Умоўны рэфлекс, гл. Рэфлексы
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННАЯ СПРА́ВА,
1) умоўны тэрмін, які ў шырокім разуменні ахоплівае ўсе пытанні, звязаныя з узбр. сіламі, іх развіццём, навучаннем, выкарыстаннем у вайне і інш., а таксама падрыхтоўкай насельніцтва на выпадак вайны.
2) У вузкім сэнсе ваенная справа ва Узбр. сілах Рэспублікі Беларусь абазначае сістэму ведаў, неабходных ваеннаслужачым і ваеннаабавязаным для паспяховага выканання свайго воінскага абавязку.
т. 3, с. 444
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСАБІ́СТЫ НУ́МАР (ваен.),
умоўны нумар (знак), які надаецца афіцэрам Узбр. Сіл Рэспублікі Беларусь адначасова з прысваеннем 1-га афіцэрскага звання для іх персанальнага ўліку.
Асабісты нумар — металічны жэтон устаноўленага ўзору, на якім нанесена вял. літара кірылічнага алфавіту і шасцізначная лічба (напр., А-100105). Захоўваецца за афіцэрамі на ўвесь час службы ва ўзбр. сілах і занатоўваецца ў дакументах персанальнага ўліку. Ва ўзбр. сілах інш. дзяржаў таксама ёсць адпаведныя знакі персанальнага ўліку.
т. 2, с. 17
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКІСЛЕ́ННЯ СТУПЕ́НЬ, акіслення лік,
умоўны паказчык, які характарызуе зарад атама ў хім. злучэннях. У малекулах з іоннай сувяззю супадае з зарадам іонаў, напр., у NaCl акіслення ступень Na + I, Cl – I Na + 1, Cl – 1. У злучэннях з кавалентнай сувяззю за акіслення ступень прымаецца зарад, які атрымаў бы атам, калі б усе пары электронаў гэтай сувязі былі цалкам зрушаны ў бок больш электраадмоўных атамаў. Электронныя пары, абагульненыя аднолькавымі атамамі, дзеляцца папалам. Акіслення ступень выкарыстоўваецца пры складанні ўраўненняў рэакцый акіслення-аднаўлення, пры класіфікацыі неарган. злучэнняў, асабліва каардынацыйных (гл. Комплексныя злучэнні).
т. 1, с. 192
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯЛАГІ́ЧНЫ ГАДЗІ́ННІК,
умоўны тэрмін, які абазначае здольнасць жывых арганізмаў арыентавацца ў часе. У аснове такой арыентацыі ляжыць перыядычнасць фіз.-хім. і фізіял. працэсаў у клетках (гл. Біялагічныя рытмы). Склаўся ў выніку эвалюц. адаптацыі да цыклічнасці працэсаў, што адбываюцца ў навакольным асяроддзі (змена дня і ночы, пораў года) і абумоўлены таксама цыклічнымі ваганнямі геафіз. фактараў (сутачная і сезонная перыядычнасць эл.-магн. поля Зямлі, сонечнай і касм. радыяцыі і інш.). Біялагічны гадзіннік дазваляе прыводзіць фізіялагічныя рытмы ў адпаведнасць з рытмам навакольнага асяроддзя і дае арганізмам і ўнутрыклетачным працэсам магчымасць «прадбачыць» сутачныя, сезонныя, гадавыя або шматгадовыя ваганні асветленасці, т-ры, прыліваў і інш. змен. Найб. яскрава гэта выяўляецца ў сутачных рытмах. У жывёл вымярэнне часу звязана з выпрацоўкай умоўных рэфлексаў на змену ўмоў навакольнага асяроддзя.
т. 3, с. 172
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1661 Адбылося 11.2.1661 у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. 3.9.1654 Магілёў перайшоў без бою на бок маскоўскага войска. Хутка паміж магістратам і рас. вайсковай адміністрацыяй узніклі супярэчнасці. Выбухнуў канфлікт і паміж бел. праваслаўным духавенствам і маскоўскай іерархіяй. Паўстанне пачалося раней запланаванага тэрміну з-за рабаўніцтва і знявагі на рынку маскоўскімі ратнікамі магілёўскіх гандлярак. Пад умоўны вокліч «Пара! Пара!» бурмістр Язэп Левановіч, узброены катаўскім мячом, кінуўся секчы крыўдзіцеляў; зазваніў ратушны звон. На дапамогу мяшчанам прыйшлі выпушчаныя імі ваеннапалонныя. Маскоўскі гарнізон (ад 2 тыс. да 7 тыс. чал. паводле розных крыніц) амаль цалкам быў вынішчаны, ваявода С.С.Гарчакоў трапіў у палон. Найб. актыўныя ўдзельнікі паўстання атрымалі шляхецтва. Магілёву вернута магдэбургскае права, ён быў ураўнаваны ў правах з Вільняй, яму нададзены новы гар. герб.
І.А.Марзалюк.
т. 9, с. 452
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕТЭРАТРО́ФЫ [ад гетэра... + грэч. ...троф(ы)],
гетэратрофныя арганізмы, арганізмы, якія жывяцца гатовымі арган. рэчывамі і не здольныя да першаснага сінтэзу іх з неарган. злучэнняў. Да гетэратрофаў належаць усе жывёлы, чалавек, грыбы, большасць бактэрый, бесхларафільныя наземныя расліны, водарасці. Падзел раслін і мікраарганізмаў на гетэратрофаў і аўтатрофаў умоўны: напр., насякомаедным раслінам (расянка, плывунец і інш.) адначасова ўласцівы фотасінтэз і здольнасць выкарыстоўваць арган. рэчывы. Гетэратрофы, якія жывяцца толькі раслінамі, — фітафагі (усе траваедныя жывёлы), толькі жывёламі — заафагі (большасць драпежных звяроў), рэшткамі жывых арганізмаў — сапрафагі. Паводле спосабу атрымання ежы гетэратрофы падзяляюць на галазойных — жывёлы (жыўленне цвёрдай арган. ежай) і асматрофных — грыбы, бактэрыі (жыўленне растворанымі рэчывамі). У харчовым ланцугу экасістэмы гетэратрофы адыгрываюць ролю кансументаў і рэдуцэнтаў. Разам з аўтатрофамі гетэратрофы забяспечваюць рух арган. рэчываў у біягеацэнозах па трафічных ланцугах і адыгрываюць асн. ролю ў кругавароце рэчываў у прыродзе.
т. 5, с. 209
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЮРЫДЫ́ЗМ,
умоўны тэрмін для абазначэння рэліг.-містычнай плыні ў ісламе, пашыранай на Паўд. Каўказе ў 19 ст. У аснове М. прынцыпы, выпрацаваныя ідэолагамі суфізму ў 12—14 ст., якія ўключалі ідэю роўнасці людзей перад богам у замагільным жыцці, культ беднасці, заклікі да самаадрачэння, самаўніжэння. Гал. ў М. была ідэя джыхаду (газавату) — вайны супраць каланіяльнай палітыкі рус. царызму ў 1820—60-я г. і супраць мусульман, якія былі на баку «няверных» або ўхіляліся ад удзелу ў газаваце. Правадыры гэтай барацьбы імамы Газі-Магамед, Гамзатбек і Шаміль ставілі сваёй мэтай стварэнне імамата — ісламскай тэакратычнай дзяржавы, жыццё ў якой строга рэгламентавалася шарыятам, барацьба з «нявернымі» абвяшчалася гал. умовай рэліг. самаўдасканалення. Тым, хто загінуў за справу ісламу, абяцалася выратаванне і вечнае шчасце. Вял. роля ў імамаце належала мюрыдам, найб. адданым паплечнікам імама, выхаваным у нянавісці да «няверных». Ідэі М. нацыяналісты выкарыстоўвалі на Каўказе ў 1918—21 і пазней.
т. 11, с. 63
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́РКУШ (польскае arkusz),
1) стандартны кавалак паперы, кардону, фанеры і інш. 2) Адзінка вымярэння ў паліграфіі і выдавецкай справе. Адрозніваюць аркуш аўтарскі, улікова-выдавецкі, папяровы друкаваны і ўмоўна-друкаваны.
Аўтарскім аркушам вымяраюць аб’ём літ. твора (рукапіснага і надрукаванага). У бел. паліграфіі роўны 40 тыс. друкаваных знакаў (з прагаламі паміж словамі), ці 700 вершаваным радкам, ці 3 тыс. см² надрукаванага ілюстрацыйнага матэрыялу. Улікова-выдавецкі аркуш — аб’ём друкаванага твора, колькасцю знакаў роўны аўтарскаму, але акрамя аўтарскага тэксту ўключае тытул, рэдакцыйную прадмову, змест, рэкламу, калонтытулы і інш. тэкставы і графічны матэрыял. Служыць для выдавецкага планавання, вызначэння кошту выдання і інш. Папяровым аркушам вызначаюць колькасць выкарыстанай на выданне паперы. Друкаваны аркуш паказвае аб’ём (плошчу) выдання і раўняецца палове папяровага пры стандартных фарматах. Умоўны друкаваны аркуш — адзінка ўліку выдавецкай прадукцыі: папяровы аркуш фармату 60 × 90 см, надрукаваны з аднаго боку. Аб’ём выданняў, надрукаваных на паперы інш. фарматаў, для параўнання паказчыкаў пералічваюць ва ўмоўныя друкаваныя аркушы.
т. 1, с. 482
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)