НАРМА́ЛЬНЫЯ ЎМО́ВЫ ў фізіцы,

1) умовы, што вызначаюцца ціскам p = 101325 Па (нармальная атмасфера) і тэмпературай T0 = 273,15 К (0 °C), пры якіх аб’ём 1 моль ідэальнага газу V0 = 2,24136∙10​−2 м³. Нармальнае паскарэнне свабоднага падзення прымаецца роўным gn = 9,80665 м/с2.

2) Умовы выкарыстання вымяральных прылад, пры якіх т-ра, сілкавальнае напружанне і інш. велічыні, што ўплываюць на іх паказанні, маюць нармальныя значэнні або знаходзяцца ў дапушчальных межах. Для эл. прылад за Н.ў. прымаюцца: т-ра 20 ±2 °C, сілкавальнае напружанне — названае па шкале прылады ±2%, частата ў межах 49—51 Гц.

т. 11, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРЫ́ЖСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1815,

мірны дагавор паміж удзельнікамі 7-й антыфранц. кааліцыі (Расіяй, Вялікабрытаніяй, Аўстрыяй і Прусіяй) і пераможанай Францыяй, падпісаны ў Парыжы 20 ліст. Завяршыў апошнюю з Напалеонаўскіх войнаў (крас.чэрв. 1815), у выніку якой у Францыі ў другі раз быў скінуты з прастола Напалеон I і адноўлена ўлада Бурбонаў (гл. «Сто дзён»), Умовы П.м.д. 1815 былі больш суровымі, чым умовы Парыжскага мірнага дагавора 1814. Францыя, зведзеная да межаў 1790, страчвала важныя стратэг. раёны (Філіпвіль, Саарлуі і інш.), павінна была выплаціць кантрыбуцыю (700 млн. франкаў), утрымліваць войскі саюзнікаў, якія заставаліся на яе тэр. на працягу 3—5 гадоў (фактычна акупацыя спынена ў 1818).

т. 12, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЭРАЛО́ЦЫЯ (ад аэра... + лоцыя),

падрабязнае апісанне авіялініі або раёна дзеяння авіяцыі; дапаўняе палётную карту. Уключае аэраграфічную характарыстыку мясцовасці, апісанне арыенціраў, інфармацыю пра аэрадромы са схемамі заходу на пасадку, пра метэастанцыі, умовы надвор’я і інш.

т. 2, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДКРЫ́ТЫЯ ДАГАВО́РЫ,

двухбаковыя і шматбаковыя міжнар. пагадненні, да якіх могуць далучацца і інш. дзяржавы. Адрозніваюць рэгіянальныя і агульныя адкрытыя дагаворы універсальнага характару. Да першых могуць далучацца дзяржавы пэўнага геагр. рэгіёна, да другіх — любая дзяржава. Умовы далучэння вызначаюцца ў дагаворы.

т. 1, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́БАСКІ МІ́РНЫ ТРАКТА́Т 1743.

Падпісаны паміж Расіяй і Швецыяй у г. Аба (сучасны Турку, Фінляндыя). Завяршыў рус.-швед. вайну 1741—43, якая скончылася паражэннем Швецыі. Пацвердзіў умовы Ніштацкага мірнага дагавора 1721. Устанавіў рус.-швед. мяжу па р. Кюмене (цяпер Кюмі-Іокі, Фінляндыя).

т. 1, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЦО́ЎНЫ ДАГАВО́Р,

пагадненне паміж работнікам і наймальнікам. Паводле П.д. работнік абавязваецца выконваць работу па адной або некалькіх прафесіях, спецыяльнасцях або пасадах адпаведнай кваліфікацыі і выконваць унутраны прац. распарадак; наймальнік абавязваецца прадастаўляць работніку абумоўленую П.д. работу, забяспечваць умовы працы, прадугледжаныя заканадаўствам аб працы, лакальнымі нарматыўнымі актамі і пагадненнямі бакоў, своечасова выплачваць работніку заработную плату. Дагаворнымі бакамі з’яўляюцца наймальнік і работнік, якія знаходзяцца паміж сабой у прац. адносінах на аснове П.д. Па агульным для наймальнікаў правіле не дапускаецца заключэнне П.д. з асобамі да 16 гадоў. П.д. можа быць заключаны з асобай, што дасягнула 14 гадоў, з пісьмовай згоды аднаго з бацькоў (усынавіцеля, папячыцеля) для выканання лёгкай працы, якая не прычыніць шкоды здароўю і не парушыць працэс навучання.

Умовы П.Д., што вызначаюць сукупнасць правоў і абавязкаў дагаворных бакоў, складаюць яго змест. У П.д. павінны быць: звесткі пра работніка і наймальніка; месца работы з указаннем структурнага падраздзялення, куды работнік уладкоўваецца; працоўныя функцыі работніка; асн. правы і абавязкі работніка і наймальніка; тэрмін П.д. (для тэрміновага дагавора); рэжым працы і адпачынку (у выпадку адрознення ад агульнаўстаноўленага); умовы аплаты працы. Паводле пагаднення бакоў у П.д. могуць быць уключаны і інш. (дадатковыя) умовы, абавязковыя для абодвух бакоў. Пасля заключэння П.д. яго бакі набываюць правы і нясуць абавязкі, замацаваныя ў заканадаўстве аб працы, калект. дагаворы і ў лакальных актах наймальніка.

П.д. можа быць заключаны на няпэўны ці пэўны тэрмін, але не больш як на 5 гадоў; на час выканання пэўнай работы; на час выканання абавязкаў часова адсутнага работніка, за якім захоўваецца месца работы; на час выканання сезонных работ. П.д. заключаецца ў пісьмовай форме і падпісваецца бакамі. Пасля заключэння П.д. прыём на работу афармляецца загадам (распараджэннем). Заканадаўства Рэспублікі Беларусь прадугледжвае таксама такі від П.д., як кантракт, які заключаецца на пэўны тэрмін, і мае асаблівасці ў параўнанні з агульнымі нормамі заканадаўства аб працы і прадугледжвае кампенсацыю за пагаршэнне прававога становішча работніка.

М.​І.​Тарасевіч.

т. 13, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЎТАРСКІ ДАГАВО́Р,

пісьмовае пагадненне аўтара (або яго спадкаемцаў) з выдавецтвам, тэатрам, кінастудыяй і да т.п. аб выкарыстанні твора літаратуры, навукі, мастацтва (выдавецкі, пастановачны, сцэнарны і інш. аўтарскі дагавор). Умовы аўтарскага дагавора ў Рэспубліцы Беларусь вызначаюцца цывільным заканадаўствам і інш. нарматыўнымі актамі (гл. таксама арт. Аўтарскае права).

т. 2, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЫ́ТНЫ САЮ́З,

міждзяржаўнае фарміраванне, у рамках якога значна зніжаны тарыфы на правоз тавараў у межах краін-удзельніц і ўстаноўлены агульны мытны тарыф, што забяспечвае аднастайныя для ўсіх членаў умовы прыёму тавараў з інш. дзяржаў. М.с. — больш высокая ступень інтэграцыі ў параўнанні з зонай свабоднага гандлю, але саступае агульнаму рынку.

т. 11, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРА́СІ ((Grassi) Джавані Батыста) (27.5.1854, Равеласка, каля г. Кома, Італія — 10.5.1925),

італьянскі заолаг. Праф. Рымскага ун-та (1895). Працаваў у Павіі, Катаніі, Рыме. Апісаў (разам з іншымі) поўны цыкл развіцця малярыйнага плазмодыю, метамарфоз рачнога вугра, умовы заражэння чалавека некат. гельмінтамі, у т. л. аскарыдай. Прапанаваў практычныя мерапрыемствы па барацьбе з малярыяй.

т. 5, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЙТО́НА-БІЧ (Daytona Beach),

прыморскі кліматычны курорт у ЗША. На ПдУ ад г. Джэксанвіл, на беразе Атлантычнага ак. Вельмі цёплы субтрапічны клімат з гарачым летам, сусветна вядомы пляж (37 км) са шчыльнага белага пяску, багатая расліннасць, іанізаванае паветра ствараюць умовы для адпачынку (асабліва зімовага) і лячэння многіх хвароб. Цэнтр паруснага спорту і турызму.

т. 6, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)