сенненскага, Багушэўскага і Бешанковіцкага р-наў. Пасля апошняга бою партызаны, якіх фашысты адцяснілі на З ад аэрадрома, стварылі новую паласу абароны на зах. беразе р. Усвейка і ўтрымлівалі яе да мая 1944.

т. 3, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛЬНЯКІ́,

вёска ў Беларусі, у Антапольскім с/с Чашніцкага р-на Віцебскай вобл. на р. Усвейка. За 31 км ад г. Чашнікі, 121 км ад Віцебска, 8 км ад чыг. ст. Вятны. 43 ж., 24 двары (1995).

У пісьмовых крыніцах упершыню згадваюцца каля 1528. Належалі да маёнтка Мялешкавічы кн. Лукомскіх, потым уладанне Сапегаў, Шчорсаў, Хмараў. На процілеглым (левым) беразе Усвейкі быў пабудаваны драўляны замак, побач з ім узнікла мястэчка (сучасная в. Замачак), а ў Бельняках заснаваны фальварак. На пач. 20 ст. ў Бельняках 287 ж., 36 дамоў. Да 1927 у Чарэйскім р-не Барысаўскай, да 1930 — Аршанскай акр., потым у Чашніцкім р-не (з 1935) Лепельскай акр., з 1938 — Віцебскай вобл.

т. 3, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРША́НСКАЕ ЎЗВЫ́ШША,

фізіка-геаграфічны раён ва ўсх. ч. Беларускай грады на ПдУ Віцебскай і ПнУ Мінскай абласцей. Уваходзіць у Беларуска-Валдайскую правінцыю. Мяжуе з Чашніцкай раўнінай і Лучоскай нізінай на Пн, Верхнебярэзінскай ніз. на ПнЗ, Мінскім узв. на З, Цэнтральнабярэзінскай, Аршанска-Магілёўскай і Горацка-Мсціслаўскай раўнінамі на Пд і ПдУ. Выцягнута з З на У на 110 км, з Пн на Пд на 10—60 км. Абс. вышыні ад 150 м над узр. м. (урэз вады ў р. Дняпро) да 265 м (каля в. Янова Сенненскага р-на), пераважаюць 200—250 м. Над суседнімі раўнінамі і нізінамі ўзнімаецца на 100—127 м. Пл. каля 2,5 тыс. км². Аршанскае ўзвышша — краявое акумулятыўнае ўзвышша лёдападзельнага тыпу сожскага ледавіка, да якога на Пн прымыкаюць невял. краявыя грады паазерскага зледзянення

У геаструктурных адносінах прымеркавана да Аршанскай упадзіны. У будове ўзвышша пераважаюць ледавіковыя адклады трох-чатырох зледзяненняў, міжледавіковыя адклады менш развіты. Магутнасць тоўшчы антрапагенавай сістэмы 60—80 м, на лакальных падняццях ложа яна памяншаецца да 18 м, у ледавіковых лагчынах павялічваецца да 200 м. Карысныя выкапні: дэвонскія даламіты і даламітызаваныя вапнякі, антрапагенавыя цагляна-чарапічныя і керамічныя гліны, пясчана-жвіровы матэрыял, торф. Вялікія запасы прэсных і мінер. водаў у Аршанскім гідрагеалагічным басейне, які ахоплівае ўсе гарызонты асадкавага чахла і частку крышт. фундамента.

У рэльефе Аршанскага ўзвышша вылучаюцца 2 няроўныя часткі. Меншая, паўн.-ўсх., характарызуецца градава-ўзгорыстым канцова-марэнным і камавым рэльефам Аршанскага стадыяла паазерскага зледзянення. Утварае выгнутую на Пд дугу, вышыня асобных узгоркаў 10—12 м, паміж імі шматлікія лагчыны сцёку талых ледавіковых водаў, тэрмакарставыя западзіны. Рэльеф асн. часткі Аршанскага ўзвышша (лёдападзельнага масіву Ашмянскага стадыяла перадапошняга зледзянення) узгорыста-ўвалісты і спадзіста-хвалісты, перапрацаваны дэнудацыяй, з перарывістым покрывам лёсападобных парод магутнасцю 0,5—7 м. Месцамі да схілаў прымыкаюць флювіякамы, камавыя масівы і озы. На водападзелах суфазійныя западзіны (да 2 м), у прырэчных частках, асабліва на правабярэжжы Дняпра, глыбокія лагчыны і разгалінаваныя яры да 15—20 м глыбіні. У Мацвеевым Рове (каля г.п. Копысь) агаленне адкладаў александрыйскага міжледавікоўя. Адметная рыса Аршанскага ўзвышша — скразныя даліны, найб. выразная паміж вярхоўямі рэк Друць і Усвейка. Т-ра студз. -7,8 °C, ліп. 18 °C, ападкаў 630 мм за год. Па Аршанскім узвышшы праходзіць частка водападзелу паміж бас. Балтыйскага і Чорнага мораў, тут пачынаюцца рэкі Усвейка і Абалянка (бас. Зах. Дзвіны), Бобр, Друць і Адроў (бас. Дняпра). Ёсць невял. зарослыя азёры ў западзінах. Глебы дзярнова-падзолістыя сугліністыя, радзей супясчаныя на лёсападобных пародах, у паніжэннях — тарфяна-балотныя нізінныя, у далінах — поймавыя дзярнова-балотныя. Лясы мяшана-шыракалістыя, захаваліся на ўзгорыстых і забалочаных участках (каля 20% тэрыторыі). Пераважаюць ельнікі, субары, драбналістыя лясы. Лугі б.ч. сухадольныя. Месцамі нізінныя балоты. Пад ворывам каля 50% тэрыторыі.

М.Я.Камароўскі.

т. 1, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)