Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДХІЛЯ́ЮЧАЯ СІ́ЛА ВЯРЧЭ́ННЯ ЗЯМЛІ́,
адна з сіл інерцыі, якая дае магчымасць улічваць уплыў вярчэння Зямлі вакол сваёй восі на рух любога цела адносна зямной паверхні; прыватны выпадак Карыяліса сілы. Адхіляе целы, якія рухаюцца ўздоўж зямной паверхні, управа ў Паўн. паўшар’і, улева — у Паўднёвым; адыгрывае значную ролю ў развіцці атм. працэсаў, змене контураў берагоў рэк і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЭЙФ ІЛЬДО́Ў,
рух ільдоў у вадаёмах пад уздзеяннем вятроў і цячэнняў. Ад дзеяння сілы вярчэння Зямлі адбываецца адхіленне лёду ад напрамку ветру ў сярэднім на 30° управа ў арктычных і ўлева ў антарктычных шыротах. Скорасць ветравога Д.і. у 50 разоў меншая за скорасць ветру. На характар Д.і. уплываюць берагі, астравы, водмелі. Больш павольна, чым ледзяныя палі, дрэйфуюць айсбергі. Магутныя халодныя цячэнні (Лабрадорскае, Перуанскае) выносяць палярныя льды ва ўмераныя, радзей субтрапічныя шыроты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКА-АМЕРЫКА́НСКІ КУЛЬТУ́РНЫ ЦЭНТР (БАКЦ) у Саўт-Рыверы, бел. грамадска-культурны асяродак у ЗША, штаце Нью-Джэрсі. Засн. ў 1972 пры царкве імя св. Ефрасінні Полацкай. Кіруючы орган — управа, старшынямі якой у розны час былі Б.Шчорс, М.Бахар, Ж.Навумчык. Культ. праграму каардынуе Бел.культ.-мастацкае т-ва, якое з 1974 ладзіць паказы твораў бел. мастакоў і ўмельцаў. Працуе жаночы хор «Каліна», Бел.тэатр. студыя, нядзельная школа, Бел.спарт. аб’яднанне; у 1975—85 для моладзі арганізоўваліся адукац. курсы. Пры цэнтры ёсць б-ка, друкарня. У Саўт-Рыверы выдаюцца час. «Царкоўны светач», «Беларуская думка», «Сяўбіт», «Беларускі праваслаўны каляндар».
А.С.Ляднёва.
Беларуска-амерыканскі культурны цэнтр у г. Саўт-Рывер (ЗША).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГО́ЛАС ЦАРКВЫ́»,
рэлігійна-грамадскі часопіс правасл. беларусаў. Выдаецца з 1955 у Нью-Йорку на бел. мове, напачатку яго выдавала Царк. рада Бел. аўтакефальнай правасл. царквы ў Нью-Йорку (БАПЦ), з 1960 — Епархіяльная управа БАПЦ у Нью-Йорку, потым Рада БАПЦ. Выходзіць 2 разы на год (на Вялікдзень і Каляды). У рэд. калегію ў розны час уваходзілі архіепіскап Васіль (У.Тамашчык), М.Гарошка, Я.Запруднік, П.Манькоўскі, М.Міцкевіч, М.Тулейка і інш. Асвятляе пытанні набажэнства, гісторыі бел.правасл. царквы, дзейнасць бел. прыходаў на эміграцыі. Друкуе архіпастырскія пасланні да вернікаў, тэксты малітваў з нагоды пэўных дат, матэрыялы па гісторыі правасл. брацтваў ВКЛ, манастыроў і цэркваў Беларусі. Аналізуе старадаўнія рэліг. рукапісы, змяшчае артыкулы пра жыццё і творчасць бел. асветнікаў і літаратараў, іх літ. творы.
добраахвотнае аб’яднанне грамадзян, якія пацярпелі ад паліт. рэпрэсій. Створана 8.2.1992 у Мінску. Вышэйшы орган — з’езд, кіруючы — рада, выканаўчы — управа. Мэты БААПР: удзел у рабоце па аднаўленні парушаных правоў і інтарэсаў беспадстаўна рэпрэсіраваных грамадзян, садзейнічанне поўнай і публічнай рэабілітацыі ахвяраў рэпрэсій; аказанне прававой, матэрыяльнай, сац.-бытавой і інш. дапамогі пацярпелым ад паліт. рэпрэсій; пошукі месцаў пахавання рэпрэсіраваных, стварэнне Кніг памяці; садзейнічанне дэмакр. пераўтварэнням і барацьба супраць актаў беззаконня і дыскрэдытацыі; развіццё прававой і гуманітарнай свядомасці грамадзян; арганізацыя сумесна з архіўнымі ўстановамі выставак і інш.асв. мерапрыемстваў, прысвечаных памяці ахвяраў рэпрэсій, і інш. У БААПР уваходзяць Брэсцкая, Гомельская, Гродзенская абласныя, Бабруйская, Брэсцкая, Баранавіцкая, Барысаўская, Маладзечанская гарадскія, Карэліцкая, Пухавіцкая, а таксама Ленінская, Першамайская, Фрунзенская г. Мінска раённыя асацыяцыі ахвяраў паліт. рэпрэсій.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БА́ЦЬКАЎШЧЫНА»,
згуртаванне беларусаў свету. Засн. 6.3.1990 у Мінску прадстаўнікамі творчай і тэхн. інтэлігенцыі Беларусі. На ўстаноўчай канферэнцыі 10—11.9.1990 прысутнічалі прадстаўнікі ўсіх (апрача Крымскага) бел. зямляцтваў і суполак з рэспублік СССР, бел. арг-цый з Беластоцкага ваяводства (Польшча), Беларускага дэмакратычнага аб’яднання, Беларускага грамадска-культурнага таварыства, Беларускага аб’яднання студэнтаў, тыднёвіка «Ніва», замежныя госці юбілею Ф.Скарыны. Ідэя стварэння «Бацькаўшчыны» падтрымана на 19-й сустрэчы беларусаў Паўн. Амерыкі (вер. 1990, Кліўленд). «Бацькаўшчына» вядзе рознабаковую дзейнасць: культ.-асв., гасп.-эканам., рэлігійную, краязнаўчую, замежны турызм і інш.Асн. задачы: адраджэнне культуры і мовы, нац. свядомасці і традыцый бел. народа, кансалідацыя і аб’яднанне беларусаў свету незалежна ад іх паліт. поглядаў, сац. і маёмаснага стану, веравызнання, устанаўленне патрэбных для Беларусі сувязяў з замежжам. Аддзяленні «Бацькаўшчыны» створаны ў абл. цэнтрах і гарадах Беларусі, за мяжой. «Бацькаўшчына» прымае ўдзел у патрыят. акцыях, ажыццяўляе дабрачынную дзейнасць. Ініцыятар склікання і арганізатар Першага сходу беларусаў блізкага замежжа і Першага з’езду беларусаў свету. На чале «Бацькаўшчыны» — прэзідэнт (з 1990 В.Быкаў, з 1993 Р.Гарэцкі). Кіраўнічы орган — рада, выканаўчы — управа.
Да арт. «Бацькаўшчына». Першы з’езд беларусаў свету ў Мінску. 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ КАМІТЭ́Т (БК) у Польшчы, арганізацыя грамадскай апекі для беларусаў у 1940—44. Створаны ў Варшаве з дазволу герм.акупац. улад як Бел. саюз самапомачы (БСС, старшыня Ф.І.Акінчыц), з лета 1940 — БК (старшыня М.Шчорс, нам. М.Ждановіч). У канцы 1940 — пач. 1941 створаны дэлегатуры (прадстаўніцтвы) БК у Бяла-Падлясцы і Кракаве, пазней — некалькі філій на паўд. Падляшшы. Чл. БК (каля 6 тыс.чал., сак. 1942) — пераважна даваен. ўцекачы з паўн.-ўсх. ваяводстваў Польшчы, якія не жадалі заставацца пад сав. адміністрацыяй, а таксама вызваленыя з ням. палону беларусы — ваеннаслужачыя польскай арміі. Асн. дзейнасць — юрыд., мед. і матэрыяльная дапамога членам БК. Працавалі сталовая, бел.пач. школа з інтэрнатам (1942/43—1943/44, у 1943 для вучняў 2 месяцы працаваў летні лагер у Забалацці Бельскападляскай гміны), бел.б-ка, хор і аркестр, драм. секцыя, дзіцячы т-р. БК садзейнічаў заснаванню ў Варшаве бел.правасл. і каталіцкай парафій, царк. брацтва імя св. Юрыя. Дзейнасць БК фактычна спынена 1.8.1944, калі пачалося Варшаўскае паўстанне 1944, управа БК была эвакуіравана ў Кракаў і намінальна існавала да студз. 1945.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПТЫ́ЧНАЯ ІЗАМЕРЫ́Я, энантыямерыя,
з’ява, абумоўленая здольнасцю рэчыва вярцець у розныя бакі плоскасць палярызацыі святла, што праходзіць праз рэчыва; від прасторавай ізамерыі. Звязана з існаваннем рэчыва ў дзвюх формах (лева- і прававярчальнай), якія наз. аптычнымі ізамерамі або аптычнымі антыподамі і ўзнікаюць у выніку асіметрыі (хіральнасці) малекулы.
Аптычныя ізамеры адносяцца адзін да аднаго як несіметрычны прадмет і яго люстраны адбітак; маюць ідэнтычныя фіз. і хім. ўласцівасці, акрамя аптычнай актыўнасці. Адзін ізамер верціць плоскасць палярызацыі святла ўлева [l- ці (-)-форма], другі — управа [d- ці (+)-форма). Дзве формы аднаго і таго ж рэчыва маюць люстрана процілеглыя канфігурацыі. Для вызначэння генетычнай сувязі рэчываў выкарыстоўваюць знакі L і D, якія сведчаць аб роднасці канфігурацыі аптычна актыўнага рэчыва з L- ці D-гліцэрынавым альдэгідам або адпаведна з L- ці D-глюкозай. Аптычныя антыподы (ізамеры), узятыя ў эквімалекулярнай колькасці, утвараюць аптычна неактыўны рацэмат.
Аптычную ізамерыю маюць прыродныя амінакіслоты, вугляводы, алкалоіды. Фізіял. і біяхім. дзеянне аптычных ізамераў рознае: бялкі, сінтэзаваныя з прававярчальных кіслот (прыродныя бялкі — левавярчальныя) не засвойваюцца арганізмам; левы нікацін больш ядавіты, чым правы. У біял. працэсах існуе феномен перавагі левай формы аптычнай ізамерыі, які ўплывае на ўяўленні аб шляхах зараджэння і эвалюцыі жыцця на Зямлі.