РО́ДНАСЦЬ у праве,

кроўная сувязь паміж людзьмі, з наяўнасцю якой закон звязвае пэўныя правы і абавязкі. Родныя, або сваякі, гэта асобы, якія звязаны Р. і паходзяць адзін ад аднаго або ад агульнага продка. Р. — асн. элемент большасці сямейных праваадносін. Роднымі з’яўляюцца прадзед (прабабка), дзед (бабка), бацька (маці), сын (дачка), унук (унучка), праўнук (праўнучка), браты і сёстры, дзядзькі (цёткі), пляменнікі (пляменніцы) і г.д. Класіфікацыя роднасных адносін мае важнае юрыд. значэнне, асабліва ў сямейным і спадчынным праве.

т. 13, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАХВО́СЦІК (Зоя Валянцінаўна) (н. 26.9 1959, Мінск),

бел. актрыса. Унучка Г.П.Глебава, дачка В.С.Белахвосціка. Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1982), працуе ў Нац. т-ры імя Я.​Купалы. Найб. ярка акцёрскі талент выявіўся ў ролях нац. рэпертуару: Паўлінка, Аленка («Паўлінка», «Тутэйшыя» Я.​Купалы), Зоська («Ажаніцца — не журыцца» Далецкіх і М.​Чарота), Юлька («Ідылія» В.​Дуніна-Марцінкевіча). Сярод інш. роляў: Паліна («Даходнае месца» А.​Астроўскага), Эльза («Дракон» Я.​Шварца), Лаура («Блакітная ружа» Т.​Уільямса), Наташа («Тры сястры» А.​Чэхава).

М.​А.​Бартніцкая.

т. 3, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЫЯ́ДНА,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі дачка крыцкага цара Мінаса і Пасіфаі, унучка бога сонца Геліяса. Дапамагла афінскаму герою Тэсею, які забіў Мінатаўра, выбрацца з лабірынта пры дапамозе клубка нітак («нітка Арыядны»). Пакінутая Тэсеем, стала жонкай Дыяніса; вянок, падораны Дыянісам, пасля смерці Арыядны трапіў на неба і прыняў форму сузор’я (сузор’е Паўночная Карона). Міф пра Арыядну — часты сюжэт у выяўленчым мастацтве (антычныя вазы, фрэскі, рэльефы рымскіх саркафагаў, карціны Тыцыяна, Я.​Тынтарэта, А.​Каўфман), літаратуры (Лопэ дэ Вэга, І.​Гундуліч), музыцы (Г.​Ф.​Гендэль, І.​Гайдн, І.​К.​Бах) і інш.

т. 2, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕДЭ́Я,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі чараўніца, дачка калхідскага цара Ээта, унучка бога Геліяса. Пакахаўшы правадыра арганаўтаў Ясона, дапамагла яму здабыць залатое руно і разам з каханым уцякла ў Грэцыю, забіўшы пры гэтым свайго малога брата. Калі Ясон задумаў ажаніцца з дачкой карынфскага цара, М. з рэўнасці загубіла саперніцу, забіла двух сваіх малых сыноў ад Ясона і знікла на крылатай калясніцы, якую прыслаў Геліяс. Вобраз М. знайшоў адлюстраванне ў л-ры (Эўрыпід, Сенека, П.​Карнель і інш.), жывапісе (пампеянскія размалёўкі, Э.​Дэлакруа і інш.), музыцы (Л.​Керубіні і інш.).

т. 10, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛКАВА (Ірына Анатолеўна) (н. 17.12.1940, Мінск),

бел. мастак. Дачка А.В.Волкава, унучка В.В.Волкава. Скончыла Мінскае маст. вучылішча (1963), Бел. тэатр.-маст: ін-т (1968). Працуе на кінастудыі «Беларусьфільм» (з 1993). Работы ў каляровай літаграфіі «Рамонкі», «Півоні», «Восень» (1989), станковыя лісты «Наша Радзіма» (1991); афорты «Юнацтва Палесся» (1981), трыпціх «Ратамка» (1990); акварэлі «Дзіцячыя цацкі», «Кветкі на падаконніку» (1969), «Беларускі лён і руская гжэль» (1975), «Цюльпаны» (1980) і інш. Аформіла дыяфільмы «Каток — залаты лабок», «Заяц-хвалько», «Мілавіца», «Ад А да Я», «Дундзік у гасцях у беларускіх сяброў» і інш.

І.Волкава. Беларускі лён і руская гжэль. 1975.

т. 4, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЖЭ́ЧНІКАЎ (Іван Іванавіч) (25.9.1792, г. Каломна Маскоўскай вобл. — 8.7.1869),

рускі пісьменнік. Удзельнік Айч. вайны 1812 і замежных паходаў рус. арміі 1813—15. У 1820—37 (з перапынкамі) дырэктар навуч. устаноў Пензенскай, Казанскай, Цвярской губ. З 1843 віцэ-губернатар у Цверы, у 1853—54 — у Віцебску. У 1856—58 цэнзар у Пецярбургу. З 1858 у Маскве. Друкаваўся з 1807. Адзін з пачынальнікаў рус. гіст. рамана («Апошні Навік», ч. 1—4, 1831—33; рамантызаваная версія першых перамог Расіі ў Паўн. вайне 1700—21). Лепшы гіст. раман — «Ледзяны дом» (1835), у якім праўдзіва ўзнавіў эпоху царавання Ганны Іванаўны і «біронаўшчыны». Суровы каларыт часоў стварэння цэнтралізаванай Маскоўскай дзяржавы ў 15 ст. апісаў у рамане «Басурман» (1838). Пісаў вершаваныя трагедыі («Апрычнік», нап. 1842, забаронена цэнзурай, выд. 1859; паводле яе аднайм. опера П.​Чайкоўскага), вадэвілі. Аўтар раманаў «Вядзьмар на Сухаравай вежы» (1840, незавершаны), «Няшмат гадоў таму» (ч. 1—4, 1862), «Унучка панцырнага баярына» (1868; напісаны па матэрыялах, сабраных ім у Віцебску, дзе з кансерватыўных пазіцый паказана паўстанне 1863—64), мемуарнай аповесці «Беленькія, чорненькія і шэранькія» (1856), нарысаў-успамінаў пра А.​Пушкіна, В.​Бялінскага, вайну 1812. У «Паходных запісках рускага афіцэра» (1820) акрамя сваіх ваен. уражанняў змясціў запісы пра бел. гарады. Эпісталярная спадчына часоў службы ў Віцебску адлюстроўвае спачувальнае стаўленне аўтара да бел. сялян.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—6. Можайск, 1994.

Літ.:

Петров С.М. Русский исторический роман XIX в. 2 изд. М., 1984. С. 95—142;

Воробьева Т. Лажечников в Витебске // Неман. 1970. № 9;

Симанович Д. Сквозь даль времен. Мн., 1984.

Л.​В.​Календа.

т. 9, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ДНАСЦЬ І СВАЯ́ЦТВА,

адносіны паміж людзьмі, заснаваныя на паходжанні ад агульнага продка (роднасць) або якія ўзнікаюць у мужа і жонкі да іх родных (сваяцтва). У першабытным грамадстве кроўнароднасныя адносіны былі асновай аб’яднання людзей у род, фратрыю, племя, яны характарызавалі формы сям’і. У сучасных сямейных адносінах адрозніваюць роднасць па лініях; прамой (бацькі і дзеці, продкі і нашчадкі), бакавой (браты і сёстры, дзядзькі, цёткі і пляменнікі), узыходнай (ад нашчадкаў да продкаў — напр., унук, сын, бацька, дзед), сыходнай (ад продкаў да нашчадкаў). Бел. назвы кроўнай роднасці па прамой лініі: 1-й ступені — бацька (тата), маці (матка, мама), сын, дачка (пазашлюбных дзяцей наз. бастрамі, байструкамі); няпоўнай роднасці паміж мужам (жонкаю) і дзецьмі ад папярэдняга шлюбу жонкі (мужа) — айчым, мачаха, пасынак, падчарыца; няпоўнай роднасці паміж дзецьмі — брат (сястра) па бацьку ці па маці; усынаўлення — выхаванец, выхаванка (у гаворках — гадаванец, гадаванка, дольнік, дольніца); дзеці мачахі і айчыма лічацца зводнымі братам і сястрой; 2-й ступені — дзед, баба, унук, унучка; 3-й ступені — прадзед, прабаба, праўнук, праўнучка; 4-й ступені — прапрадзед, прапрабаба, прапраўнук, прапраўнучка (гэтыя формы ўжываюцца вельмі рэдка і найчасцей замяняюцца апісальна). Далейшыя ступені кроўнай роднасці наз. агульна: па ўзыходнай лініі — продкі, дзяды, дзяды-прадзеды, па сыходнай — нашчадкі (патомкі). Назвы роднасці 1-й бакавой лініі: брат, сястра, пляменнік, пляменніца. У гаворках са значэннем «пляменнік» трапляюцца нябож, часам — сыновец; са значэннем «пляменніца» — нябога. Назвы роднасці 2-й бакавой лініі: дзядзька, цётка, дваюрадны (стрыечны) брат, дваюрадная (стрыечная) сястра. Назвы 3-й і наступных ліній ужываюцца радзей і звычайна перадаюцца апісальна. Назвы сваяцтва: муж, жонка, у гаворках таксама стары, старая; дзед, баба; гаспадар, гаспадыня. Да слова «муж» сінонімы мужык, чалавек, да слова «жонка» — маладзіца, дружына, жанчына і інш. Даччын муж — зяць; сынава жонка — нявестка (сынавая, сыновая). Мужавы бацькі — свёкар, свякроў (свякруха, свекрыва), жончыны — цешча, цесць; мужаў брат — дзевер, сястра — залвіца (залоўка). Слова «швагер» выражае 3 паняцці: сястрын муж, жончын брат, муж жончынай сястры; швагерка — жончына сястра. Братава жонка — братавая (браціха), братавыя паміж сабой — ятроўкі; дзядзькава жонка — дзядзіна (цётка). Бацькі мужа і жонкі адзін да аднаго — сваты, мацеры — свацці (свахі). У гаворках усе родныя мужа — сваты і свацці ў адносінах да ўсіх родных жонкі і наадварот. Асобна стаяць хросныя бацькі, хросная матка, хросныя дзеці — хроснік (хрэснік), хросніца (хрэсніца), а таксама назвы кум і кума. Усе яны звязаны з царкоўным абрадам хрышчэння. Апрача канкрэтных, ёсць агульныя назвы Р. і с.: радня, родзічы, сваякі, свае, у гаворках таксама радзіна, прырода, сраство, свайство, адроддзе, род і інш. Гл. таксама Роднасць у праве.

Літ.:

Трубачев О.Н. История славянских терминов родства и некоторых древних терминов общественного строя. М., 1959;

Булахаў М.Г. Старабеларускія назвы роднасці і сваяцтва // З жыцця роднага слова. Мн., 1968;

Алгебра родства: Родство. Системы родства. Системы терминов родства. Вып. 1. СПб., 1995.

К.​М.​Панюціч.

т. 13, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)