Уранія (міфал.) 7/306

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

«УРА́НІЯ»,

лічыльна-вырашальнае прыстасаванне, якое мадэліруе сутачнае вярчэнне Зямлі і яе арбітальны рух. Прызначана для вызначэння геагр. шыраты і даўгаты месца назірання, схілення і прамога ўзыходжання (гл. Нябесныя каардынаты), даты і моманту часу назірання, а таксама становішча аб’екта, што назіраецца (напр., зоркі, планеты). Гэтыя пераменныя велічыні нанесены на рухомых шкалах прыстасавання і ўводзяцца ці счытваюцца пры дапамозе стрэлак, візірнай трубкі, звязанай са шкалой схіленняў, і лініі Пн—Пд, нанесенай на дыск асновы прылады. Можа выкарыстоўвацца ў астраноміі, геадэзіі і навігацыі. Распрацавана і пабудавана пад кіраўніцтвам Я.У.Чайкоўскага (Мінск, 2001).

А.​Ю.​Колас.

«Уранія».

т. 16, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УРА́НІЯ,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі адна з 9 алімпійскіх муз, апякунка астраноміі. На стараж. выявах яе паказвалі як жанчыну з нябесным глобусам (сферай) і палачкай-указкай у руках.

т. 16, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́ЗЫ (ад грэч. musai),

у старажытнагрэчаскай міфалогіі дочкі Зеўса і Мнемасіны; спачатку багіні спеваў, пазней паэзіі, мастацтваў, навук. М. было 9: Кліо — апякунка гісторыі, Талія — камедыі, Мельпамена — трагедыі, Еўтэрпа — лірычнай паэзіі, Эрато — любоўнай эратычнай паэзіі, Тэрпсіхора — танцаў, Палігімнія — гімнаў, Каліопа — эпічнай паэзіі і навукі, Уранія — астраноміі. У пераносным сэнсе М. (муза) — творчае натхненне.

т. 11, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАЙКО́ЎСКІ Яўген Уладзіміравіч (н. 27.3.1933, Мінск),

бел. вучоны ў галіне аўтам. кіравання, вынаходнік і педагог. Канд. тэхн. н. (1971). Скончыў БПІ (1961). З 1958 у галіновых НДІ і АН Беларусі. З 1984 у Рэсп. цэнтры тэхн. творчасці вучняў, з 1996 на выкладчыцкай рабоце. Навук. працы па праектаванні сістэм аўтам. кіравання і аўтаматызацыі навук. даследаванняў, праблемах арганізацыі дзіцячай навукова-тэхн. творчасці. Аўтар вынаходстваў у галіне кароткахвалевай радыёсувязі, аўтам. рэгулявання і аматарскага прылада- і тэлескопабудавання (гл. Тэлескоп-цэластат, «Уранія»).

Тв.:

Счетно-решающее устройство для вычисления к.п.д. брутго котлоагрегата // Теплоэнергетика. 1972. Вып. 2;

Наносекундный лазерный спектрофлуориметр с автоматизированной обработкой данных (у сааўт.) // Квантовая электроника. 1986. Т. 13, № 11.

А.​І.​Болсун.

т. 17, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРО́ДСКІ Іосіф Аляксандравіч (24.5.1940, г. С.-Пецярбург — 28.1.1996),

рускі паэт. Пісаць пачаў у 16 гадоў. Да 1960 быў вядомы як паэт сярод моладзі і ў неафіц. колах. У 1963 арыштаваны, у 1964 за «дармаедства» прыгавораны да 5 гадоў ссылкі з абавязковым прыцягненнем да працы. Датэрмінова вызвалены (1965) дзякуючы заступніцтву А.​Ахматавай, С.​Маршака, Дз.​Шастаковіча і інш. У 1972 Бродскі пакінуў радзіму. Жыў у ЗША. Выкладаў рус. л-ру ва універсітэтах і каледжах. Пісаў на рус. і англ. мовах. Аўтар кніг «Перапынак у пустыні» (1967), «Канец цудоўнай эпохі» (1972), «Уранія» (1987) і інш., у якіх паказаў складаны творчы і духоўны свет паэта. Яго паэзія — у своеасаблівым творчым вымярэнні і ў той жа час яна цвёрда стаіць на рэальнай зямлі. Нобелеўская прэмія 1987.

Тв.:

Соч.: В 4 т. Т. 1—2. СПб., 1992—94;

Назидание. 1990;

Форма времени. Т. 1—2. Мн., 1992.

І.А.Бродскі.

т. 3, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)