ЛЕБО́Н ((Le Bon) Густаў) (7.5.1841, г. Нажан-ле-Ратру — 13.12.1931),
французскі сацыёлаг, антраполаг і публіцыст, адзін з заснавальнікаў сацыяльнай псіхалогіі. Д-р медыцыны. Скончыў Парыжскі ун-т (1886). Даследаваў псіхалагічныя дэтэрмінанты этн. канфліктаў і цыклічны характар развіцця цывілізацый, ролю псіхічных фактараў (эмоцый, пачуццяў, вераванняў і інш.) у гіст. працэсе («Псіхалагічныя законы эвалюцыі народаў», 1894; «Эвалюцыя сучаснага свету», 1927). Аўтар адной з першых тэорый масавага грамадства. Атаясамліваў масу з натоўпам, у якім індывіды трацяць пачуццё адказнасці і апынаюцца ва ўладзе ірацыянальных пачуццяў, паколькі імі кіруе закон «духоўнага адзінства натоўпу». Увёў класіфікацыю натоўпаў, падзяляючы іх на аднародныя (класы, секты, касты) і разнародныя (вулічны натоўп, парламенцкія сходы і інш.). Прадказваў наступленне «эры мас» і звязаны з гэтым упадак культуры і духоўнасці грамадства («Псіхалогія натоўпу», 1895). Выступаў супраць усіх форм сац. роўнасці і рэвалюцый, дасягненні цывілізацыі звязваў з вынікамі дзейнасці эліты, асабістымі інтэлектуальнымі здольнасцямі і прадукцыйнай творчай працай асобы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛЖАНІ́ЦЫН (Аляксандр Ісаевіч) (н. 11.12.1918, г. Кіславодск, Расія),
рускі пісьменнік. Акад.Рас.АН (1997). Скончыў Растоўскі ун-т, Маскоўскі ін-т філасофіі, л-ры і гісторыі (абодва 1941). У 1945 арыштаваны, да 1953 у лагерах, да 1956 у ссылцы. У 1956 рэабілітаваны. У 1974 пазбаўлены сав. грамадзянства, жыў у Швейцарыі, з 1976 у ЗША. У 1994 вярнуўся ў Маскву. Друкуецца з 1962. У аповесці «Адзін дзень Івана Дзянісавіча» (1962), апавяданні «Матронін двор» (1963, абодва апубл. А.Твардоўскім у час. «Новый мир»), аповесці «У крузе першым» (1968) захаванне чалавечай душы ва ўмовах жорсткай рэчаіснасці. Гал. тэма аповесці «Ракавы корпус» (1968, апубл. за мяжой) — барацьба чалавека са смерцю. Аўтар рамана «Архіпелаг ГУЛАГ» (1973, апубл. за мяжой; Дзярж. прэмія Расіі 1990). У цыкле гіст. раманаў «Чырвонае кола» (т. 1—10, 1971—91) на вял. фактычным матэрыяле разглядаюцца прычыны рэвалюцыі (слабасць улады, упадак рэлігіі, грамадскі радыкалізм) і яе ход, аналізуюцца паліт. і ідэалагічныя платформы розных партый і груп, абгрунтоўваецца магчымасць альтэрнатыўнага гіст. развіцця Расіі. Нарысы грамадскага і літ. жыцця 1960 — пач. 1970-х г. у кн. «Бадалася цяля з дубам» (1975, дапоўненае выд. 1991). Важныя праблемы грамадскага жыцця ўзнімае ў публіцыстыцы («Ліст да правадыроў Савецкага Саюза», «Раскаянне і самаабмежаванне як катэгорыі нацыянальнага жыцця», абодва 1973; «Як нам уладкаваць Расію», 1990; «Рускае пытанне» к канцу XX ст.», 1994, і інш.). Аўтар кн. «Дзвесце гадоў разам (1795—1995)» (ч. 1, 2001), п’ес і інш. У творчасці С., які працягвае традыцыі рус. класікі 19 ст., трагічныя лёсы герояў асэнсоўваюцца ім у святле маральнага і хрысціянскага ідэалу. У страце духоўных жыццёвых арыенціраў, страце асн. маральных прынцыпаў ва ўсіх сферах чалавечай дзейнасці, і найперш у палітыцы, С. бачыць вытокі крызісу сучаснага жыцця. Аснова гіст. працэсу — у маралі, прытрымліванні дабра. Нобелеўская прэмія 1970.
Тв.:
Избр. проза: Рассказы, повесть. М., 1990;
Архипелаг ГУЛАГ, 1918—1956: Опыт худож. исслед. Т. 1—3. М.;
Мн., 1990—91;
Пьесы М., 1990;
«Русский вопрос» к концу XX в. М., 1995;
Публицистика. Т. 1—3. Ярославль, 1995—97;
Россия в обвале. М., 1998;
На изломах: Малая проза. Ярославль, 1998;
Протеревши глаза. М., 1999.
Літ.:
Нива Ж. Солженицын: Пер. с фр.М., 1992;
Мешков Ю.А. Александр Солженицын: Личность. Творчество. Время. Екатеринбург, 1993;
Слово пробивает себе дорогу: Сб. статей и док. об А И.Солженицыне, 1962—1974. М., 1998.