Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
УРУГВА́Й (Uruguay),
рака ў Паўд. Амерыцы, вярхоўі ў Бразіліі, у сярэднім і ніжнім цячэнні служыць мяжой паміж Бразіліяй, Аргенцінай і Уругваем. Утвараецца ад сутокаў рэк Каноас і Пелотас, якія пачынаюцца на зах. схілах хр. Сера-ду-Мар. Даўж. (ад вытоку р. Пелотас) 2200 км, пл.бас. 307 тыс.км². Верхняе і сярэдняе цячэнне па Бразільскім пласкагор’і. Парожыстая, шмат вадаспадаў. Упадае ў Атлантычны ак., утварае агульнае з р. Парана вусце — эстуарый Ла-Плата. Гал. прытокі: Ібікуі, Рыо-Негра (злева). Паводкі вясной і восенню. Сярэдні гадавы расход вады 5500 м³/с. ГЭС Сальта-Грандэ. Суднаходная для марскіх суднаў да г. Пайсанду, для рачных — да вадаспадаў Сальта і Канкордыя. Гал. парты; Канкордыя (Аргенціна), Сальта, Пайсанду, Фрай-Бентас (Уругвай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УРУГВА́Й (Uruguay), Усходняя Рэспубліка Уругвай (República Oriental del Uruguay),
дзяржава на ПдУПаўд. Амерыкі. Мяжуе на З з Аргенцінай, на Пн і ПнУ з Бразіліяй, на Пд і ПдУ абмываецца Атлантычным акіянам. Пл. 177,4 тыс.км². Нас. 3334 тыс.чал. (2000). Афіц. мова — іспанская. Сталіца — г.Мантэвідэо. Падзяляецца на 19 дэпартаментаў. Нац. свята — Дзень незалежнасці (25 жн.).
Дзяржаўны лад. У. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1967. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — Ген. асамблея, якая складаецца з сената (30 сенатараў) і палаты прадстаўнікоў (99 дэпутатаў), выбіраецца на 5 гадоў.
Прырода. У. размешчаны ў межах Паўд.-Амерыканскай платформы. Рэльеф пераважна раўнінна-градавы. На ПнЗ лававае плато Аэда, якое на З спадзіста спускаецца да р.Уругвай, на У абрываецца ўступам Кучылья-дэ-Аэда (выш. да 473 м). Унутр.ч. займае хвалістая раўніна бас.р. Рыо-Негра, абкружаная градамі і плато выш. да 420 м. На З — ч. Ла-Плацкай нізіны, на У — пясчаная берагавая нізіна Атлантычнага акіяна. На Пднайвыш. пункт У Пандэ-Асукар (501 м). Карысныя выкапні: жалезамарганцавыя руды, невял. паклады золата, серабра, свінцу, медзі, тальку, паўкаштоўных камянёў (агатаў, аметыстаў), буд. каменю (граніту, мармуру), торфу, бурага вугалю. Клімат субтрапічны, акіянічны. Сярэдняя т-раліп. 10—12 °C, студз. 22—24 °C. Ападкаў за год ад 1000 мм на Пд і ва ўнутр. раёнах да 1200 мм на Пн. Рачная сетка густая; гал. рэкі — Уругвай і Рыо-Негра. Лагунныя азёры, найб. — Лагоа-Мірын. Пераважаюць субтрапічныя травяністыя саванны (кампас) на чырванавата-чорных глебах прэрый. Уздоўж рэк галерэйныя вечназялёныя лясы, на Пд хмызняковая саванна, на У пальмавыя гаі. Пад лесам каля 6% тэрыторыі. Жывёльны свет моцна вынішчаны: трапляюцца браняносцы, апосум, нутрыя, дробныя алені, скунс, страус, шмат вадаплаўных птушак. Каля 10 нац. паркаў, у т.л Каба-Палоньё, Санта-Тэрэса.
Насельніцтва. Каля 90% — уругвайцы (нашчадкі еўрап., пераважна ісп. і італьян. эмігрантаў), невял. групы метысаў (3%), мулатаў і індзейцаў. Жывуць таксама італьянцы (2,6%), бразільцы, іспанцы, партугальцы, яўрэі і інш. Вернікі пераважна католікі (66%), ёсць пратэстанты (3,4%) і інш. Сярэднегадавы натуральны прырост 0,8%. Сярэдняя шчыльн. 19 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены паўд. і паўд.-зах. раёны. Гар. насельніцтва 91%. Каля 37% насельніцтва жыве ў сталічнай агламерацыі Мантэвідэо (каля 1,33 млн.ж., 1998); асн. гарады: Сальта і Пайсанду (па 80 тыс.ж.), Лас-П’едрас і Рывера (па 60 тыс.ж.), Такуарэмбо і Мерседэс (па 50 тыс.ж.). У прам-сці занята 19% эканамічна актыўнага насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 11%, у абслуговых галінах — 70%.
Гісторыя. У дакаланіяльную эпоху тэр. У. насялялі індзейцы чаруа. У 1515 тут з’явіліся іспанцы і назвалі краіну Усходні бераг ракі Уругвай. Барацьба паміж Іспаніяй і Партугаліяй за валоданне гэтай тэр. скончылася ў 1750 перамогай Іспаніі. З 1776 Усх. бераг у складзе віцэ-каралеўства Ла-Плата. Большасць насельніцтва У. да пач. 19 ст. складалі нашчадкі еўрапейцаў. У 1811—20 барацьбу за незалежнасць Усх. берага ўзначаліў Х.Х.Артыгас. 25.8.1825 абвешчана незалежнасць У. (з 1828 Усходняя Рэспубліка У.); у 1830 прынята канстытуцыя, якая дзейнічала да 1917. У. перажыў грамадз. войны і агрэсію арг. войск, толькі ў канцы 19 ст. ўсталявалася адносная паліт. стабільнасць. Пры прэзідэнце Х.Батлье-і-Ардоньесе (1903—07, 1911—15) і яго пераемніках ажыццёўлены шэраг паліт. і сац. рэформ. У 1933 прэзідэнт Г.Тэра здзейсніў дзярж. пераварот. Новая канстытуцыя, прынятая ў 1942, аднавіла грамадз. свабоды. У 1973 прэзідэнт Х.М.Бардаберы пры падтрымцы ваенных ажыццявіў дзярж. пераварот, распусціў парламент і скасаваў большасць палажэнняў канстытуцыі. Усеагульная забастоўка 1984 прымусіла ваенных правесці выбары і аднавіць цывільнае кіраванне; прэзідэнтам У. выбраны лідэр правага крыла партыі «Каларада» Х.М.Сангінеці.
У паліт. жыцці У. дамінуюць створаныя ў 1830-я г. партыя «Каларада» (Батльісцкая) і Нац. партыя «Бланка», прадстаўнікі якіх па чарзе змяняюць адзін аднаго ва ўладзе. Дзейнічае таксама паліт. партыя Рух «Прагрэсіўная сустрэча». У. — чл.ААН (з 1945). Дыпламат. адносіны У. з Рэспублікай Беларусь усталяваны ў ліп. 1992.
Гаспадарка. У. — індустр.-агр. краіна з развітой жывёлагадоўляй. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1998 склаў 28 млрд.дол. (8,5 тыс.дол. на 1 чал., адзін з найвыш. паказчыкаў у Лац. Амерыцы). У структуры ВУП 27% прыпадае на прам-сць, 9% — на сельскую гаспадарку, 64% — на сферу паслуг. Дзяржава кантралюе вытв-сць электраэнергіі, нафтапрадуктаў, цэменту, мясапрадуктаў, чыг., паветраны і гар. транспарт, у яе ўласнасці нетры краіны. Замежныя манаполіі дамінуюць у металургічнай, эл.-тэхн., хім., харч. і тэкст. прам-сці, ім належаць 30% с.-г. зямель, большасць банкаў. Прамысловасць прадстаўлена ў асн. прадпрыемствамі па перапрацоўцы с.-г. сыравіны. Пераважаюць харч. (больш за 30% прамысл. прадукцыі), нафтаперапр., хім., тэкст. галіны прам-сці. Вытв-сць электраэнергіі 9,8 млрд.кВт∙гадз (1998), у т. л. 96% на ГЭС, найб. — уругвайска-аргенцінская Сальта-Грандэ (магутнасць 1,8 млн.кВт) і уругвайска-браз. Пальмар (300 тыс.кВт). Каля 50% электраэнергіі экспартуецца. Асн. галіна харч. прам-сці — мясахаладабойная (Мантэвідэо, Фрай-Бентас, Канелонес, Пайсанду, Сальта), працуе пераважна на экспарт. Ёсць алейныя, мукамольныя, сыраварныя, цукр., вінаробныя, тытунёвыя прадпрыемствы. Развіта тэкст. (у т. л. шарсцяная), гарбарна-абутковая, швейная прам-сць. Суднаверфі (Пайсанду, Сальта, Мерседэс). Нафтаперапр., хім., металургічныя, металаапр., аўтазборачныя, эл.-тэхн. прадпрыемствы. Гал.прамысл. цэнтр — Мантэвідэо (каля 3/4прамысл. прадукцыі У.). Здабыча буд. матэрыялаў, невял. колькасці золата, медных і марганцавых руд. Сельская гаспадарка забяспечвае краіну асн. прадуктамі харчавання і з’яўляецца гал. крыніцай даходаў ад экспарту. С.-г. ўгоддзі складаюць 84% тэр., у т. л. пад пашай 77%, ворывам 7%. Адзначаецца высокая канцэнтрацыя зямельнай уласнасці — на долю 6,5% гаспадарак пл. больш за 1 тыс.га прыпадае 55,4% с.-г. угоддзяў. Гал. галіна сельскай гаспадаркі — пашавая жывёлагадоўля мяса-воўнавага кірунку, пераважна экстэнсіўная. У. — адзін з найб. у свеце вытворцаў і экспарцёраў воўны, мяса, скуры. Гадуюць буйн раг. жывёлу (10,8 млн. галоў, 2000), авечак (13 млн.), коз (14,8 тыс.), свіней (380 тыс.), птушак (13 млн.). Вытв-сць воўны 74 тыс.т (1997, 5-е месца ў свеце). Малочная гаспадарка развіта слаба.
Улоў рыбы ў 2000—137 тыс.т. Земляробства развіта пераважна ў паўд. раёнах. Вырошчваюць пшаніцу, кукурузу, рыс., алейны лён, сланечнік, авёс, ячмень, сорга, бульбу, цукр. буракі, агародніну, арахіс. На Пд развіта вінаградарства, на Пн — вырошчванне цытрусавых. Транспарт аўтамаб. (3/4 грузавых перавозак), чыг., водны. 415 тыс. легкавых і 50 тыс. грузавых аўтамабіляў. Даўж. аўтадарог больш за 50 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём больш за 10 тыс.км. Панамерыканская шаша звязвае У. з Аргенцінай і Бразіліяй. Чыг. сетка (3 тыс.км) мае веерную канфігурацыю з цэнтрам у Мантэвідэо. Даўж. суднаходных рэк 1250 км. Гал. парты: Пайсанду і Фрай-Бентас. Найб. марскі порт — Мантэвідэо (9/10 знешнегандл. абароту). Танаж марскога флоту каля 150 тыс. бр.-рэг. т. Міжнар. аэрапорт Караска ў Мантэвідэо. Знешнегандл. абарот 5,5 млрд.дол. (1999), у т. л. экспарт 2,1 млрд.дол. (мяса, воўна, скуры, тэкстыль, электраэнергія, рыс, рыба); імпарт 3,4 млрд.дол. (машыны і абсталяванне, нафта і інш.). Асн.гандл. партнёры: Бразілія, Аргенціна, краіны ЕС, ЗША, Кітай, Японія. Даход ад турызму 653 млн.дол. Грашовая адзінка — уругвайскае песа.
Літаратура. Развіваецца на ісп. мове. Першы рукапісны помнік — «Мемарыял» Перэса Кастэльяна (1779). Пачатак маст. л-ры паклала класіцыстычная паэзія Х.Прэга дэ Алівера, К.Вільядэмораса і п’еса Х.П.Мартынеса. У пач. 19 ст. на аснове вуснай нар. творчасці ўзнікла л-ра гаўча (жыхароў стэпаў; паэзія Б.Ідальга), развівалася т.зв. акад.л-ра, якая асвойвала традыцыі еўрап. класіцызму (паэзія Ф.Акунья дэ Фігероа). У 1830—40-я г. ў л-ры панаваў рамантызм (творчасць А.Бера, А.Магарыньёса Сервантэса, Х.Сарыльі дэ Сан-Марціна). У канцы 19 — пач. 20 ст. ў прозе ўсталяваўся рэалізм (раманы Э.Асеведа Дыяса, К.Рэйлеса, апавяданні Х. дэ Віяны), у паэзіі адчувальны ўплыў мадэрнізму (Х.Эрэра-і-Рэйсіг). Вылучалася творчасць драматурга Ф.Санчэса, навеліста А.Кірогі. У 1930—40-я г. ўзмацніўся сац.-крытычны кірунак (паэзія С.Х.Гарсіі, П.Л.Іпучэ). У прозе рэаліст. традыцыі развівалі Э.Амарым, А.Гравіна. У 1960—70-я г. асвойваліся і новыя літ.маст. формы. Наватарскімі пошукамі адзначана творчасць Х.К.Анеці, М.Бенедэці, Х.Куньі. У 1980—90-я г. ў л-ры плённа працавалі празаікі і публіцысты Э.Галеана, Хесуальда, паэты А.Берэнгер, І.Вітале, М.Біянчы, Х.Медына Відаль, У.Хіярдана і інш.
Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Ад культуры індзейцаў чаруа захаваліся антрапаморфныя і зааморфныя камяні, звонападобныя керамічныя пасудзіны. У пастухоў-гауча бытавалі своеасаблівыя скураныя і сярэбраныя вырабы. У пач. 16—пач. 19 ст. тут узводзілі магутныя ваен. фарпосты, умацаваныя храмы з барочным і класіцыстычным дэкорам. З 18 ст. развіваліся гарады з рэгулярнай забудовай і дамамі з унутр. дворыкамі-патыо. У 19 ст. пераважалі аднастайныя невысокія дамы еўрап. тыпу, часцей у духу эклектыкі, у пач. 20 ст. — у стылі мадэрн. У 1930-я г.арх. Х.Віламаха паклаў пачатак сучаснай архітэктуры, заснаванай на кантрасце прысадзістых і верт. аб’ёмаў, вял. гладкіх плоскасцей з дробнымі формамі сонцаахоўных прыстасаванняў, на спалучэнні арх. форм з навакольным пейзажам. У 2-й пал. 20 ст. будавалі пасёлкі з комплексамі грамадска-быт. абслугоўвання, малапавярховыя індывід. жытлы, адметныя сінтэзам мастацтваў, і шматпавярховыя дамы з лёгкімі і выразнымі сілуэтамі. Фарміраванне нац. школы жывапісу звязана з творчасцю Х.М.Бланеса (2-я пал. 19 ст.), які ў гіст. карцінах і сцэнах з нар. жыцця ствараў паэт.нар. вобразы. У канцы 19 — пач. 20 ст.рэаліст. жывапіс У. ўзбагачаўся вопытам еўрап. школ (пейзажы П.Бланеса Віяле, П.Фігары, партрэты К.Ф.Саэса, гіст. карціны К.М.Эрэры). Пачатак скульпт. школе паклаў Х.М.Ферары, які спалучаў рамант. пафас з рэаліст. вобразамі. У манум. скульптуры і партрэтах А.Пены, Х.Бельёні, Б.Мічэлены выкарыстаны вопыт еўрап. скульптуры пач. 20 ст. Жывапісцы Р.Перэс Барадас і Х.Кунео Перынеці прыўнеслі ў мастацтва прынцыпы кубізму, футурызму, экспрэсіянізму; прадстаўнік абстрактнага мастацтва — Х.Торэс Гарсія і інш. Сярод жывапісцаў і графікаў 1930-х г. Л.Масей, Н.Бердыя і інш. У 1950-я г.прагрэс. мастакі аб’яднаны ў Клубе гравюры (Л.Гансалес і інш.). Вылучаецца творчасць скульпт. А.Гансалеса. Сучаснае мастацтва канцэнтруецца ў Мантэвідэо, набывае ўсё большую самасвядомасць (маст. Г.Ласарыні, С.Пінтаса, Э.Фернандэс і інш.). У 1914 створана т-ва архітэктараў У. У 1957 засн.Нац. школа прыгожых мастацтваў пры ун-це.
Літ.:
Мамонтов С.П. Испаноязычная литература стран Латинской Америки XX в. 2 изд. М., 1983;
Полевой В.М. Искусство стран Латинской Америки. М., 1967.
І.І.Пірожнік (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Н.Р.Кошалева (гісторыя), Я.Ф.Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва).
Герб і сцяг Уругвая.Да арт.Уругвай. Панарама Мантэвідэо.Да арт.Уругвай. У цэнтры Мантэвідэо.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА-ПЛА́ТА (La Piata),
заліў Атлантычнага ак. каля паўд.-ўсх. ўзбярэжжа Паўд. Амерыкі; эстуарый рэк Парана і Уругвай. Даўж. 320 км, шыр. да 220 км, глыб. 10—20 м. Прылівы няправільныя, паўсутачныя (да 1 м). Гарады і парты — Буэнас-Айрэс, Ла-Плата (Аргенціна) і Мантэвідэо (Уругвай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АТЛАНТЫ́ЧНАЯ МАГІСТРА́ЛЬ»,
1) мерыдыянальная двухпутная чыг. магістраль Бостан—Філадэльфія—Вашынгтон—Савана—Маямі, якая злучае ПнУ ЗША з узбярэжжам Мексіканскага зал. Агульная працягласць больш за 2,2 тыс.км.
2) Мерыдыянальная двухпутная чыг. магістраль Мантэвідэо (Уругвай) — Курытыба — Сан-Паўлу — Рыо-дэ-Жанейра — Салвадор — Рэсіфі (Бразілія), якая злучае Уругвай з паўд. і ўсх. штатамі Бразіліі. Агульная працягласць 3,6 тыс.км.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЦІНААМЕРЫКА́НСКАЯ АСАЦЫЯ́ЦЫЯ ІНТЭГРА́ЦЫІ (ЛАІ),
гандлёва-эканамічная арг-цыя 11 краін Лац. Амерыкі (Аргенціна, Балівія, Бразілія, Венесуэла, Калумбія, Мексіка, Парагвай, Перу, Уругвай, Чылі, Эквадор). Створана ў 1981 замест Лацінаамерыканскай асацыяцыі свабоднага гандлю, якая дзейнічала з 1960. Асн. задача ЛАІ — садзейнічанне развіццю рэгіянальнага эканам. супрацоўніцтва і гандлю; гал. мэта — стварэнне лацінаамер. агульнага рынку. Вышэйшы орган — Савет Міністраў; штаб-кватэра ў г. Мантэвідэо (Уругвай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАНА́ (Paraná, на мове індзейцаў гуарані — вялікая рака),
рака ў Бразіліі, Парагваі і Аргенціне (часткова служыць мяжой паміж імі), другая па велічыні ў Паўд. Амерыцы (пасля р. Амазонка). Даўж. ўласна П. (без эстуарыя) 4380 км, пл. басейна 2663 тыс.км² (з р.Уругвай 2970 тыс.км²). Утвараецца ад сутокаў рэк Рыу-Гранды і Паранаіба, якія пачынаюцца на Бразільскім пласкагор’і, упадае ў Атлантычны ак. У верхнім цячэнні горная, перасякае лававае плато Парана, утварае парогі і вадаспады (Урубупунга выш. да 12 м, Сеты-Кедас выш. да 33 м). Каля г. Пасадас выходзіць на Лаплацкую нізіну, на Пд ад г. Д’ямантэ знаходзіцца вял.ўнутр. дэльта (даўж. каля 130 км), дзе вылучаюцца рукавы і пратокі. Далей П. зліваецца з р.Уругвай у агульнае вусце і ўтварае адзін з найб. у свеце эстуарыяў — заліў Ла-Плата. Гал. прытокі Тыетэ, Паранапанема, Ігуасу, Уругвай (злева), Парагвай, Рыо-Салада, Каракаранья (справа). Жыўленне дажджавое. Разводдзе ад студз. да мая (летнія дажджы ў верхняй ч.), другое павышэнне ўзроўню ў чэрв.—жн. (зімовыя дажджы ў ніжняй ч.). Расход вады 17,5 тыс.м³/с (разам з р.Уругвай 23 тыс.м³/с). Цвёрды сцёк каля 150 млн.т/год, яе мутныя воды прыкметныя ў акіяне на працягу 100—150 км ад берага. Суднаходная да г. Пасадас, пры высокай вадзе — да вусця р. Ігуасу, для акіянскіх суднаў да г. Расарыо (640 км ад вусця). Буйныя ГЭС і вадасховішчы — Ітайпу (найб. ў свеце, 12,6 млн.кВт), Ілья-Салтэйра, Жупія. Гал. гарады: Пасадас, Карыентэс, Санта-Фе, Парана, Расарыо (Аргенціна), на ўзбярэжжы Ла-Платы — Буэнас-Айрэс, Ла-Плата (Аргенціна) і Мантэвідэо (Уругвай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«Трохкаляровая рэвалюцыя» (Уругвай) 10/488
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Шырокі фронт (Уругвай) 10/489
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАГВА́ЙСКАЯ ВАЙНА́,
захопніцкая вайна Бразіліі, Аргенціны і Уругвая, якіх падтрымлівалі Вялікабрытанія, Францыя і ЗША, супраць Парагвая ў 1864—70. Гал. прычыны — незадаволенасць Вялікабрытаніі незалежным эканам. і знешнепаліт. курсам прэзідэнта Парагвая Ф.С.Лопеса, жаданне рабаўладальнікаў Бразіліі і бурж.-памешчыцкіх вярхоў Аргенціны пашырыць свае ўладанні за кошт Парагвая. Падставай для вайны стала няўдалая спроба Парагвая падтрымаць Уругвай у змаганні супраць браз.-арг. агрэсіі восенню 1864. Пры падтрымцы Вялікабрытаніі ўтварылася антыпарагвайская кааліцыя ў складзе Бразіліі і Аргенціны, да якіх далучыўся і пераможаны Уругвай. Ваен. дзеянні пачаліся ў снеж. 1864 прэвентыўным уварваннем парагвайскіх войск у Бразілію і да мая 1866 у асн. вяліся на тэр. Бразіліі і Аргенціны, потым парагвайцы абараняліся на сваёй тэрыторыі. Пераўзыходзячыя сілы кааліцыі нанеслі паражэнні парагвайскай арміі пры Умаіце (жн. 1868), на р. Пікісіры (снеж. 1868), занялі сталіцу краіны г. Асунсьён (студз. 1869). Парагвайцы перайшлі да партыз. вайны, якая спынілася пасля гібелі ў баі прэзідэнта Лопеса (1.3.1870). Спустошаны вайной Парагвай (загінула каля 80% насельніцтва) паводле дагавораў з Бразіліяй (1872) і Аргенцінай (1876) перадаў ім каля паловы сваёй тэрыторыі.