АНТЭ́Й,
позназімовы сорт яблыні селекцыі Бел. НДІ пладаводства. Раянаваны ў Беларусі.
Дрэва сярэднярослае, пладаносіць на 6—7-ы год пасля пасадкі. Крона круглавата-конусападобная, рэдкая. Лісце яйцападобнае, маршчыністае, даволі вялікае. Сорт скараплодны, ураджайны. Плады сярэднія і вялікія, круглавата-канічныя, крыху пляскатыя, часам шырокарабрыстыя, захоўваюцца да сярэдзіны красавіка. Скурка светла-зялёная з цёмна-бардовым адценнем. Мякаць белая з зеленаватым адценнем, сакаўная, кісла-салодкая. Сорт сярэднеўстойлівы да паршы, зімаўстойлівы.
т. 1, с. 406
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЭ́РА ЗАЛАТА́Я,
цукроўка двайная, сорт грушы народнай селекцыі. На Беларусі рэкамендаваны ў прысядзібным садаводстве, акрамя Віцебскай вобл.
Дрэва сярэднярослае, крона круглавата-пірамідальная, густая. Плоданашэнне пачынаецца на 5—6-ы год. Сорт сярэднезімаўстойлівы, ураджайны, амаль не пашкоджваецца хваробамі. Плады сярэдняй велічыні (да 90 г), кароткаўсечана-канічнай формы. Скурка тонкая, гладкая, залаціста-жоўтая з інтэнсіўным румянцам чырванавата-бурага колеру амаль на ўсім плодзе. Мякаць белая, сакаўная, вельмі салодкая, добрага смаку. Спажывецкая спеласць настае ў сярэдзіне жніўня.
М.Р.Мялік.
т. 3, с. 385
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЭ́РА ЛО́ШЫЦКАЯ,
сорт грушы селекцыі Бел. НДІ пладаводства. Выведзены скрыжаваннем сартоў Бэра слуцкая і Курская малдаўка. На Беларусі раянаваны ўсюды, акрамя Віцебскай вобл.
Дрэва сярэднярослае, крона пірамідальная, кампактная. Плоданашэнне пачынаецца на 4—5-ы год. Сорт сярэднезімаўстойлівы, ураджайны, мала пашкоджваецца хваробамі. Плады сярэдняй велічыні (90—110 г), шырокагрушападобнай формы, гузаватыя. Скурка тонкая, светла-жоўтая з лёгкім аранжавым румянцам. Мякаць белая, дробназярністая, паўмасляністая, салодкая, здавальняючага смаку. Спажывецкая спеласць настае ў сярэдзіне верасня. Лёжкасць каля двух тыдняў.
М.Р.Мялік.
т. 3, с. 385
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКА,
сорт грушы селекцыі Бел. НДІ пладаводства. Выведзены скрыжаваннем сартоў Вінёўка і Сапяжанка. Раянаваны ў Віцебскай вобл.
Дрэва моцнарослае, з шырокапірамідальнай негустой кронай. Плоданашэнне на 5—6-ы год пасля пасадкі. Сорт зімаўстойлівы, ураджайны, сярэднеўстойлівы да паршы, устойлівы да бактэрыяльнага рака. Плады сярэдняй велічыні (80—100 г), прадаўгавата-грушападобнай формы, з падоўжнай баразёнкай. Скурка светла-жоўтая са слабым румянцам з сонечнага боку. Мякаць снежна-белая, духмяная, паўмасляністая, сакаўная, салодкая з прыемнай кіслінкай, добрага смаку. Спажывецкая спеласць настае ў канцы жніўня.
М.Р.Мялік.
т. 2, с. 391
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ СІНА́П,
позназімовы сорт яблыні селекцыі Бел. НДІ пладаводства. Выведзены скрыжаваннем сартоў Антонаўка і Пепін літоўскі. Раянаваны ў Беларусі з 1967.
Дрэва моцнарослае, з незагушчанай шырокапірамідальнай кронай. Плоданашэнне з 4—5-га года пасля пасадкі. Сорт ураджайны, высоказімаўстойлівы, устойлівы да грыбных і ракавых захворванняў. Плады аднатыпныя, сярэдняй велічыні (120 г), круглавата-авальнай формы, з характэрнымі плоскімі рэбрамі па паверхні. Скурка шчыльная, тоўстая, спачатку зялёная, у перыяд захоўвання зеленавата-жоўтая. Мякаць плода шчыльная, дробназярністая, кісла-салодкая. Збор пладоў — у 1-й пал. кастрычніка; захоўваецца да чэрвеня.
З.А.Казлоўская.
т. 2, с. 456
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)