«ПО́ЛАЦАК»,

беларуска-амерыканскі культурна-асветны цэнтр у ЗША. Размешчаны ў ваколіцы Стронгсвіл каля г. Кліўленд (штат Агайо). Засн. ў 1968 па ініцыятыве і пры падтрымцы бел. грамадскіх дзеячаў у эміграцыі С.Карніловіча і К.​Калошы. З’яўляецца месцам сходаў і вечарын грамадскасці, сустрэч беларусаў Паўн. Амерыкі, сямейных святкаванняў, маст. выставак, спарт. спаборніцтваў. Збірае і адпраўляе ў Беларусь гуманіт. дапамогу (у т. л. лекі) пацярпелым ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС (1986), прымае на лячэнне і аздараўленне бел. дзяцей з забруджанай зоны. На тэр. цэнтра дзейнічае правасл. царква Жыровіцкай Божай Маці, будуецца новая царква. На ахвяраваныя цэнтрам сродкі набыта выдавецкае абсталяванне і ў 1991—97 выдаваўся час. «Полацак». Кіруючы орган — управа.

А.​С.​Ляднёва.

т. 12, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)